2006-10-16 12:02:46

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Сіповіч, здаецца, ад самага пачатку ведаў пра нататку Бучыса. Празь дзевяць гадоў, 8 траўня 1951 году, ужо зь Лёндану ён зьвяртаўся да Бучыса: «Мне добра ведама, што Ваша Эксцэленцыя пісаў аб беларусах у Сьв. Усх. Кангрэгацыю і то тады, калі іншыя мала або й зусім беларусамі не цікавіліся... Жыцьцё аднак пайшло наперад і ставіць іншыя вымогі. Дзеля таго ня з усімі Вашымі плянамі і сугэстыямі, якія Вы давалі Сьв. Кангрэгацыі, сяньня беларусы згодзяцца (маю на думцы ваш трактат: “De missione orientali inter alborussos” ад 12.1.1942 г.). Каталіцтва на Беларусі павінна разважацца ў такім самым маштабе, як, прыкладам, у Нямеччыне, у Літве , на Ўкраіне etc. – гэта значыць, Беларусь павінна мець собскае духавенства, собскую вышэйшую герархію, залежную вылучна ад Рыму».
22 ліпеня 1942 году Бучыс меў доўгую гутарку зь Сіповічам пра Беларусь. Вось галоўныя думкі, запісаныя ў “Хроніцы: «Ёсьць фактам – казаў (Бучыс. – А.Н.) што беларусы сяньня разьеднаны: адны падчорківаюць сваю нацыянальнасьць як асобую сярод славянаў, другія лічаць сябе палякамі, а некаторыя расейцамі. Пры гэтым зьяўляецца трайная магчымасьць выбару: прыналежнасьць да Польшчы або да Расеі, або самастойнасьць і незавісімасьць. За прыналежнасьцю да Польшчы стаіць тое, што яна каталіцкая; за прыналежнасьцю да Расеі тое, што беларусы католікі ў рэлігійных адносінах маглі б лучаваць (праменіць? – А.Н.) на ўсю Расею. З абоіх, аднак, бакоў гразяць беларусам небясьпекі, і вымагалася б ад беларусаў ахвяр. Вось жа што выбіраць беларусам як лепшае Владыка не асьмельваецца паказаць і пакідае гэта самім беларусам. Аб сваіх ахвярах хай рашаюць самі». Маленькі эпізод, які кідае сьвятло на мэнтальнасьць гэтага чалавека. Хрыстос устанавіў Царкву, каб даць магчымасьць людзям – адзінкам і группам – разьвіць поўнасьцю іхны духоўны патэнцыял аж да Божага ўсынаўленьня. Бучыс жа хацеў узалежніць лёс усёй нацыі ад абстрактнага панятку дабра Царквы. Прыгадваецца гісторыя з а. Канстантынам Стэповічам: яму, яшчэ маладому на той час вікарнаму сьвятару, пробашч забараніў размаўляць зь людзямі па-беларуску, бо «гэтага вымагае касьцельная палітыка».
Іншы эпізод, запісаны ў “Хроніцы”, адбыўся 26 лістапада 1943 году: «Айцец Енэрал сабраў усіх усходнікаў да сябе і абгаварыў з імі справу правідловых адносінаў да рознага роду нацыяў і нацыяналізму. Пры гэтым ён моцна падчыркнуў, што для Царквы не адносяцца беспасярэдня такія пытаньні як: “Будзе Расея складацца з Украіны і Беларусі ці бяз іх”. Дзеля гэтага папеж, памагая ў Рыме Ўкраінскай калегіі, сочыць патрэбы Царквы, а не народу беспасярэдня ўкраінскага». “Усходнікамі”, апрача Сіповіча, былі два расейскія студэнты-багасловы, якіх Абрантовіч у 1939 годзе прывёз з сабою ў Рым з Харбіну. У тым часе кожная згадка пра незалежнасьць Беларусі і Ўкраіны выклікала алергію ў расейцаў усіх палітычных кірункаў.
У сярэдзіне 1943 году было зразумела, што вайна, хоць і ня страціла сваёй лютасьці, набліжалася да канца. 9 ліпеня альянты (брытанцы і амэрыканцы), перамогшы немцаў і італійцаў у Афрыцы, высадзіліся на Сыцыліі. Такім чынам, вайна перанеслася на італійскую тэрыторыю. 19 ліпеня альянты першы раз бамбавалі Рым. Італійцам гэтага хапіла: 25 ліпеня яны скінулі фашыстоўскі рэжым Мусаліні і распачалі перамовы аб замірэньні. Нямецкія войскі, што дагэтуль знаходзіліся ў Італіі як хаўрусьнікі, сталіся акупантамі. Пасьля другога бамбаваньня 13 жніўня Рым абвясьцілі адкрытым горадам, г. зн. вольным ад усякіх ваенных аб’ектаў. Альянты вызвалілі яго 4 чэрвеня 1944 году.
Раздзел: Пачатак апостальскай дзейнасьці
Па вайне ў Італіі апынулася даволі шмат беларусаў. Многія зь іх як былыя польскія грамадзяне служылі жаўнерамі ў г. зв. польскім Другім Корпусе. Вядомы таксама як “Армія Андэрса” – паводле прозьвішча ягонага камандзіра генэрала Ўладыслава Андэрса – гэты Корпус уваходзіў у склад брытанскіх узброеных сілаў. Неўзабаве па спыненьні ваенных дзеяньняў у траўні 1945 году пачалі зьяўляцца i цывільныя ўцекачы, пераважна зь Нямеччыны ды Аўстрыі.
Увосень 1945 году ў Рым прыехалі два беларускія сьвятары. Адзін зь іх, айцец Пётра Татарыновіч (1886–1978), сьвятар рымскага (лацінскага) абраду, перад вайной працаваў у Пінскай дыяцэзіі, дзе яго перакідалі з парафіі ў парафію, каб сваёй беларускасьцю не нарабіў палякам шкоды. Ён сябраваў з айцом Адамам Станкевічам, пісаў у Хрысьціянскую думку i быў аўтарам некалькіх кніжак. Як згадвалася вышэй, у вайну а. Татарыновіч ачольваў беларускую парафію ў Варшаве. Улетку 1944 году з набліжэньнем савецкіх войскаў ён пакінуў Варшаву i падаўся на Захад. Канец вайны засьпеў яго ў Нямеччыне. Увосень 1945 году ён прыехаў у Рым, дзе, нягледзячы на свой век (яму было 49 гадоў), пайшоў вучыцца ў Папскі Ўсходні Інстытут i ў 1949 годзе абараніў доктарскую працу пра духоўнае вучэньне сьвятога Кірылы Тураўскага. Айцец Татарыновіч застаўся ў Рыме да канца жыцьця.








All the contents on this site are copyrighted ©.