2006-09-28 08:44:14

У Бозэ прайшло экуменічнае спатканне з удзелам вядомага славіста Мікіты Струве.


Ва экуменічным кляштары Бозэ, што на поўначы Iталіі, завершыў сваю працу чарговы Міжнародны семінар праваслаўнай духоўнасці, у якім удзельнічаў вядомы французскі славіст з Парыжа Мікіта Струве. Iнтэрв’ю з ім змесціла на сваіх старонках уплывовая італьянская каталіцкая газета “Avvenire”. На пытанне аб перспектывах дыялога паміж католікамі і праваслаўнымі, прафесар Струве адказаў з упэўненасцю ў неабходнасці працягу гэтага дыялога. У прыватнасці ён зазначыў: “Мы жывем у эпоху крызіса культуры, і мы прымушаны абставінамі быць разам”.
Журналіст нагадвае Мікіце Струве аб яго нядаўняй працы, яшчэ савецкіх часоў, “Хрысціяне ў Савецкім Саюзе”, і гаворачы аб тых часах, французскі славіст дае дакладнае акрэсленне: “Савецкі рэжым быў рэжымам, галоўнай мэтай якога было – забіць Бога. Ніякая іншая ідэалогія, акрамя камуністычнай, не загубіла столькі людзей, - не меньш за сто мільёнаў на зямлі – нават Гітлер не знішчыў такой колькасці чалавек”.
Далей у сваім інтэрв’ю Мікіта Струве гаворыць аб ролі пісьменнікаў-дысыдэнтаў у савецкія часы, як захавальнікаў праўды, і называе двух асобаў: Осіпа Мандэльштама і Аляксандра Салжыніцына. Для яго яны, без сумніву, два генія, а геніям належыць гаварыць і ратаваць праўду, нават за кошт свайго жыцця, як гэта было з Мандэштамам. Будучы гебрэям, ён прыняў Хрост толькі дзеля таго, каб мець магчымасць вучыцца ва універсітэте. Але лёс павярнуўся такім чынам, што яго павага да праўды зрабілася і яго сапраўдным наверненнем у хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.