2006-09-30 11:06:46

Убачыла свет цікавая кніга аб хрысціяна-мусульманскіх адносінах.


У Iталіі надрукавана кніга “Хрысціяне, якія прыйшлі з іслама”. Яе напісаў галоўны рэдактар каталіцкай газеты “Аввеніре” Джорджо Паолуччі разам з маранітскім епіскапам Камілем Эідам.
У кнізе сабраны сведчанні мусульманаў, што жывуць у Iталіі, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, прынялі Хрост. Як заявіў сам спадар Паолуччі, “гэта спроба вынесці на святло нейкі айсберг. У той час, як заходнія людзі, што перайшлі ў іслам, зрабіліся вядомымі, выступаюць па тэлебачанню, узначальваюць ісламскія арганізацыі і не маюць праблемаў гласнасці, мы шукалі людзей, якія па натуры ўласнага вопыта з цяжкасцю могуць пазнаёміць іншых з тым, што з імі адбылося, нават калі яны вельмі задаволены гэтым”.
“Гутарка ідзе аб мусульманах, якія прынялі хрысціянства. Гэтыя людзі па ўласнаму свабоднаму выбару пайшлі насустрач дыскрымінацыі, пагрозам і, у некаторых ісламскіх краінах, пазбаўленню грамадзянскіх праў і рызыце смяротнага пакарання. Часта яны адштурхоўваюцца ўласнымі роднымі і сябрамі, бо іх абвінавачваюць у адступленні ад веры”, - паведаміў каталіцкі журналіст.
Першай праблемай было знайсці людзей, якія навярнуліся з іслама ў хрысціянства. Усе мы чулі аб Абдуле Рахмане, 41-гадовым афганце, які ў сакавіку бягучага года быў абвінавачаны ў адыходзе ад веры, быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але быў выратаваны дзякуючы міжнароднай грамадскасці і цяпер жыве ў Iталіі. … Нашай задачай было пазнаёміцца з гісторыяй і асобамі людзей, якія навярнуліся на хрысціянства не ў такіх далёкіх краінах, як Афганістан, але тут, у Еўропе і Iталіі”, - зазначыў спадар Паолуччі.
“Адным з вынікаў імміграцыі з’яўляецца тое, што іслам апынуўся сярод нас ва ўсёй яго складанасці, уключаючы вузел рэлігійнай свабоды, вузел, які ісламскім краінам, а таксама раскіданым па ўсім свеце мусульманскім суполкам, яшчэ не па сілах развязаць. Мэта нашай кнігі – зразумець, чаму людзі, якія так палюбілі Езуса, рызыкуюць быць пераследаванымі і нават загінуць”.
“Мы засяродзіліся на саміх апавяданнях і прысвяцілі два гады гэтаму даследванню, бо вельмі цяжка было ўпэўніць людзей гаварыць. Нам, - працягнуў сваю думку італьянскі журналіст, - трэба было адрэдагаваць гэтыя апавяданні такім чынам, каб засталася толькі іх сутнасць, змяняючы асабістыя дадзеныя па матывах бяспекі. У рэшце рэштаў мы сабралі 30 апавяданняў асабіста, па тэлефону ці інтернэту, іншыя былі ўзяты з італьянскіх газет”.
Аб ліку мусульманаў, прыняўшых хрысціянства ў Iталіі Джордж Паолуччі сказаў: “Дакладных дадзеных не існуе. Мы можам сведчыць аб існаванні сотняў такіх людзей, што прыбылі з краінаў Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Азіі. Некаторыя прынялі Хрост у Iталіі, іншыя – на ўласнай радзіме, а потым прыехалі ў Iталію. Яшчэ некаторыя былі ахрышчаны ў іншых краінах, і ўжо потым прыехалі ў Iталію”.







All the contents on this site are copyrighted ©.