2006-09-21 11:54:53

Папа прыняў новага Пасла Аўстрыі пры Святым Пасадзе.


Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI° падкрэсліў вядучую ролю хрысціянства ў гісторыі Еўропы, прыймаючы вярыцельныя граматы новага пасла Аўстрыі пры Апостальскай сталіцы спадара Марціна Боллдорфа.
Папа прыняў аўстрыйскага дыпламата ў сваёй летняй загараднай рэзідэнцыі Кастэльгандольфо. Галоўнай тэмай размовы была хрысціянская спадчына Старога кантынента.
“Доўгая гісторыя плённага супрацоўніцтва Аўстрыі і Святога Пасада адлюстроўвае той бясспрэчны факт, што Аўстрыя – гэта глыбока каталіцкая дзяржава”, - падкрэсліў Папа.
“Не звяртаючы ўвагу на розніцу мэтаў у Царквы і дзяржавы, - працягнуў сваю думку Бенедыкт XVI°, - яны часта маюць агульныя інтэрэсы, асабліва калі гэта тычыцца еднасці Еўропы”.
“Нідзе ў свеце культура і гісторыя ў такой меры не адзначаны ўплывам хрысціянства, як у Еўропе, - адзначыў Свяцейшы Айцец. – Агульныя прынцыпы, на якіх адзіная Еўропа можа быць заснаваная, знаходзяцца ў агульных поглядах і ў вартасцях гісторыі, вартасцях хрысціянскай і гуманістычнай традыцый”.







All the contents on this site are copyrighted ©.