Пасланне Святога Пасада з нагоды індуістскага свята "Дівалі".
Магчымасцю і доўгам паслядоўнікаў розных рэлігій з’яўляецца дэманстрацыя любові Бога
да ўсіх істотаў, асабліва да людзей, і аб’яднаўшы свае высілкі, вернікі павінны спрыяць
асягненню справядлівасці для ўсіх і выкараненню нянавісці з уласных сэрцаў. “Пераадоленне
нянавісці любоў’ю” – такую назву мае пасланне Папскай рады да спраў міжрэлігійнага
дыялога, накіраванае індуістам з нагоды іх традыцыйнага свята Дівалі. Трохдзённае
свята Дівалі з’яўляецца адным з самых галоўных для прыхільнікаў гэтай рэлігіі, якіх
у свеце налічваецца каля 811 млн. чалавек. Свята Дівалі сімвалізуе сабой перамогу
праўды над хлуснёй, света над цемрай, жыцця над смерцю, дабра над злом. “Рэчаіснасць
любові цесна злучана з ісцінай, святлом, дабром і жыццём. Я б жадаў адзначыць тэму
любові, дзякуючы якой прыхільнікі розных рэлігій закліканы пераадольваць зло нянавісці
і недаверу ў сучасным грамадстве. Я ўпэўнены, што пераадоленне нянавісці любоў’ю,
узбагачанай у святле рэлігійных традыцый, прынясе карысць усяму грамадству”, - адзначана
ў пасланні, подпіс пад якім паставіў кардынал Поль Пупар. “Пан любіць усіх людзей
без выключэння, і Ягоная любоў не мае ніякіх умоў. Вельмі важна, каб прыхільнікі розных
рэлігій разам заявілі свету, што нянавісць магчыма перамагчы любоў’ю. Нягледзячы на
ўсі асягненні навукі і тэхнікі, кожны дзень мы бачым пакуты, а таксама матэрыяльную
і духоўную галечу. Маральная і духоўная галеча, выкліканая нянавісцю ў сэрцах людзей,
можа быць пераадолена вернікамі, поўнымі любові і спачування. Любоў стварае давер,
а ён з’яўляецца асновай сапраўдных адносінаў паміж прадстаўнікамі розных рэлігій”,
- падкрэсліваецца ў пасланні Папскай рады да спраў міжрэлігійнага дыялога.