2006-10-07 08:42:54

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Пытаньне духоўнай апекі беларускай каталіцкай грамадой у Варшаве разьвязалася, калі на пачатку лютага туды прыехаў айцец Пётра Татарыновіч, вядомы беларускі сьвятар, пісьменьнік і дзеяч, якому давялося выехаць зь Беларусі пад пагрозай арышту. Ён хутка зарганізаваў парафіяльнае жыцьцё, а ў верасьні таго самага году быў прызначаны настаўнікам рэлігіі ў беларускай школе. Як зазначыў Сіповіч у сваёй “Хроніцы” 21 сакавіка 1942 году, польскі марыянскі правінцыял а. Собчык – той самы, які не хацеў гаварыць зь беларусамі, – напісаў у Рым пра прыезд Татарыновіча ў Варшаву. У сваім лісьце ён таксама пісаў пра беларускіх марыянаў у Польшчы, асабліва пра а. Дашуту, які рваўся ў Друю, але правінцыял Собчык ня даў дазволу, бо ў Друі ўжо хапала польскіх марыянаў, a Дашута быў патрэбны ў Польшчы. 22 красавіка Сіповіч атрымаў з Варшавы ліст ад другога беларускага марыяніна, а. Віталіса Хамёнка, у якім той пісаў: «Магчымасьць можна было б вырабіць на паварот з выгнаньня ў Друю і ўсе б мы хацелі як птушкі паляцець, але мусемо свае пажаданьня ўзалежніць з воляй Божай і пшэложоных (старэйшых)».
Варшаўскі інцыдэнт, відаць, не даваў спакою Сіповічу. Як беларус, ён адчуваў крыўду, учыненую беларусам. Як марыянін, шчыра прывязаны да свайго закону, Сіповіч імкнуўся апраўдаць учынак законных уладаў. Сярод ягоных папераў ёсьць копіі лістоў Варшаўскага Беларускага Камітэту і адказу Бучыса, а таксама, на асобным кавалку паперы, ягоныя заўвагі да іх. Ён падае наступныя магчымыя прычыны, чаму марыяне адмовіліся дапамагчы беларусам:
«1. Нямецкая палітыка і дзеля таго правінцыял не хацеў гутарыць;
2. Беларусы могуць заспакоіць свае патрэбы рэлігійныя ў польскіх касьцёлах: каталіцтва вышэй нацыі (падкрэсьлена Сіповічам. – А.Н.); нацыяналізм беларускі;
3. Чаму privato modo не напісаў ніхто з сваіх беларусаў?»
Усе тры прычыны не вытрымліваюць крытыкі. Нямецкая палітыка не перашкодзіла а. Татарыновічу плённа працаваць цягам наступных двох гадоў. Што да другой прычыны, дык у Варшаве былі не адзінкі беларусаў каталікоў, а вялікая грамада. Іхнае жаданьне мець сваю парафію з казанямі і навучаньнем рэлігіі для дзетак на роднай мове, дзе б гучалі свае рэлігійныя сьпевы, зусім зразумелае і ня мае нічога супольнага з нацыяналізмам, а, наадварот, паказвае, што беларусы каталікі даражылі сваёй верай. Дый супрацьстаўленьне “каталіцтва – нацыя” ў аснове сваёй фальшывае, бо гэта два розныя паняткі, ніяк не супярэчныя адно другому. Трэцяя прычына – зусім непаважная і выглядае на спробу зваліць бяду з хворай галавы на здаровую. Яна нагадвае судовую пастанову прыстава Кручкова зь вядомай камэдыі Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. Той, разгледзеўшы справу бойкі між двума шляхцічамі, пакараў усіх, нават тых, хто не прысутнічаў, бо, ня будучы прысутнымі, яны ня бачылі бойкі і таму не маглі яе спыніць. Дый што гэта за “свае беларусы”, якія мусілі напісаць і не напісалі?
Безумоўна, трэба ўзяць пад увагу, што Сіповіч тады быў яшчэ маладым сьвятаром і ня меў пастырскага досьведу. Пазьней у жыцьці, калі яму амаль на кожным кроку даводзілася бараніць правы беларусаў і беларускай мовы ў Царкве, ён, напэўна, не спрабаваў бы апраўдаць тое, што не падлягала апраўданьню.
Між тым марыяне па-ранейшаму жылі ў Друі. Адзін зь іх, паляк зь Беларусі, айцец Антон Ляшчэвіч (1890–1943), правёў большую частку свайго сьвятарскага жыцьця на Далёкім Усходзе, у тым ліку ў Харбіне. У 1938 годзе ён вярнуўся ў Польшчу і ўступіў у марыянскі закон. Навіцыят адбыў у польскім горадзе Скужэц і ў жніўні 1939 году, за тыдзень да пачатку вайны, прыехаў у Друю. Другім марыянінам быў Юрай Кашыра (1904–1943), адзін зь беларускіх айцоў, выселеных з Друі ў 1938 годзе. На пачатку вайны ён трапіў у Летуву, дзе прабыў блізу трох гадоў. У 1942 годзе вярнуўся ў Друю. Абодвух айцоў немцы жыўцом спалілі разам зь іхнымі парафіянамі, якіх аа. Ляшчэвіч і Кашыра адмовіліся пакінуць, у вёсцы Росіца на поўнач ад Друі 17–18 лютага 1943 году. Вестку пра іхную пакутніцкую сьмерць атрымалі ў Рыме 10 траўня, а пацьверджаньне – 10 чэрвеня. У 1999 годзе папа Ян Павал II абвясьціў гэтых двох сьвятароў блаславёнымі.
12 студзеня 1942 году Бучыс склаў нататку пад назовам “De missione orientali inter alborussos” (Пра ўсходнюю місію сярод беларусаў). З падобнай просьбай да яго зьвярнулася Ўсходняя Кангрэгацыя, напэўна, таму, што ўвосень 1939 году мітрапаліт Шаптыцкі заснаваў чатыры экзархаты (у тым ліку Беларускі). Рым пасьля доўгіх ваганьняў і першапачатковай адмовы ўрэшце неахвотна іх зацьвердзіў. На чале Беларускага экзархату Шаптыцкі паставіў айца Антона Неманцэвіча, беларускага езуіта ўсходняга абраду. У ліпені 1942 году немцы арыштавалі а. Неманцэвіча, і ён памёр у турме ў часе эпідэміі тыфусу71.
Большая частка нататкі Бучыса складалася з павярхоўных зьвестак, узятых зь беларускіх календароў за 1938 і 1939 гады, артыкулаў у газэце Крыніца, што выходзіла ў Вільні ад кастрычніка 1939 да ліпеня 1940 году, і да т. п. крыніцаў. Больш цікавыя ягоныя высновы. Вось галоўныя зь іх: «Беларусь зьяўляецца часткаю ўласна Расеі... у наш дзень няма лепшага мосту між каталіцызмам і Расеяй, як Беларусь... Навернутая, Беларусь здолее даць дастатковую колькасьць працаўнікоў, здатных навярнуць усю Расею... Цяпер неадпаведны час, каб гаварыць падрабязна, як зарганізаваць беларускую місію для навяртаньня Расеі. Тым ня менш зусім ясна, што ўся каталіцкая герархія на тэрыторыі Беларусі мусіць мець перакананасьць у неабходнасьці гэтай місіі і яе асноўных прынцыпах... Пяты прынцып вельмі далікатны: ён кажа быць асьцярожным у публічным прызнаньні нацыянальнай незалежнасьці Беларусі ў Вялікай Расеі, каб гэта не прывяло да варожасьці між Беларусяй і Расеяй і не пашкодзіла будучай працы па навяртаньні апошняй. З другога боку, беларускі патрыятызм ужо добра прачнуўся, і таму адмаўленьне незалежнасьці можа лёгка стаць перашкодаю для навяртаньня беларусаў некаталікоў. Такім чынам, ад біскупаў Беларусі патрабуецца незвычайная абачлівасьць»72.








All the contents on this site are copyrighted ©.