2006-10-21 13:41:25

Радыё Ватыкана далучаецца да віншаванняў, што сёння, 21 кастрычніка атрымлівае шаноўны кардынал Казімір Свёнтак : ад сваіх духоўных дзяцей - католікаў Беларусі і беларусаў з цэлага свету, а таксама ўсіх людзей, якіх напрацягу доўгаплённага жыцця сустрэў наш каталіцкі патрыярх .Кардынал Казімір з'яўляецца сведкам і ахвярай пераследвання каталіцкай веры ,будаўніком яе адраджэння на Беларусі. AD MULTOS ANNOS !


Апостальскi адмiнiстратар Пінскай дыяцэзіі Кардынал Казімір Свёнтэк , Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі, неаднаразова быў госцем эфіру нашай беларускай праграмы. На чале пілігрымкі католікаў Беларусі да Рыму вітаў на беларускай мове свайго старэйшага, хаця па гадах і маладзейшага, сябра і паплечніка ў справе Гасподняе - Папу Яна Паўла 2. Эмінэнцыя Казімір стаяў ля вытокаў адраджэння хрысціянскае Царквы на Беларусі, якой не даваў загінуць ад самога пачатку свайго пастырскага паслугоўвання ў цяжкія часы атэістычных ганенняў.
Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся ў 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям'ю саслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. ў тамтэйшай катэдры ён быў высвечаны на святара і скіраваны на працу ў Пружаны. Тут быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., не дала выканаць пачварны прысуд. У 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў - спачатку ў Сібіры, а потым у Інце каля Варкуты,за Палярным кругам. Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць Святую Імшу ў касцёле. Дзякуючы працы ксяндза Казіміра Свёнтка яшчэ тады адбудавана Пінская катэдра -адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі. Kсёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл - Народ Божы, жывымі камянямі якога з'яўляюцца вернікі.Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі. Пастырская актыўнасць кс. пралата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітуе парафіі, устанаўлівае дэканаты, стварае патрэбныя для Касцёла структуры, бароніць правы вернікаў, актыўна ўдзельнічае ў Сінодзе біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых сусветных касцёльных арганізацыях, на міжнародных форумах, канферэнцыях і г.д.
У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ падносіць яго да годнасці кардынала - найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага і мудрага сведкі веры. Гэта таксама прызнанне пазіцыі Царквы Беларусі і ягонай ролі ў сусветным Касцёле.
Ксёндз кардынал яшчэ з большай энергіяй і адвагай складае праграму адраджэння духоўнасці і падрыхтоўкі каталіцкага Касцёла на Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 Года. У гэтай праграме асаблівае месца прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш Мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасля яе ўтварэння) дыяцэзій, які ксёндз кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце». 11 лютага 1999 г. ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі - гэта падкрэслівае яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне. 27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду “Fidei testis” (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI. 14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.
Кардынал Казімір з'яўляецца сведкам і ахвярай пераследвання каталіцкай веры , будаўніком яе адраджэння на Беларус,якое пачынаў і працягвае штодня. Сто Лят!










All the contents on this site are copyrighted ©.