2006-09-26 11:56:59

Эвангелле - гэта праўда. Цыкл, падрыхтаваны філосафам і тэолагам, спадарыняй Марі Крісцін Черуці-Сандрыё.


Аўтарка выкладала ў Сарбоне, з'яўляецца рэктарам французскага каталіцкага выдання "Бюлетэнь асацыяцыі Жана Карміньяка", выдала кнігу "Эвангелле як рэпартажы" і зараз працуе над новым творам. чытае курс у Інстытуце тэалёгіі пры Белдзяржуніверсітэце.
Частка 3:ВЫСЛОЎІ ЛОГІІ (LOGIA) Зыходнай кропкай для канцэпцыі логій служыць тая ж дылема: як быць з тым, што ёсць толькі ў Евангеллі ад Лукі, але чаго няма ні ў Евангеллі ад Мацвея, ні ў вялікім генератары Евангелляў – Евангеллі ад Марка, бо аднекуль жа гэта ўзялося? (І тая ж серыя пытанняў адносна Евангелля ад Мацвея.) А паколькі гаворка ідзе пра невялікія, а часам і вельмі невялікія аповеды, то, на думку экзэгетаў, усё гэта было сабрана ў «зборнікі выслоўяў Езуса», і вось з гэтых зборнікаў евангелісты і чэрпалі натхненне. Гэтыя зборнікі разрозненых і ўрыўкавых фактаў, сабраных у адну кашолку, – залатое дно для тэорый кшталту «форгешыхтэ» – ні ў якім выпадку не выключаюць і вуснае паданне, а яно, перш чым быць запісаным, перажыло ў невядома якіх умовах мноства пакаленняў і больш ці менш значных скажэнняў. Зручнасць зборнікаў выслоўяў Езуса, або логій заключаецца ў тым, што, з’яўляючыся чыстай спекуляцыяй, яны гатовыя змясціць у сабе ўсё, што заўгодна, і асабліва тое, што сапраўды вельмі цяжка вытлумачыць. Іх змест, колькасць, значэнне, характар, вар’іруюцца ў залежнасці ад інтэрпрэтацыі экзэгета. Апрача іншага, вартасць логій яшчэ і ў тым, што з іх дапамогаю можна даволі ўдала абгрунтаваць і тэорыю міфалагічнага паходжання Евангелляў, і тэорыю вуснага падання. Казырнай картаю адэптаў гэтай тэорыі з’яўляюцца логіі Папія і апакрыфічных евангелляў. Сапраўды, гавораць нам, яшчэ Папій, епіскап Ерапольскі, засведчыў, што логіі, хутчэй за ўсё, існавалі ўжо ў даевангельскі перыяд. Нас пераконваюць і ў тым, што некаторыя так званыя апакрыфічныя евангеллі таксама складзены па гэтым жа прынцыпе. Шаноўныя прафесары, дасведчаныя ва ўсіх тонкасцях прадмету, з таямнічым выглядам даюць зразумець, што, на думку спецыялістаў, іх вытокі маглі папярэднічаць напісанню Евангелляў.
Згадаем, што Папій, епіскап Ерапольскі, стварыў каля 130 года пасля Н. Х. вялікую пяцітомавую працу, якая, на жаль, была страчаная і дайшла да нас толькі ў цытатах Яўсея Кесарыйскага. Назва гэтай працы, і гэта вельмі істотна, «Тлумачэнне Logia Kuriaka» (у рускім перакладзе – Изъяснение Господних Изречений». – Заўвага пер.). Слова logia азначае «выслоўе», слова Kuriaka, насуперак чаканням, перакладаецца не як «Госпада», а як «датычныя Госпада». Такім чынам, гаворка ідзе не толькі пра тое, што казаў Езус, але і пра тое, што казалася пра Яго, як заўважае ў сваёй кнізе «Нараджэнне сінаптычных Евангелляў» (с. 62) абат Карміньяк (дакладней было б перакласці «Тлумачэнне Выслоўяў, якія датычаць Госпада». – Заўвага пер.). Мэтаю працы Папія было тлумачэнне таго, што гаварылася пра Езуса, і таго, што гаварыў Ён сам, інакш кажучы, Евангелляў. Працытуем Папія: «Марк, які быў перакладчыкам Пятра, пісаў дакладна, але ў беспарадку ўсё тое, што ён згадаў са сказанага або зробленага Панам, бо ён не чуў Пана і не ішоў за Ім, але пазней, як я ўжо казаў, суправаджаў Пятра. Апошні ж тлумачыў сваё вучэнне па неабходнасці, а не для агульнага выкладання Logia Kuriaka». Значыць, і гэта цалкам натуральна, калі апостал Пётр гаварыў, выкладаючы той ці іншы факт адносна Езуса, тое ці іншае Яго выслоўе, то гэта было натуральнае ўзрушэнне душы, а не загадзя падрыхтаваная лекцыя універсітэцкага выкладчыка. І тым больш ніяк нельга ўявіць, што ў гэтую хвіліну ў яго пад рукою быў спіс выслоўяў, фактаў і ўчынкаў Езуса. І далей Папій дадае: «Такім чынам, Мацвей аб’яднаў logia на габрэйскай мове, і кожны інтэрпрэтуе іх (г. зн. перакладае з адной мовы на іншую) так, як ён на гэта здольны. Дык ці трэба ў гэтым кантэксце прыпісваць слову logia якісьці новы сэнс? Гэта значыць, што евангеліст Мацвей аб’яднаў і выклаў тое, што гаварыў і рабіў Езус. Ён сабраў у адно факты, якія датычацца Хрыста: тое, што было сказана Панам, і тое, што было сказана пра Яго... А што тычыцца зборніка выслоўяў Езуса, ад якога пайшлі Евангеллі, то пра іх у Папія ніколі не было і гаворкі.
 АПОКРЫФЫ
Апакрыфічныя евангеллі па сваёй структуры сапраўды падобныя да логій у пададзеным нам выглядзе: шэраг выказванняў, якія пераважна прыпісваюцца Езусу (але не толькі Яму), выкладзеных вельмі суха, без кантэксту, часцей за ўсё пранумараваных, але без якой-небудзь сувязі. Апокрыфы датуюцца не раней чым 130 годам (а часта значна больш познім), але нашы апаненты намагаюцца пераканаць сябе і іншых у тым, што яны былі напісаныя значна раней. Напрыклад, калі тэксты, знойдзеныя ў Наг-Хамадзі або Аксірынцы па аб’ектыўных прычынах (характары пісьма, асаблівасцях мовы) не могуць датавацца раней за кананічныя Евангеллі, робяцца спробы знайсці іх вытокі або прататыпы ў даевангельскім перыядзе, прычым гэта робіцца нібыта з розных меркаванняў, але ў нас ёсць усе падставы для таго, каб лічыць, што сапраўднай прычынай, якая пабуджае так моцна любіць апокрыфы, з’яўляецца гнастыцызм, бо ўсе гэтыя «састарэлыя» евангеллі прапітаныя ім наскрозь, і тут наўрад ці трэба гаварыць пра супадзенні.
Калі меркаваць, што гнастычныя евангеллі паслужылі мадэллю для проста Евангелляў, то тады, з аднаго боку, добрая навіна мае гнастычны характар, а з другога боку, кананічныя Евангеллі не маюць ніякай гістарычнай сілы. Чаго ж хацелі тагачасныя гностыкі? Па сведчанні св. Ірынея, менавіта гэтага: выдаць свае гнастычныя ідэі за ідэі Хрыста, які, быццам бы, паведаміў іх невялікаму колу абраных, «лепшых», найбольш дасведчаных, карацей кажучы, «пнеўматыкаў», паводле тагачаснай тэрміналогіі. Яны заявілі таксама, што Царква і яе іерархі сказілі Пісанне для таго, каб сцвярджаць і захоўваць сваю ўладу. Як бачым, нічога не змянілася, і тыя самыя небыліцы па-ранейшаму папулярныя. Св. Ірыней падрабязна, з цытатамі ў руках, расказаў, як дзейнічалі ў яго час гностыкі: скажалі тэксты, нешта дадавалі і выдавалі сваю дактрыну за сапраўды хрысціянскую, каб потым ўплываць на думкі сваіх сучаснікаў... Менавіта гэта мы і бачым у зборніках тэкстаў, «выслоўяў» Езуса: побач з выказваннямі Езуса, якія адпавядаюць евангельскаму тэксту, то тут, то там можна знайсці фальшывыя цытаты – фразы менавіта гнастычнага характару, прычым нешматлікія. Такім чынам, меркаваць, што гэтыя зборнікі маглі быць крыніцаю для Евангелляў, можна толькі пры ўмове, што Евангеллі не боганатхнёныя. Калі ж сыходзіць з адваротнага пастулату, а менавіта з таго, што Евангеллі сапраўдныя, выснова напрошваецца сама сабою: менавіта апокрыфы паўтараюць Евангеллі, а не наадварот. (канец 2)
 «ЯЗЫЧНІЦКІЯ КАРАНІ» ЕВАНГЕЛЛЯЎ пачатак 3Сапраўды, у язычніцтве ёсць апісанні цудаў, уваскрэсенняў або з’яваў, якія можна прыняць за іх, у ім ёсць сакральныя дзеянні, якія нагадваюць нашы таямніцы, ёсць вера ў несмяротнасць душы і вечную ўзнагароду. Але ці можна лічыць гэта аргументам супраць хрысціянства? Бог ведае ўсе чалавечыя схільнасці і можа выкарыстоўваць іх для таго, каб быць для нас больш блізкім і зразумелым. Вада для ўсіх ёсць тым, што адмывае, яна ж з’яўляецца сімвалам ачышчэння, а таму лагічна, што ў таямніцы Хросту прысутнічае вада. Усе людзі створаныя па Божым вобразе і падабенстве, дык ці трэба здзіўляцца, што ўсе яны, у тым ліку і язычнікі, так прагнуць справядлівасці, якой няма на зямлі. Узнімаць пытанне пра падабенства язычніцкіх і хрысціянскіх паданняў і рытуалаў для таго, каб потым вывесці адны з адных, значыць браць за кропку адліку тое, што Бога няма і чалавецтва не ёсць Яго стварэннем.
Часцей за ўсё спрэчкі ўзнікаюць вакол уваскрасення і цудаў. Сапраўды, у Эпідаўры, у Грэцыі, былі знойдзены воты IV ст. да Н. Х. з выявамі цудоўных ацаленняў, за якія ўзносілася хвала богу Асклепію. Заўважым, што людзі, якія жылі ў тую гістарычную эпоху, не маглі ведаць сапраўднага Бога, але трэба памятаць, што Ён існаваў заўсёды і заўсёды, і ў наш час, і тую далёкую пару, быў міласэрным. Сёння для нас не так ужо і важна, ці былі гэтыя цуды на самай справе; значна больш хвалюе, ці маглі першыя хрысціяне, якія ненавідзелі язычніцтва і былі гатовыя пайсці на мукі, абы толькі не пакланяцца язычніцкім багам, дык вось ці маглі яны пазычыць гэтыя «знаменні», каб потым прыпісаць іх Хрысту... Апрача таго, вельмі сумніўны сам факт, што ў іх была магчымасць вырушыць у далёкую краіну, якая ўжо даўно перажыла свой росквіт, для таго, каб азнаёміцца з вотамі і ўзяць іх на ўзбраенне.









All the contents on this site are copyrighted ©.