2006-10-24 12:46:20

Эвангелле - гэта праўда. Цыкл, падрыхтаваны філосафам і тэолагам, спадарыняй Марі Крісцін Черуці-Сандрыё.

Аўтарка выкладала ў Сарбоне, з'яўляецца рэlfктарам французскага каталіцкага выдання "Бюлетэнь асацыяцыі Жана Карміньяка", выпусціла кнігу "Эвангелле як рэпартажы" і зараз працуе над новым творам; чытае курс у Інстытуце тэалёгіі пры Белдзяржуніверсітэце.


«ЛІТАРАТУРНЫЯ ЖАНРЫ»
У нашу задачу не ўваходзіць ставіць пад сумненне існаванне літаратурных жанраў, але нас не можа не засмучаць тое, што да Святога Пісання, у прыватнасці да Евангелля, можна ставіцца як да простага літаратурнага твора, які можна падзяліць на фрагменты, адпаведныя розным літаратурным жанрам і складзеныя па законах таго ці іншага літаратурнага жанра. Так, існуюць апакаліптычныя літаратурныя жанры, у якіх аб’яднаныя прароцтвы пра канец свету, дзіўныя здарэнні, што спадарожнічалі смерці і Змёртвыхпаўстанню Хрыста; вядомы літаратурны жанр застолляў, куды сабраныя ўсе «непаразуменні», што здараліся падчас трапезаў, напрыклад, прымнажэнне хлеба і ператварэнне вады ў віно; вылучаюць таксама літаратурны жанр язычніцкага паходжання, куды ўваходзяць, між іншым, з’яўленні анёлаў, пра якіх было вядома яшчэ ў эпоху антычнасці, і да т. п.
Аднак мне здаецца, што трэба патлумачыць, дзякуючы якім інтэлектуальным маніпуляцыям тэорыя літаратурных жанраў у дачыненні да Святога Пісання не заўсёды прыносіць плён. Перш за ўсё нас змушаюць прызнаць – і гэта само па сабе нескладана, – што Біблія, а на гэтай стадыі пад увагу бярэцца толькі Стары Запавет, стылістычна неаднародны твор. Некаторыя яе кнігі або іх часткі належаць да гістарычных аповедаў, другія – да паэтычных твораў, трэція з’яўляюцца своеасаблівымі трактатамі па этыцы і г. д. Потым нас пераконваюць у тым, што Евангеллі складзеныя гэтак жа, узяўшы для прыкладу прыпавесці – аповеды з яскравым сімвалічным і містычным зместам. Пры гэтым замоўчваецца тое, што ў адрозненне ад Старога Запавету, дзе Песня Песняў з яе багатым сімвалічным зместам або Псалтыр з яго захапляльнымі малітвамі не могуць разглядацца як гістарычныя аповеды, Евангелле ад пачатку да канца з’яўляецца гістарычным дакументам. У заключэнні нас пераконваюць у тым, што Евангеллі складаюцца з невялікіх разрозненых аповедаў і што ў аснове гэтых аповедаў ляжыць нешта накшталт матрыцы – аднолькавая, загадзя зададзеная стандартная схема. Атрымліваецца, што ў евангелістаў было нешта падобнае да канвы, па якой яны «вышывалі» ў адпаведнасці з законамі жанра загадзя акрэсленыя аповеды.
Найбольш неацэнным прыкладам у тэорыі «літаратурных жанраў» з’яўляюцца, відаць, цуды, якія, як нам намагаюцца растлумачыць, складзены па агульным шаблоне: «Яны (евангельскія цуды) пабудаваныя па той жа старой схеме, што і язычніцкія: спачатку даецца апісанне хворага, потым ён паўстае перад Хрыстом, далей – словы і дзеянні Хрыста, ацаленне, паказанае праз якую-небудзь выразную дэталь, і напрыканцы – захапленне натоўпу» (Манлубу і Дзюбюі, «Сусветны біблейскі слоўнік», раздз. «Цуды», с. 478). Хацелася б ведаць, ці сапраўды евангелісты пакарысталіся язычніцкай схемаю або такая пабудова аповеду проста прадыктаваная правіламі чалавечага мыслення?
Частка 5:ГІСТОРЫЯ ФОРМАЎ, АБО «ФОРМГЕШЫХТЭ»
Як мы ўжо адзначалі, існуе думка, што ў аснову Евангелляў пакладзены выслоўі Езуса. На думку экзэгетаў, словы, сказаныя Езусам, яго ўчынкі некалі існавалі ў сваім аўтэнтычным кантэксце, а значыць неслі свой сэнс, але ні сэнс, ні кантэкст не дайшлі да нас. Гэтыя словы, гэтыя ўчынкі проста-напраста «выжылі» або «ўсплылі» сярод мноства выслоўяў Езуса. У гэтым вялікім матэрыяле цалкам недасведчаныя ў першапачатковым сэнсе гэтых выслоўяў раннія хрысціянскія супольнасці павінны былі «вылавіць» тое, што ім падыходзіла, каб потым «уманціраваць» у цалкам новы кантэкст, які адпавядаў іх надзённым (веравызнаўчым, літургічным, палемічным) патрэбам.
Возьмем для прыкладу гісторыю з размнажэннем хлеба. Сапраўднае размнажэнне хлеба, як мне неяк патлумачылі на біблейскіх курсах, хутчэй за ўсё, адбывалася наступным чынам: натоўп, затаіўшы дыханне, слухае Езуса, а Ён так пранікнёна гаворыць пра любоў да бліжняга, нават да ворагаў, пра міласэрнасць і г. д., што людзі, расхваляваўшыся, вырашаюць падзяліцца са сваімі суседзямі тым нямногім, што яны ўзялі з сабою з дому, і вось у выніку гэтай хвалі салідарнасці сталася так, што ў пустынным месцы было дастаткова ежы для ўсіх і нават з лішкам. Што ж, гэта сапраўды цуд! – гавораць нашы апаненты (але калі яны так гавораць, то маюць на ўвазе якраз адваротнае). Пра гэты цудоўны дастатак ежы пасярод пустыннага месца было засведчана ў зборніку «выслоўяў», але з часам цалкам забыта. Праз дзесяцігоддзі ў імя вучэння аб Эўхарыстыі (не вельмі зразумела, адкуль яно ўзялося, хутчэй за ўсё, таксама зазнала «гісторыю формаў») некаму прыйшло ў галаву пакарыстацца ў рамках катэхізатарскай мэты гэтай цудоўнай гісторыяй пра размнажэнне хлеба. Гэты нехта прыўносіць у гэту гісторыю разважанні пра хлеб жыцця і ўпарадкоўвае кантэкст такім чынам, каб ён мог паўстаць як грандыёзнае знаменне Езуса – вось вам і гісторыя пра размнажэнне хлеба, якую сёння мы ўсе добра ведаем.
Для абгрунтавання сваёй тэорыі аўтары «формгешыхтэ» ўзялі на ўзбраенне дзве тэзы: па-першае, тое, што Евангеллі з’яўляюцца сумай невялікіх, не вельмі добра, а часцей і зусім не звязаных паміж сабою эпізодаў; па-другое, кожны евангельскі эпізод мае пэўную мэту, скіраваны на раскрыццё пэўнай ідэі, на абгрунтаванне якога-небудзь паняцця.
У гэтай гісторыі больш за ўсё засмучае той факт, што ў адэптаў «формгешыхтэ» няма сумнення ў тым, што евангелісты маглі дазволіць сабе выдумляць нібыта страчаны сэнс выказванняў Езуса, што яны маглі самі стварыць адпаведны кантэкст, напаўняючы яго тым, што ім было зручна, інакш кажучы, што яны маглі дазволіць сабе аддаць перавагу таму, што ім было выгадна (няхай нават і з высакароднай мэтай), не зважаючы на праўду.
Згадаем, што першыя хрысціяне, як і хрысціяне наступных пакаленняў, ішлі на смерць за Хрыстову веру і Евангелле. Ці рабілі б яны гэта, калі б Евангеллі былі стварэннем іх уласных рук? хххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххххх
(Працяг будзе у наступны аўторак. Аўтар - Марі Крісцін Черуці менавіта зараз рыхтуецца да чарговых лекцый, якія распачне у Мінску ў сярэдзіне лістапада.)
Пераклад з французскай мовы Алены Ціханавай.












All the contents on this site are copyrighted ©.