2006-10-28 11:09:01

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( 28 10 06)


Другі сьвятар быў айцец Леў Гарошка (1911–1977). Ён пасьпеў скончыць Наваградзкую беларускую гімназію, перш як польскія ўлады зачынілі яе, i пастанавіў прысьвяціць сваё жыцьцё справе адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Багаслоўе ён вывучаў ва ўкраінскай духоўнай сэмінарыі ў Львове, куды яго прыняў мітрапаліт Шаптыцкі. У 1937 годзе Гарошка атрымаў сьвятарства і працаваў у розных грэка-каталіцкіх парафіях Пінскай дыяцэзіі. Урэшце ў траўні 1939 году польскія ўлады выселілі яго з Стаўпцоў. У вайну экзарх Антон Неманцэвіч прызначыў Гарошку другім сябрам рады Экзархату. Пасьля арышту і сьмерці Неманцэвіча ў турме адказным за экзархат застаўся айцец Гарошка. Пад час нямецкай акупацыі 1941–1944 гадоў Гарошка жыў у Баранавічах, выкладаў беларускую мову i літаратуру ў беларускіх навучальных установах, у тым ліку ў мэдычнай школе, адным з заснавальнікаў якой ён быў. У 1944 годзе перад наступам савецкіх войскаў айцец Гарошка ўцёк у Нямеччыну. У 1945 годзе ён напісаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рым справаздачу пра стан Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі i спытаўся, што рабіць далей. Не атрымаўшы адказу і не пытаючыся ў нікога дазволу, ён дабраўся да Рыму i прыйшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Там нарэшце зьвярнулі на яго ўвагу i нават далі памяшканьне ў Русікуме за кошт Кангрэгацыі. У Рыме айцец Гарошка, атрымаўшы дазвол ад Усходняй Кангрэгацыі, пачаў працу над беларускім малітаўнікам Божым шляхам, які выйшаў на пачатку 1946 году. На той год прыпалі 350-я ўгодкі Берасьцейскай Вуніі 1596 году. З гэтай нагоды папа Пій XII выдаў 25 сьнежня энцыкліку Orientales omnes. Айцец Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што неабходна перакласьці энцыкліку на беларускую мову. Ён таксама настаяў, каб, беручы пад увагу абставіны XX стагодзьдзя, лацінскае слова “Rutheni” (“рускія”) перакладалася як “беларусы i ўкраінцы”. Кангрэгацыя доўга вагалася, але нарэшце згадзілася. Перамога была невялікая, але важная. Да айца Гарошкі ў Рым прыяжджала даволі шмат беларускіх сьвятароў i студэнтаў, але ніводзін зь ix не зрабіў высілкаў, каб царкоўныя ўлады прызналі Беларусь як асобную нацыю з сваімі патрэбамі i памкненьнямі. Можна сьмела сказаць, што назоў “Беларусь” зьявіўся на царкоўнай мапе дзякуючы айцу Льву Гарошку.
Для Сіповіча, сем гадоў адарванага ад усяго беларускага, прыезд двох сьвятароў, не зьвязаных з Друяй ці Вільняй, яшчэ нядаўна актыўна занятых пастырскай працай сярод беларусаў, стаўся адкрыцьцём. Дзякуючы знаёмству зь імі а. Чэслаў глыбей асэнсаваў беларускае пытаньне ў царкоўным i нацыянальным аспэктах. Тым ня менш яго першая рэакцыя была даволі дзіўная. Не пасьпеўшы добра ўведаць новапрыбылых сьвятароў, ён пад час сваіх рэкалекцыяў ужо 20–28 верасьня 1945 году зрабіў наступныя пастановы: «Падтрымоўваць растаропна зносіны для дабра беларускай справы, асабліва для дабра Царквы сьв. на Беларусі. Вельмі тактычна i астарожна быць з кс. П(ятром) Т(атарыновічам), які мае не адзін ад Бога талент, але ўжо крыху стараваты, трусьлівы, без ініцыятывы. З палякамі працаваць астарожна i ўцягваць пакрысе а. Л(ьва) Г(арошку)». У гэтых рэзкіх цьверджаньнях адчуваецца самаўпэўненасьць, магчыма, спароджаная недасьведчанасьцю. Насамрэч айца Гарошку не было патрэбы нікуды “ўцягваць”: ён ужо “ўцягнуўся” ў беларускую рэлігійную працу, як мала хто іншы. Што ж да Татарыновіча, дык ён паказаў ініцыятыву i сьмеласьць, калі пачаў навучаньне пасьля больш як дваццацігадовага перапынку. Працуючы над сваёй доктарскай дысэртацыяй, ён знайшоў час перакласьці на беларускую мову вядомую аповесьць Гэнрыка Сянкевіча Quo vadis i падрыхтаваць да друку малітаўнік для каталікоў рымскага абраду Голас душы. У 1950 годзе пад ягонай рэдакцыяй выйшаў першы нумар часопісу Зьніч, а таксама, дзякуючы ягоным стараньням, распачаліся рэгулярныя беларускамоўныя перадачы на Ватыканскім радыё.
Вайна скончылася, але тое, што прыйшло пасьля яе, нельга назваць супакоем. Сьвет падзяліўся на два варожыя лягеры, кожны зь якіх глядзеў на другога з падазрэньнем i недаверам, але трымаўся асьцярожна, каб не распачаць новай сусьветнай вайны. Урэшце, яшчэ сьвежай была памяць пра атамную бомбу, скінутую на Хірасіму. Між двох лягераў усталявалася “жалезная заслона” – свабодны абмен думкамі або інфармацыяй стаўся немагчымы. Беларусь трапіла ў камуністычны лягер, пад уладу Масквы, дзе панаваў таталітарны рэжым, адсутнасьць свабоды сумленьня i непашана да правоў чалавека. Перад беларусамі, якія апынуліся па той бок “жалезнай заслоны”, паўстала праблема ня толькі як выжыць, але i як зрабіць Беларусь i яе патрэбы вядомымі ў вольным сьвеце.
Тры беларускія сьвятары ў Рыме перадусім ставілі сабе задачу навязаць сувязь зь беларусамі, якіх лёс закінуў у Італію. Сярод жаўнераў Другога Корпусу польскай арміі (Першы Корпус месьціўся ў Вялікай Брытаніі) налічвалася блізу 2000 беларусаў. Трапілі яны туды рознымі спосабамі. Айцец Сіповіч пісаў пра ix 20 сьнежня 1945 году ў Парыж Міколу Абрамчыку: «Адны з ix перайшлі цераз Сібір, Ірак, Палестыну i т. д. Гэта тыя, якія былі вывезеныя савецкімі ўладамі. Другія прыйшлі пасьля развалу немцаў. Першыя фігуруюць як палякі, другія запісаныя як беларусы. З аднымі i другімі падтрымліваем зносіны». Неўзабаве пасьля вызваленьня Рыму ад немцаў туды пачалі прыяжджаць, паасобку або групамі, жаўнеры польскай арміі. Айцец Сіповіч, які добра ведаў Рым, часта выконваў ролю правадніка для такіх групаў. Водзячы ix па Вечным Горадзе, ён паціху стараўся даведацца, ці няма сярод ix беларусаў... Хутка вестка пра беларускага сьвятара ў Рыме разышлася па ўсіх аддзелах польскага войска. Многія беларускія жаўнеры, што прыяжджалі на адпачынак у Рым, самі знаходзілі дарогу на вія Корсіка, дзе жыў айцец Сіповіч. У суботу 3 лістапада 1945 году там адбылася першая беларуская зборка. Айцец Гарошка зрабіў даклад аб рэлігійным становішчы беларусаў на Бацькаўшчыне i на выгнаньні; жаўнер Віктар Сянкевіч расказаў пра лёс беларусаў, змушаных служыць у чужых арміях; а айцец Татарыновіч прачытаў урыўкі з аповесьці Гэнрыка Сянкевіча Quo Vadis ва ўласным перакладзе.
Віктар Сянкевіч вучыўся тады ў гімназіі Сарнана каля гораду Мачэрата, што ў цэнтральнай Італіі. Камандаваньне польскай арміі пад канец вайны стварыла некалькі такіх навучальных установаў, каб жаўнеры, якім вайна перапыніла навуку, маглі атрымаць сярэднюю адукацыю. Сярод вучняў было даволі шмат сьведамых беларусаў. Як правіла, гэтыя маладзёны вучыліся ў беларускіх школах у Беларусі пад час нямецкай акупацыі i трапілі ў Італію толькі пад канец вайны, прайшоўшы празь Нямеччыну i Францыю. Яны ня толькі трымаліся разам, але імкнуліся наладзіць сувязь зь іншымі, больш шматлікімі, беларускімі асяродкамі. Віктар Сянкевіч, вярнуўшыся з Рыму, 15 лістапада пісаў айцу Сіповічу: «Зараз па прыезьдзе з Рыму павінен быў пісаць аж 13 лістоў да сваіх сяброў... Што некалькі дзён робім сабраньні, на якіх абгаворваем розныя тэмы. Апошне пастанавілі маралізаваць (так у тэксьце! Можа “мабілізаваць”? – А.Н.) i зьбіраць у кучку ўсіх сваякоў, каб у як найхутчэйшым часе асягнуць некаторыя мэты. Праца кіпіць. З пісём сяброў (а якіх атрымліваю штомесячна каля 40) даведваемся, што праца над “зьбіраньнем калосься ў адзін сноп” праводзіцца ўсюды, кожным сьведамым беларусам, дзе б ён не паявіўся».
У канцы лістапада 1945 году айцы Сіповіч i Гарошка сустрэліся зь Вінцэнтам Жук-Грышкевічам, вядомым беларускім грамадзкім дзеячам у перадваеннай Вільні. У 1939 годзе яго арыштавалі камуністы, але ў 1941 годзе выпусьцілі як польскага грамадзяніна. Разам з польскім войскам, сфармаваным тады ў Савецкім Саюзе, Жук-Грышкевіч выехаў у Іран i на Блізкі Ўсход i ў 1944 годзе трапіў у Італію. Пад канец вайны яму запрапанавалі месца настаўніка гісторыі ў польскай гімназіі ў горадзе Мадэна ў паўночнай Італіі. Там атайбавалася даволі вялікая суполка беларусаў. Яны часта зьбіраліся ў Жук-Грышкевіча – як настаўнік, ён карыстаўся афіцэрскімі прывілеямі i жыў на прыватнай кватэры.








All the contents on this site are copyrighted ©.