2006-10-17 13:48:50

Пастырскі зварот Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі з нагоды 410 годдзя Берасьцейскай Царкоўнай Вуніі ( заканчэньне)


У блаславёны час 410-годдзя Берасьцейскай Уніі мы, беларускія грэка-католікі, прагнем выказаць нашую глыбокую ўдзячнасьць за Айцоўскі клопат аб нашай Царкве ўсьцяж стагоддзяў Рымскім Архірэям - Найвышэйшым Пастырам Паўсюднай Царквы. Асаблівую адданасьць у веры, надзеі і любові выказваем Яго Сьвятасьці Папу Рымскаму Бенядыкту XVI. Нядзелю 8 кастрычніка 2006 адзначаем як дзень асаблівай малітвы і салідарнасьці са Сьвятым Айцом.
У гэты дзень у нашай агульнацаркоўнай малітве хочам выказаць нашую жывую падзяку таксама і Рымскай Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, якая ад імя Сьвятога Айца клапоціцца пра нашую Царкву. Шчыра просім Госпада, каб Найдастойнейшага Кардынала Прэфэкта - Яго Блаславенства Патрыярха Ігната Майсея І Дауда і ўсіх Пачэсных Супрацоўнікаў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў захаваў у Сваёй ласцы і здароўі на многія леты - ad multos annos!
За каштоўную апеку дзякуем усім Апостальскім Нунцыям у незалежнай Беларусі, а асабліва дзейснаму Прадстаўніку Сьвятога Айца у нашай Краіне – Апостальскаму Нунцыю Высокадастойнаму Архібіскупу Марціну Відавічу.
Пасьля 16-ці гадоў аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці грэка-каталіцкіх парафіяў на Беларусі з асаблівай увагай прымаем ягоныя словы, якія ён накіраваў да нас у Полацку ў мінулым месяцы ліпені:
“У сьвятле Сулучнасьці сьвятых, узгадваем нашых шматлікіх братоў, якія на працягу стагоддзяў склалі сведчаньне Ісусу Хрысту на гэтай узьлюбленай зямлі. Сярод іх знаходзяцца: Сьвяты Архібіскуп Полацкі Язафат Кунцэвіч (+1623), мучанік за Еднасьць Царквы; Святыя манахіні Еўфрасіньня (+1173) і Параскева Полацкія; Блаславёны святамучанік Мікалай Чарнецкі (+1959).
У гэтай жа групе сьведкаў веры знаходзяцца таксама Слугі Божыя Фабіян Абрантовіч і Андрэй Цікота - Архімандрыты Марыяне (МІС), загінуўшыя ў сталінскіх турмах за вернасьць Наступцы Сьвятога Апостала Пятра, Біскупу Рыма - першы ў 1946 годзе, а другі ў 1952 годзе; Айцец Антон Неманцэвіч, езуіт (SJ), Апостальскі Адміністратар, які загінуў у нацысцкай турме ў Мінску ў 1943 годзе, а таксама пяцёра Пакутнікаў манахаў-Базыльянаў, што былі замучаныя ў 1705 годзе ў катэдральным саборы Сьвятой Сафіі ў Полацку ды Біскуп Чэслаў Сіповіч, марыянін (МІС), Апостальскі Візітатар для беларусаў Замежжа, які памёр у Лондане ў 1981 годзе – значыць 25 год таму” (Гамілія ў Полацку, 16 ліпеня 2006 г.).
Сёньня, мы беларускія католікі ўсходняга абраду, разам з католікамі лацінскага абраду, падмацаваныя подзьвігам мучанікаў i сьведкаў мінулых стагоддзяў, а асабліва мучанікаў таталітарных рэжымаў новага часу, асэнсоўваем сваё пакліканьне да супольнага сьведчаньня веры Хрыстовай. З найвялікшай руплівасьцю хочам ”захоўваць сьвятую спадчыну сьведчання Ісуса (пар. Адк 12, 17), якое было нам перададзена і якое мы маем у Сулучнасьці ўсёй Царквы – адзінай, сьвятой, каталіцкай (паўсюднай) і апостальскай” (пар. Гамілія ў Полацку, 16 ліпеня 2006 г.). Хочам аб’ядноўваць намаганьні дзеля супольнага абвяшчэньня сучаснаму чалавеку ў Беларусі Божае Праўды праз Адзінства ў Любові, таму што “Deus caritas est” (Бог ёсьць Любоў).

4. На працягу стагоддзяў беларускія грэка-католікі шмат разоў атрымоўвалі каштоўную духовую падтрымку з боку ерархаў, сьвятароў, манахаў і манахіняў, а таксама сьвецкіх вернікаỳ Лацінскага Касьцёла на Беларусі. З асаблівай удзячнасьцю захоўваем у памяці Слугу Божага Біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага. Каштоўную духовую, маральную і арганізацыйную падтрымку з боку нашых братоў католікаў лацінскага абраду ў Беларусі мы атрымоўваем і сёньня.
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква на працягу стагоддзяў атрымоўвала таксама шматразовую ды каштоўную духовую падтрымку з боку ерархаў Украінскае Грэка-Каталіцкае Царквы. У нашай памяці застаецца апека і падтрымка, якую нястомна аказваў Беларускай Царкве Слуга Божы Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, а таксама ахвярнае пастырскае служэньне Блаславёнага мучаніка Ўладыкі Мікалая Чарнецкага. З першых месяцаў адраджэньня душпастырскае дзейнасьці нашых парафіяў у 1990 годзе мы атрымалі важкую падтрымку з боку сьветлае памяці Мітрапаліта Уладзіміра Стэрнюка ды іншых Ўладыкаў УГКЦ.
Таму сёньня мы, беларускія грэка-католікі, хочам выказаць нашую глыбокую ўдзячнасьць як усім каталіцкім ерархам, духавенству і вернікам лацінскага абраду ў Беларусі, так і ерархам, духавенству і вернікам Украінскае Грэка-Каталіцкае Царквы.
Разам радуемся нашай прысутнасьці ў Паўсюднай Царкве. Ганарымся супольным сьведчаньнем адзінства ca Сьвятым Айцом Папам Рымскім. Дзякуем Духу Сьвятому, Госпаду і Жыватворцу, за подзьвіг мучаніцтва нашых братоў, якія за справу адзінства вучняў Хрыстовых пакрылі расой крыві сваёй нашыя землі. У супольнай малітве хочам праслаўляць духоўны подзьвіг усіх нашых братоў, як усходняга, так і лацінскага абраду, што спрычыніліся да рэалізацыі плянаў Божых “і будзе адзін статак і адзін Пастыр” (Ян 10,16).
У малітве дзякуем Госпаду і за ўсю духовую і маральную дапамогу, якую грэка-каталіцкія Супольнасьці ў Беларусі атрымалі ад беларускіх грэка-католікаў Замежжа, асабліва ад Беларускае Місіі ў Лёндане, на чале з Апостальскім Візітатарам Дастойным Айцом Мітратам Аляксандрам Надсанам. Зробленыя ім пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову ўяўляюць з сябе для беларускіх грэка-католікаў каштоўную крыніцу духовага багацьця.
У духу адказнай веры глядзім сёньня на нашае хрысьціянскае пакліканьне, на нашае духовае служэньне Беларускаму Народу. Хочам “ісьці наперад з мужнасьцю, якая паходзіць ад Бога, і з надзеяй, ускладзенай на Яго”. (пар. Гамілія Апостальскага Нунцыя ў Полацку, 16 ліпеня 2006 г.).
Адначасова хочам маліцца за разьвіцьцё Грэка-Каталіцкае Царквы ў Беларусі, за яе кананічнае ды ерархічнае завяршэньне і за магчымасьць плённага сьведчаньня аб каштоўнасьці Каталіцкай Сулучнасьці перад усімі хрысьціянамі і людзьмі добрай волі ў нашай незалежнай Бацькаўшчыне – Беларусі.
 Хай праз малітвы сьвятамучаніка Язафата
і ўсіх Заступнікаў Беларускага Народу
Госпад шчодра блаславіць нашае сьведчаньне еднасьці і любові.
Менск, 8 кастрычніка 2006 году,
410 год пасьля Берасьцейскага Унійнага Сабору.


+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі









All the contents on this site are copyrighted ©.