2006-09-18 11:53:45

Прапануем вашай увазе чарговыя старонкі з Кампендіума сацыяльнай дактрыны Каталіцкай Царквы.


140 Рэалізацыя свабоды мае на ўвазе зварот да натуральнага маральнага закона, які мае агульны характар, што папярэджвае і аб’ядноўвае ўсе правы і абавязкі.
Натуральны закон – “не што іншае, як святло разума, дадзенае нам Богам. Дзякуючы яму мы ведаем, што трэба здяйсняць, а чаго пазбегаць. Гэтае святло ці закон падораны Богам стварэнню” і ў’яўляе сабой далучэнне да Яго вечнага закона, які атаесамлеваецца з Самім Богам. Гэты закон называецца натуральным, бо абвешчаючы яго розум належыць да чалавечай натуры. Гэты закон універсальны, ён распаўсюджваецца на ўсіх людзей, бо сцверджаны розумам. Асноўныя загады боскага і натуральнага закона падаюцца ў Дэкалогу; гэта першыя і самыя істотныя нормы, якія рэгулююць наша маральнае жыццё. Яго аснова – імкненне да Бога і падпарадкаванне Яму, крыніцы і лёсу ўсялякага дабра, а таксама паразуменне таго, што іншы чалавек падобны нам самім. Натуральны закон выяўляе годнасць асобы і закладае фундамент яе асноўных праў і абавязкаў.
141 Маючы розніцу культур, натуральны закон звязвае людзей паміж сабой, уводзячы агульныя прынцыпы. Хаця ж ягоны ўжытак патрабуе прыстасавання да розных жыццёвых умоў, у адпаведнасці з мейсцам, эпохай і абставінамі, закон ёсць нязменным, “ён існуе сярод зменлівых ідэй ды звычаяў і садзейнічае іх развіццю. Нават калі дайсці да адмаўлення прынцыпаў гэтага закона, нельга а ні знішчыць яго, а ні вырваць з сэрца чалавека. Ён трывала адраджаецца ў жыцці асобаў і грамадства.”.
Аднак ягоныя прапановы не ўспрыймаюцца ўсімі ясна і беспасрэдна. Рэлігійныя і маральныя праўды могуць быць пазнаныя “усімі без праблемаў, з цвёрдай упэўненасцю і без усялякага далучэння памылкі. Толькі з дапамогай Божай Ласкі і Адкрыцця. “Натуральны закон дае закону, атрыманаму з Адкрыцця і Божай Ласкі, аснову, падрыхтаваную Богам, якая знаходзіцца ў поўнай гармоніі з дзеяннем Святога Духа”.
142 Натуральны закон, будучы законам Божым, не здольны быць скасаваны чалавечым грахом. Ён закладвае маральны фундамент, неабходны для таго, каб пабудаваць грамадства людзей і разпрацаваць цывільны закон, які робіць канкрэтныя і адпаведныя высновы з прынцыпаў натуральнага закона. Калі ўспрыняцце універсальнасці натуральнага маральнага закона перакручана, немагчыма пабудаваць сапраўдныя і працяглыя зносіны з іншым чалавекам, бо, калі праўда і дабро не зыходзяцца разам, “мы, жадаючы таго ці не, уласнымі ўчынкамі прыносім шкоду і суполцы асобаў, і кожнай з іх па-асобку”. Сапраўды, толькі свабода, укарэненая ў агульнай натуры, можа зрабіць усіх людзей адказнымі і здольна апраўдаць грамадскую мараль. Хто сам абвяшчае сябе адзінай мерай рэчаў і праўды, той не можа мірна жыць і супрацоўнічаць з падобнымі на яго”.
143 Свабода таямнічым чынам схільная абвяргаць адкрытасць да праўды і дабра чалавека, і занадта часта аддае перавагу злу і эгаістычнай закрытасці, узносячы сябе як некае боства, што творыць дабро і зло: “Сцверджаны Богам у праведнасці, чалавек, аднак, па навуцы Шатана злоўжыў сваёй свабодай ад самага пачатку гісторыі, супрацьставіў сябе Богу жадаючы асягнуць сваёй мэты па-за Богам.
Часта, адмаўляючыся прызнаць Бога сваім пачаткам, чалавек парушаў і належны парадак, які вёў яго да канчатковай мэты, а разам з ім – і ўсё папярэдне ўсталяванае: як у адносінах да самога сябе, так і ў адносінах да іншых людзей і ўсяго створанага свету”. Таму чалавечая свабода мае патрэбу ў вызваленні. Хрыстус, моцай Сваёй пасхальнай таямніцы, вызваляе чалавека ад бязладнай любові да сябе, якая служыць крыніцай знявагі да блізкага і адносінаў, адзначаных імкненнем панаваць над ім; Ён адкрывае нам, што свабода рэалізуецца ў самаахвяраванні. Праз Сваю ахвяру на Крыжы Езус вяртае кожнага чалавека да лучнасці з Богам і з блізкімі.
Г) Раўная годнасць усіх людзей
144 “Бог не ёсць прыемны (Дзеі 10, 34; пар. Рым 2, 11; Гал 2, 6; Эф 6, 9), бо ўсе людзі валодаюць аднолькавай годнасцю як створаныя па Ягонаму вобразу і падабенству. Уцелаўленне Сына Божага паказвае раўную годнасць усіх людзей: “Няма ўжо Юдэя, ні паганіна; няма раба, ні вольнага; няма мужскога пола, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе” (Гал 3, 28; пар. Рым 10, 12; 1 Кар 12, 13; Кал 3, 11).
Паколькі на твары кожнага чалавека ззяе водблеск славы Божай, яго годнасць перад Богам служыць асновай для ягонай годнасці перад іншымі людзьмі. Акрамя таго, гэта галоўная аснова для існавання роўнасці і братэрства паміж людзьмі, незалежна ад іх расавай прыналежнасці, нацыянальнасці, пола, паходжання, культуры.
145 Толькі прызнанне чалавечай годнасці можа зрабіць магчымым супольны і асабісты ўзрост усіх людзей (пар. Як 2, 1-9). Каб спрыяць гэтаму ўзросту, неабходна, у прыватнасці, падтрымліваць самых слабых, на самой справе забяспечваць роўныя магчымасці для мужчынаў і жанчынаў, гарантаваць аб’ектыўную роўнасць паміж рознымі грамадскімі класамі перад законам.
I ў адносінах паміж народамі і Дзяржавамі ўмовы справядлівасці і роўнасці служаць прадумовай для сапраўднага прагрэса міжнароднага грамадства. Нягледзячы на рух у гэтым напрамку, нельга забывацца аб тым, што ўсё яшчэ існуе мноства формаў няроўнасці і залежнасці. Прызнанню раўнай годнасці ўсіх людзей і ўсіх народаў павінна адпавядаць зразуменне таго, што чалавечая годнасць можа быць захаваная і ўмацаваная толькі ў супольнасці, у рамках усяго чалавецтва. Толькі ўзгодненымі дзеяннямі людзей і цэлых народаў, якія шчыра заінтэрэсаваныя ў дабрабыце ўсіх іншых, магчыма асягнуць сапраўднага агульнага братэрства; у іншым выпадку захаванне ўмоў цяжкай няроўнасці аб’яднае ўсіх.







All the contents on this site are copyrighted ©.