2006-09-23 10:04:18

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Айцец Германовіч пакінуў Рым 15 сакавіка. Перад гэтым, аднак, ён напісаў у Хрысьціянскую думку артыкул пра выбары новага папы66. Артыкул канчаецца апісаньнем наступнага здарэньня: «Апошні раз, калі на месяц перад сваёй сьмерцяй папеж Піюс XI быў на вялікіх эгзаменах аднаго законьніка, быў і я з клерыкам – студэнтам Ч.С. У агромнай салі было, можа, з тры тысячы клерыкаў і ксяндзоў. Папеж уканцы багаславіў усіх нас і ўсіх нашых блізкіх, каго хто меў у сэрцы. А мы ж успаміналі Беларусь! Калі ж выносілі папежа ў лектыцэ, ён багаславіў направа і налева. Студэнты крычаць “эвіва”, а мой Чэсь кажа мне: “Я буду крычаць пабеларуску!” – “Ціха!” – кажу яму. Але ён ужо крычыць: “Хай жыве папеж!” Папежа ўжо перанесьлі міма, але ён адвярнуўся, пільна паглядзеў на нас і багаславіў... – “Ну, і маладзец ты, – кажу яму, – што мяне не паслухаў!”»
21–23 ліпеня 1939 году марыяне мелі сваю генэральную капітулу (“агульны зьезд”), на якой зноў абралі біскупа Бучыса сваім генэралам на месца Цікоты. Айцец Абрантовіч, які прыехаў раней з Харбіну, таксама прысутнічаў на капітуле, a пасьля паехаў у Польшчу, дзе яго засьпела польска-нямецкая вайна. 17 верасьня Заходнюю Беларусь і Ўкраіну занялі савецкія войскі. Айцец Абрантовіч знаходзіўся тады ў Львове ў мітрапаліта Шаптыцкага. Крыху пазьней яго арыштавалі пры спробе перайсьці савецка-нямецкую мяжу. Дакладна невядома, у чым яго абвінавацілі. Шаптыцкі 14 жніўня 1943 году пісаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю: «Ходзяць чуткі, што ён (Абрантовіч. – А.Н.) быў крыху неразважны, калі ахвяраваў габраю (правадніку. – А.Н.) ангельскія фунты, што магло выклікаць падазрэньні і стаць прычынай арышту»67. Цалкам магчыма, на лёс Абрантовіча пасьля арышту паўплывала тое, што ён прыехаў з акупаванай японцамі Манчжурыі, а дачыненьні між Японіяй і Савецкім Саюзам былі тады вельмі напружаныя. Сьведкі, якія сядзелі разам зь ім у Львоўскай турме, казалі, што яго моцна катавалі, але, нягледзячы на пакуты, ён паводзіў сябе з годнасьцю. Паводле апошніх зьвестак, Абрантовіч памёр 2 студзеня 1946 году ў Бутырскай турме ў Маскве. Так трагічна скончыўся жыцьцёвы шлях гэтага таленавітага чалавека і сьвятара. Беларусы ўскладалі на яго вялікія надзеі, якія, на жаль, засталіся няспраўджанымі.
Ня маючы ніякіх вестак ад Абрантовіча, у Рыме пастанавілі паслаць на ягонае месца ў Харбін Цікоту. Той пакінуў Рым 3 лістапада 1939 году, прыняўшы ўсходні (бізантыйскі) абрад і атрымаўшы тытул архімандрыта літаральна за некалькі дзён перад ад’ездам. У Рыме засталіся толькі два былыя друйскія марыяне: Сіповіч і Аніськовіч.
25 сьнежня 1939 году, на сьвята Нараджэньня Хрыстовага, біскуп Аляксандар Яўрэінаў пасьвяціў Чэслава Сіповіча на дыякана. Аніськовіча не дапусьцілі да дыяканскіх сьвячаньняў і неўзабаве выключылі з Русікуму і марыянскага закону за нейкую правіну. 10 студзеня 1940 году ён выехаў у Францыю, дзе запісаўся добраахвотнікам у польскую армію, каб змагацца супраць немцаў. Сіповіч моцна перажываў тое, як абышліся з Аніськовічам, і спрабаваў ратаваць яго. Ён нават пісаў Цікоту ў Харбін, каб той прыняў Аніськовіча на выпрабавальны пэрыяд, але ўсе ягоныя стараньні засталіся бяз выніку.
Жыцьцё ў Рыме ў першыя гады вайны працякала збольшага як звычайна, хіба толькі цішэй, бо сьвятаром і студэнтам краінаў, якія знаходзіліся ў стане вайны з Італіяй, давялося выехаць. 14 траўня 1940 году Сіповіч зрабіў наступны запіс у “Хроніцы”: «Рэктар Русікума, а. Ф. дэ Рэжыс выяжджае ў Францыю. Многія студэнты яго вельмі жалеюць». Тыдзень раней, 11 траўня, ён пісаў Цікоту: «Аніськ(овіч) К. прыслаў мне нядаўна магчыма пасьледні ліст: ідзе на фронт, просіць заапекавацца посьле яго рэчамі. Сваю сястру пацяшае тым, што ўсё роўна нас калісь пакрыіць чорная зямля... Жаль нам яго ўсім! Бэльгійцы і галандцы сьпяшаць дамоў, на вайну».
Для Сіповіча, апроч навукі, гэта быў час духоўнай падрыхтоўкі да сьвятарства.
Вялікі дзень прыйшоў у нядзелю 16 чэрвеня 1940 году. Пад час архіерэйскай багаслужбы ў царкве сьвятога Антона Вялікага, што належала Русікуму, дыякан Чэслаў Сіповіч атрымаў тайну сьвятарства з рук біскупа Аляксандра Яўрэінава. Праз тыдзень, 23 чэрвеня, ён пісаў айцом Цікоту і Германовічу ў Харбін: «Прыйшоў дзень 16.VІ.І940. Не бяруся аднак апісываць тыя розныя перажыцьця, асабліва ў мінуту прыняцьця сьвятарства. Яно гдзесьці саткнулася з тым, што ў чалавека называецца essentia (сутнасьць. – А.Н.). А як сама essentia наша нявідзіма, так тыя мае перажываньні неўлавімы для слоў. Хацелася б іх толькі не зацямніць жыцьцёвым балотам, a такімі, якімі былі ў тую шчасьлівую мінуту, занясьці перад трон Добрага Бога».
Назаўтра, 17 чэрвеня, новы сьвятар служыў сьвятую Літургію ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) перад цудадзейнай іконай Божай Маці “Salus Populi Romani” (Збаўленьне рымлянаў).
Калі Сіповіч прыняў сьвятарства, ён навучаўся на трэцім курсе багаслоўскага факультэту. Каб атрымаць ліцэнцыят (ступень кандыдата) з багаслоўя, яму заставаўся яшчэ адзін год навукі. Таму ў кастрычніку ён вярнуўся ў Грэгарыянскі Ўнівэрсытэт. Подых вайны адчуваўся і там: ня толькі студэнты, але і шэсьць прафэсараў не змаглі вярнуцца ў Рым.
1940/41 навучальны год меў быць для Сіповіча апошнім у Рыме – далей ён мусіў ехаць у Харбін. Аднак у міжчасе нешта здарылася. Відаць, Цікота ня вельмі настойваў на ягоным прыезьдзе. Вось што Сіповіч пісаў яму 18 чэрвеня 1941 году: «Атрымаўшы Вашы пісьмы Рада Енэральная пастанавіла пакінуць мяне яшчэ на год тут у Рыме, з тым каб я зрабіў цяпер ліцэнцыят, а на другі год дактарат. Владыка Пётра (Бучыс. – А.Н.) падчоркнуў мне, што тыя прычыны, каторыя стаяць за маім прыездам хуткім у Харбін, вельмі паважныя, так што калі мяне пакідаецца яшчэ на год, то ён сумленна павінен быць выкарыстаны... Што мяне пакінулі яшчэ на год навукі і што зьвярнулі ўвагу на тое, да чаго я павінен у першую чаргу падгатаўляцца, – я астаюся вельмі, вельмі ўдзячны Айцу Архімандрыту за тое, што не “налягаў”, а паважанаму Владыцэ за тое, што ня “гнаў”... Ад сябе мог бы сказаць, што птушкай паляцеў бы да вас, але што ж вам з тэй птушкі, у каторай пуста ў галаве...» Хоць Сіповіч і запэўнівае: «птушкай паляцеў бы», але ў ягоных словах адчуваецца палёгка, што ня трэба зьбірацца ехаць на край сьвету.








All the contents on this site are copyrighted ©.