2006-09-23 10:22:08

Ад захаду сонца ў гэтую суботу распачаўся цыкл старажытна-рэлігійных яўрэйскіх святаў: Новага году (Рош А Шана), Пакаяння (Йом Кіпур) і “кучак”(Сухот).


Па яўрэйскім летавылічэнні наступае 5767 год ад стварэння свету. Людзі павінны каяцца ў сваёй схільнасці да граху ды прасіць даравання ў Бога ды адзін у аднаго. Асабліва за правіны прайшоўшага году, каб магчы вярнуцца да Бога. Юдэі веруюць, што ў дзень стварэння штогод цэлы свет паўстае перад позіркам Стварыцеля – Бога Адзінага. У першы вечар Рош а Шона людзі вітаюцца пажаданнем быць упісаным ў Кнігу жыцця. У часе святочнай трапезы вернікі макаюць хлеб і яблыкі ў мёд – каб наступны год быў дабрэйшы і больш салодкі, прынёс гармонію цэламу свету. Прынята маліцца да продкаў і прыпамінаць аб адданасці Абрама Богу ажно да гатовасці прынесці ў ахвяру замест ягняткі ўласнае дзіця, пра што сказана ў кнізе Быцця.
На другі дзень адбываецца абрад ачышчэння з грахоў: вернікі збіраюцца ля вадаёму і раскайваюцца ў сваіх учынках. Двухдзённае святкаванне Новага году тлумачыцца тым, што юдэйскі каляндар не сонечны, але месячны:навалунне ў старажытнасці дакладна вызначыць было складана, дык – на ўсялякі выпадак, каб не памыліцца, святкавалі два дні запар, што ўвайшло ў традыцыю.
А праз тыдзень – новае яўрэйскае свята – кучак (Сухот). Гэта свята радасці, якое нагадвае яўрэям аб Боскім наканаванні лёсу кожнага чалавека, любага Богу. Кожны павінен адчуць вясёласць ад лучнасці з Богам і ў Богу – з братамі , з усімі людзьмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.