2006-09-04 14:47:45

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Айцец Германовіч пачаў весьці пастырскую працу, дапамагаючы розным беларускім сьвятаром: айцом Кулаку, Борыку ды іншым. Часта служыў Імшу ў царкве Сьвятога Духа ў Вільні, беручы з сабою пару клерыкаў за асыстэнтаў. Так вось, напрыклад, у “Хроніцы” адзначаецца пад 29 лістапада: «Першая нядзеля Адвэнту. Айцец Я. Германовіч цэлебруе “рараты” ў касьцеле сьв. Духа. Прыслужываюць да Імшы modo canonico бр. Сіповіч і Цьвячкоўскі. Казаньне гаварыў кс. Адам Станкевіч».
Каталікі розных нацыянальнасьцяў у Вільні – немцы, летувісы і нават расейцы – мелі свае ўласныя сьвятыні. Толькі беларусы каталікі ня мелі сваёй царквы. Нават біскуп Матулевіч не наважыўся ім яе даць – гэтак зацята супраціўляліся палякі. Дзякуючы айцу Адаму Станкевічу, які сябраваў зь летувісамі, тыя дазволілі беларусам карыстацца зь іхнай царквы (касьцёла) сьв. Міколы (або, як тады казалі, Мікалая). У гэтым касьцёле ў нядзелі і вялікія сьвяты адбываліся багаслужбы для беларусаў. Звычайна служыў Адам Станкевіч і сьпяваў беларускі хор. На гэтыя беларускія багаслужбы прыходзілі і марыянскія клерыкі. Так, напрыклад, у “Хроніцы” пад датаю 2 лютага 1937 году запісана: «Імшу сьв. слухаем у касьцеле сьв. Мікалая. Казаньне стройна гаварыў кс. Адам Станкевіч. Громка сьпявалі “Божа, што калісь народы”». У гэтай царкве айцец Германовіч меў ад 25 да 28 лютага рэкалекцыі для беларускай інтэлігенцыі. Яшчэ раней, 2 лістапада 1936 году, у дзень задушны, айцец Язэп павёў сваіх гадаванцаў на Росы. Вось што піша пра гэта “Хроніка”: «Задушкі. Ідзём на Россу... На могілках Россы доўга шукаем магілы кс. Стэповіча. Урэшце знашлі. Дзівіць нас прастата яе і скромнасьць. Запальваем сьвечкі. Адмаўляем супольна “Анёл Панскі”. Айцец супэрыёр (Германовіч. – А.Н.) падае агульныя весткі аб асобе Казімера Сваяка і Альбіна Стэповіча. Дзіўным пачуцьцём напоўнены вяртаемся да хаты».
Марыянская калегія зрабілася за а. Германовічам месцам цікавых сустрэч. Так, пад датаю 7 лістапада 1936 году “Хроніка” падае: «Гэтага дня слухаем у сваім рэфэктары (сталовым пакоі. – А.Н.) канцэрт. Іграе на цымбалах дзядзька Аляксандар Матусевіч, родам з Гальшан. Перад музыкай падае аўтобіяграфічныя зацемкі. Быў у Манчжурыі, перайшоў бальшавіцкую Расею. Немалая геаграфія майго жыцьця – кажа. Ігра была на высокім ураўні мастацкім, тым больш, што граў свае кампазыцыі пры тэхніцы без закіду. Уражаньне як найлепшае. Прысутнымі былі госьці кс. А. Станкевіч, Берняковіч (экс-студыта), студэнты В. Ермалковіч і П. Гайдзель». Вялікая падзея адбылася 20 траўня 1937 году: «Гэтага дня гасьцілі ў нашым доме: Забэйду-Суміцкага, артысту сьпевака опэры мілянскай Ля Скаля; кс. рэд. А. Станкевіча; рэд. Я. Пазьняка; інж. Клімовіча і Мгр. Шутовіча».
Вялікага беларускага сьпевака Міхася Забэйду-Суміцкага марыянскія клерыкі мелі нагоду чуць раней, на Дні беларускай культуры 13 сьнежня 1936 году. Вось што кажа пра гэта “Хроніка”: «Дзень Беларускай Культуры. Калегія in corpore бярэ ўчасьце. Акадэмія ў салі гімназіі Вітаўта Вялікага (летувіскай. – А.Н.). Рэфэрат аб культуры чытае кс. Ад. Станкевіч. Сільнейшыя кроме таго мамэнты вечару: прамова ўкраінскага пасла Трэяна па-ўкраінску, мілагучныя напевы хору Шырмы і сьпеў солё артысты опэры La Scala Забэйды-Суміцкага. Уражаньне як найлепшае».
Як відаць з пададзеных прыкладаў, а. Германовіч імкнуўся ўзгадоўваць маладых клерыкаў так, каб яны адчувалі сябе часткаю беларускага рэлігійнага і грамадзкага асяродзьдзя. Гэта не падабалася Цікоту – нехта даносіў таму пра ўсё, што рабілася ў Вільні, хоць яно й не было сакрэтам. 2 сакавіка 1937 году Цікота піша Германовічу: «Маю да цябе, даражэнькі, просьбу: будзь ласкаў на такія рэчы, як Дзень Культуры або штось падобнае, клерыкаў не пускаць. Прыходзіць мне думка, ці ты іх не пушчаеш часам на лекцыі БІГК (Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры. – А.Н.), а гэта тож было б непатрэбна. Яны мусяць мець свайго роду далейшы працяг навіцыяту, і яны аб гэтым павінны ведаць. He забывайся тож аб абставінах, у якіх знаходзіцеся. Трэба тож старацца, каб яны і ў нядзелю мелі імшу сьвятую ў сябе дома і не хадзілі па касьцёлах».
He ўхваляў Цікота таксама грамадзкай і пісьменьніцкай дзейнасьці а. Германовіча. У лісьце за 14 траўня 1937 году ён пісаў: «Прыкра мне прыпамінаць табе ўжо ня першы раз канстытуцыі (марыянскія. – А.Н.), але мушу рабіць гэта са свайго абавязку, і вельмі, вельмі прашу помніць, што істнуе 365 н. Кон(стытуцыі), a 180 н. забараняе нам мяшацца ў якія колечы нацыянальныя спрэчкі і наказывае заўсёды шукаць толькі справы Хрыстусовай і Касьцёла. Выбачай мне, што табе дакучаю. Але скажы мне, што ты рабіў бы, знаючы, што хтось з тваіх падуладных робіць штось без дазволу і нязгодна з канстытуцыямі? Няўжо ты думаеш, што твой талент прападзе, калі будзеш зь яго карыстацца, атрымаўшы дазвол, паддаючыся адпаведнай цэнзуры і нікому не прыпісваючы “асьліных вушэй”?»
Згадка пра асьліныя вушы вельмі цікавая. Рэч у тым, што неўзабаве пасьля таго як а. Германовіч вярнуўся з Манчжурыі ў Вільню, у Хрысьціянскай думцы, апрача Вінцука Адважнага, зьявіўся яшчэ адзін “новы супрацоўнік”, Лявон Ветрагон, аўтар вострых, але нязлосных сатырычных вершаў на надзённыя тэмы. Ён нават займеў у газэце свой уласны “куток”, які называўся “I дзіўна і страшна”. Звычайна тэмамі служылі міжнародныя палітычныя падзеі, але даставалася таксама і беларусам. Вось як Ветрагон, напрыклад, апісвае беларускае палітычнае жыцьцё ў Вільні пры канцы 1936 году:
Жыцьцё наша палітычна –
Безьбярэжна, безгранічна,
Кожны дзень зьлятае з шынаў,
Прэць па шпалах, як машына.
У беларускім гарызонце –
Фронт пад фронтам, фронт на фронце.
А як фронт удасца слабы –
Падпіраюць яго бабы.
Гэй, палітыкі, глядзеце:
Душы цэлай недзялеце!
Жыцьцё наша, як захоча,
Вашы фронты пераскоча:
Астанецесь толькі самі,
Ды з парожнымі рукамі...46
20 сакавіка 1937 году Хрысьціянская думка надрукавала верш Ветрагона “Мікель Анджэлё і ягоны крытык”, дзе аўтар з гумарам апавядае пра тое, як вялікі італійскі мастак ХVІ стагодзьдзя адпомсьціў свайму крытыку, памясьціўшы ягоны партрэт у пекле на сваёй карціне Страшнага Суду ў Сыкстынскай капліцы ў Ватыкане. Верш канчаецца наступнымі радкамі:
Вось крытык, дужа невясёлы
Зьмяёю апаясан, голы
Сядзіць у пекле тымчасамі
На дне з асьлінымі вушамі. (Вылучана мною. – А.Н.)
Здавалася б, у вершы не было нічога асаблівага, каб не прысьвячэньне: “Ахвярую майму крытыку з Беларускага фронту47. Гэтае выданьне даволі крытычна ставілася да Хрысьціянскае думкі. Адрозна ад яе, Беларускі фронт меў чыста палітычны і сьвецкі характар, хоць ягоным заснавальнікам і рэдактарам быў вядомы каталіцкі сьвятар і палітычны дзеяч айцец Вінцэнт Гадлеўскі. Відаць, Цікота ў Рыме добра ведаў, хто такі Лявон Ветрагон. Цікава, ці ведаў ён таксама, што марыянскія клерыкі пад кіраўніцтвам таго Ветрагона пачалі пісаць у Хрысьціянскую думку?..
Невядома, як рэагаваў а. Германовіч на павучаньні свайго генэрала, але на Лявона Ветрагона, – які, між іншага, раптоўна зьнік, як толькі польскія ўлады выселілі а. Германовіча зь Вільні, – яны не зрабілі ніякага ўражаньня, і ён працягваў пісаць і друкаваць свае вершы. Таксама ў студэнцкай “Хроніцы” пад датаю 16 траўня 1937 году знаходзім наступны запіс: «Участвуем усе ў канцэрце беларускім, ладжаным Студэнцкім Саюзам у ўнівэрсытэцкай салі Сьнядэцкіх УСБ (Унівэрсытэту Сьцяпана Батуры. – А.Н.). Сьпяваў мілагучна хор Шырмы і Забэйда-Суміцкі. Усё на высокім уроўні мастацкім».
Раздзел: Пагром
У міжчасе ў Друі жыцьцё ішло не без сваіх клопатаў. Айцец Язэп Дашута пісаў Цікоту ў Рым 8 чэрвеня 1937 году: «У нашым жыцьці няма чым пахваліцца... Дысцыпліна, асабліва сярод малых хлапцоў, была папросту немагчымая. Трох хлапцоў па Вялікадні пагналі з кляштару. Мы ніякага ўплыву на дзяцей і навонкі ня робім, але самі паддаемся пад уплыў звонку. Месяц таму нп. Супэрыёр (Уладыслаў Лысік, паляк. – А.Н.) склікае сабраньне Рады і ставіць унёсак гаварыць з хлапцамі пацеры па-польску, а не, то па-лаціне, бо ён на дамаганьне хлапцоў правёў галасаваньне і большасьць высказалася за польскім. Дзеці ў гімназіі тож не даюць яму спакою, дапытваюцца, калі ў кляштары перастануць пацеры гаварыць па-беларуску».
Зь іншага боку, дачыненьні зь мясцовымі ўладамі за польскім супэрыёрам паправіліся. Магчыма, яны былі б яшчэ лепшыя, каб не айцец Германовіч і ягоныя студэнты. Вось што піша Дашута Цікоту 24 студзеня 1938 году: «У нас у Друі адносіны былі ўжо паправіліся, бо маем добрага капітана КОП (Корпус аховы памежжа. – А.Н.). Камэндант паліцыі тож чалавек добры, але вось па сьвяце, калі пабылі ў нас клерыкі, чуюцца закіды, што кс. Германовіч выхоўвае ворагаў Польшчы, і да нас пачаліся недавераньня большыя. Некаторыя з клерыкаў надта шчыра пачаліся высказвацца прад патрыётамі (польскімі. – А.Н.) аб іхнім пажаданьні незалежнасьці Беларусі, і вось тым усіх раздражнілі і горай настроілі ваяводу». У лютым (без дакладнай даты) Дашута атрымаў адказ ад Цікоты: «Весткі аб клерыках моцна мяне засмуцілі... Напішы, ці, лепей, скажы аб гэтым а. Германовічу і прасі яго маім іменем, каб ён аб гэтым паважна падумаў і не наражаў усёй нашай справы».
He адзін Цікота быў незадаволены з Германовіча. Польскія ўлады таксама мелі зь ім клопат. У часе ягоных рэдкіх прыездаў у Друю мясцовая паліцыя не магла дачакацца, калі ён выедзе. У Вільні ён знаходзіўся пад сталым наглядам паліцыі, якая сачыла кожны ягоны крок. Германовічу не спатрэбілася шмат часу, каб заўважыць “хвост”. І айцец пачаў выкідаць усялякія жарты. Аднаго дня, апавядаў сам Германовіч, у вялікі дождж, надзеўшы галёшы і ўзяўшы парасон, ён пайшоў на шпацыр. Агент, ніяк такога не чакаўшы, прамок да апошняе ніткі. Іншым разам айцец Германовіч завітаў у паліцэйскі пастарунак і паскардзіўся, што нехта за ім ходзіць... Але наагул становішча было сумнае. 12 чэрвеня 1938 году айцы Германовіч і Віктар Шутовіч, ягоны аднакурсьнік з сэмінарыі, адзначалі 25 гадоў свайго сьвятарства. Іхны юбілей супаў зь беларускай пілігрымкай на Кальварыю каля Вільні. Усё прайшло вельмі добра. Толькі пасьля, як пісаў а. Шутовіч 14 верасьня айцу Хрызастому Тарасэвічу ў Ляйль каля Чыкага, «на добры лад і пры другіх абставінах, прыехаўшы цяпер з Кальварыі, нам траім (г. зн. Германовічу, Шутовічу і Станкевічу. – А.Н.) трэба было недзе пасядзець разам, пагаварыць, пасьмяяцца. Але нам было не да таго. Да кляштару Германовіча ў Вільні былі да ўсіх дзьвярэй прыстаўленыя тайныя, што пільнавалі, калі ён і куды выходзе, а калі і адкуль прыходзе... Я такі адважны і то баяўся наругацца гэным апекуном і ні разу не адведаў майго добрага калегі Язэпа».
Калі айцец Германовіч сьвяткаваў свой юбілей, лёс Друі быў ужо вызначаны. Польскія ўлады, ня маючы падставаў вінаваціць друйскіх марыянаў у супрацьдзяржаўнай дзейнасьці, выкарысталі новы закон – ён дазваляў адміністрацыйным спосабам высяляць з г. зв. “памежнай зоны” асобаў, прысутнасьць якіх магла пагражаць бясьпецы дзяржавы. Друя знаходзілася на самай мяжы Польскай дзяржавы з Латвіяй, а беларускія марыяне, відаць, былі якраз такімі небясьпечнымі асобамі... І вось на пачатку чэрвеня чатыры беларускія айцы – Язэп Дашута, Казімер Смулька, Віталіс Хамёнак і Юрай Кашыра – атрымалі ад віленскага ваяводы Людвіка Бацянскага загад пакінуць Друю да 10 чэрвеня. Яны падпарадкаваліся загаду і 9 чэрвеня ад’ехалі на некалькі кілямэтраў ад Друі ў Канстантынава, маёнтак іхнага прыяцеля Раймунда Гуза, дзе сканчалася “памежная зона”. Празь некалькі дзён, 13–14 чэрвеня, выгнаньнікі паціху вярнуліся ў Друю. У чацьвер 16 чэрвеня ўрачыста адсьвяткавалі сьвята Божага Цела (Corpus Christi). У той жа дзень польскія “патрыёты” з дапамогаю Корпусу Аховы Памежжа і парамілітарнай арганізацыі “Стралец” наладзілі маніфэстацыю супраць беларускіх марыянаў. Наступны акт гэтай драмы адбыўся праз тыдзень, у чацьвер 23 чэрвеня. Чэслаў Сіповіч пакінуў у “Хроніцы” дакладнае апісаньне ўсяго, што здарылася. Вось галоўныя выняткі: «Дваццаць трэцяга чэрвеня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага году прыехалі ў Друйскі кляштар айцоў марыянаў беларусаў шэф тайнай паліцыі павету браслаўскага і стараста браслаўскі і зьвярнуліся да айцоў з прыказам выезду. Пагразілі, калі айцы самі ў прыгатаваны да вывязеньня айцоў аўтамабіль ня выйдуць, то зломяць кляўзуру і возьмуць айцоў сілай. Вакол аўтамабіля, кляштару і касьцёла стаяла аружаная (узброеная. – А.Н.) паліцыя. Айцы не сьпяшая адправілі сьвятыя імшы... Дзеля сьвятарскіх сутаннаў не згадзіліся айцы, каб іх цягнулі сілаю ў аўтамабіль... Першы ў самаход сеў а. К. Смулька, астатні а. В. Хамёнак, каторы навет паўтараў, што хай нас цягнуць, самім ня трэба ісьці ў самаход старастаўскі. Пры гэтым сабралася шмат народу. Жанчыны заплакалі наўзрыў. Зьявіўся і фатограф, і калі толькі наставіў апарат, каб зьняць момэнт уходу айцоў у аўтамабіль, січасжа паліцыянт яму забараніў. Паліцыя радзіла айцам ехаць далей ад Друі. Дарма завезьлі б... Але айцы, падзякаваўшы за няпрошаную ахвярнасьць, захацелі ў Канстантынаве ў таго ж Гуза чакаць на далейшыя загады сваёй улады... На пав(ар)оце ад галоўнай дарогі да Р. Гуза сядзеў паліцыянт і пільна сачыў адведваючых айцоў людзей».
Пасьля высяленьня беларускіх марыянаў у Друі засталіся два польскія сьвятары – Уладыслаў Лысік (супэрыёр) і ягоны памочнік Казімер Аксютовіч з Варшавы, а таксама клерыкі, што прыехалі зь Вільні на летнія канікулы. Але гэтым апошнім заставацца там давялося нядоўга. Вось як апісвае ўсё Чэслаў Сіповіч: «8-га ліпня 1938 году. Клерыкі Друйскага кляштару працуюць ля сена на выспе... Окала палавіны пятай гадзіны пасьля абеду прыходзіць адзін з братоў і кажа: “Прышоў камандант паліцыі і, апроч Падзявы, каля каторага цяпер стаіць, завець Сіповіча і Аніськовіча”. Гэтыя абодвы так як былі, з граблямі на плячах... пашлі на той луг, гдзе Антось Падзява, такжа толькі ў белай кашулі і нейкіх штанёнах, таптаў воз сена, а блізка яго стаяў моцна зьмяшаўшыся камандант. Два надышоўшыя клерыкі падалі яму рукі. Ён, прывітаўшыся, з жахам заявіў: прыносіць вельмі сумную вестку... высяленьня... Мы пытаем яго, дык чым жа мы правініліся? А ён проста са плачом тлумачыцца, што ён спаўняе толькі прыказ вышэйшых уладаў... Клерыкі памаленьку сталі сабірацца да кляштару, да айца супэрыёра... Антось Падзява, зьлезшы з ваза, пашоў пакупаўся ў Дзьвіну, пасьля перад усімі прысутнымі (камандант, клерыкі, браты) пацалаваў зямлю і сказаў на голас: “Прашчай, мая дарагая зямелька. Ты была карміцелька наша!” Адзін з клерыкаў такжа, калі пашоў апранаць сутанну і быў сам адзін, заплакаў горкімі сьлязамі. Чаму? І сам ён ня ведаў... Айцец Лысік сказаў: “Co mogliśmy, to robiliśmy, ażeby wrócić ojców. Nic ne pomogło. Sam nuncjusz wyrzekł się naszej obrony” (Што маглі, тое рабілі, каб вярнуць айцоў. Нічога не памагло. Сам нунцый адмовіўся бараніць нас)... Зразумеўшы, што супраціў клерыкаў у параўнаньні з паважным захоўваньнем айцоў пры іх высяленьні выглядаў бы бледна... згадзіліся, што калі на працягу 24 гадзін нічога не пераменіцца, згодна з воляй айца супэрыёра застасуюцца да зьместу (загаду), каторы кожны зь іх атрымаў... У гэты дзень а. Лысік выехаў у Вільню. З Вільні клерыкі павінны былі чакаць на тэлефанічны адказ а. супэрыёра. Калі б гэты не прышоў да гадзіны 18 у суботу, мелі пакінуць Друю і ехаць да сваіх бацькоў. Падзява і Сіповіч гэтага самага дня зьезьдзілі да сваіх айцоў-згнаньнікаў у Канстантынава. Два зь іх, а. В. Хамёнак і а. Ю. Кашыра, нічога не дачакаўшы лепшага ад уладаў, разьвітваліся з усімі і сабіраліся ў дарогу (Друя–Варапаева–Вільня–Варшава). Пацалаваліся, сумна ўсьміхнуліся, a айцец Дашута засьпяваў ведамую расейскую песьню: “Последний нонешний денёчек гуляю с вами я, друзья”. І ад’ехалі два айцы. Крыху спусьця а. К. Смулька, Падзява і Сіповіч пашлі на бераг Гузавага возера... (Айцец Смулька) глядзеў у неба і паўтараў: “Што прасьледаваюць нас, гэта добра, толькі дрэнна, што за самую ідэю нацыянальную. А мы для яе самой беспасярэдня ніколі не працавалі. Палякі зрабілі глупства, нас выганяючы, і не на карысьць сабе, гэта аж надта ясна”...

9. VII. Памаленьку кожны з клерыкаў у суботу стаў сабірацца да сваіх радзіцеляў... (Сіповіч) пашоў да сёстраў Служэбніцаў Езуса Эўхарыстычнага... Выходзячы ад сёстраў тут жа на іх панадворку спаткаўся Сіповіч з Сайкоўскім, добра яму знаёмым вучыцелем Друйскай школы. Падалі рукі. „Dzień dobry i dowidzenia! Za parę godzin muszę już nie być w Drui. Dlatego śpieszę” (Добры дзень і бывайце! За некалькі гадзінаў мяне не павінна быць у Друі. Таму сьпяшаюся. – А.Н.) – сказаў Сіповіч. Сайкоўскі схапіў за руку клерыка і – як здавалася ў той мамэнт, – шчыра і з перакананьнем сказаў: „Jak Boga kocham, księże, wierzę teraz, że w Rosji męczą księży” (Бог мне сьведка, цяпер веру, ойча, што ў Расеі перасьледуюць сьвятароў. – А.Н.). Былі гэтыя словы даволі характэрныя. Сайкоўскі быў паляк...
9-га ліпня ў суботу ў пятай гадзіне марыянскі маладняк пакінуў сваё гняздо... Кароткі толькі час маглі быць клерыкі ў сваіх вёсках. Неўзабаве заклікаў іх усіх Вельмі Паважаны Айцец Енэрал у Варшаву. Тут прабылі летнія канікулы, пасьля якіх усе надзеіліся вярнуцца ў Вільню і канчаць навуку. Аказалася інакш. Ваявода Бацянскі заявіў рэктару сэмінарыі кс. Ушылло, быццам хвармальна незавісімаму, каб марыянскіх клерыкаў у муры сваёй сэмінарыі не ўпушчаў. Калі б улады сэмінарыйныя іх і прынялі, то ваявода выкінуў бы, як гэта зрабіў з а. Язэпам Германовічам, каторы быў рэктарам Марыянскай калегіі ў Вільні...
Сумнае гэта здарэньне скончылася гэтым, што айцы беларусы мусілі астацца ў польскай правінцыі... за выняткам а. Германовіча, каторы сабіраецца знова ў Харбін. З клерыкаў Аніськовіч і Сіповіч згадзіліся прыняць на прапазыцыю а. Енэрала ўсходні абрад. Антось Падзява, К. Саруль, Пранціш Апячонак, Уладыслаў Яшук і Беня Саруль пашлі ў варшаўскую сэмінарыю, Антось Цьвячкоўскі астаўся ў Варшаве пры вул. Віленскай выхаваўцам, а Журня Фэлікс на Бялянах памочнікам сакратара і айца правінцыяла Мрочка.
У друйскі дом прыехалі айцы марыяне палякі на чале з супер’ёрам Е. Кулешай. Такжа ў Вільні пры Жыгімонта вул. будуць клерыкі з Польшчы і хадзіць будуць у віленскую сэмінарыю».
Столькі напісаў Чэслаў Сіповіч. Айцец Германовіч, які быў пад час гэтых падзеяў у Вільні, атрымаў загад на высяленьне прыблізна тады ж, што і друйскія клерыкі, і выехаў у Варшаву 13 ліпеня. Ён наважыўся вяртацца ў Манчжурыю, хоць першым разам яму давялося там нялёгка. Прынамсі цяпер Германовіч паставіўся да гэтага спакайней, бо ведаў: польскія ўлады ўсё адно не дадуць яму застацца ў Беларусі, а жыць у Польшчы ён ня меў аніякай ахвоты. Перад выездам у Харбін ён правёў некалькі месяцаў у Рыме.
Антон Цьвячкоўскі, блізкі прыяцель Сіповіча, пакінуў марыянаў у 1939 годзе. На некалькі гадоў пазьней тoe самае зрабілі Ўладыслаў Яшук і Казімер Саруль. Чатыры іншыя – Антон Падзява, Баніфат Саруль, Францішак Апячонак і Фэлікс Журня – скончылі навуку і сталі сьвятарамі ў Польшчы.
Чэслаў Сіповіч і Казімер Аніськовіч (адзіны паляк сярод друйскіх клерыкаў) згадзіліся на прапанову Цікоты перайсьці ва ўсходні (бізантыйскі) абрад і ехаць у Рым вучыцца ў Расейскай калегіі, каб пасьля працаваць у Харбіне сярод расейцаў.
Выглядае, што Сіповіч пастанавіў прыняць усходні абрад 5 жніўня 1938 году. Прынамсі, тады ён сказаў пра гэта Цікоту. А канчаткова ўмацаваўся ў сваім выбары пад час рэкалекцыяў 6–13 жніўня, якія ахвяраваў на наступныя інтэнцыі: «1) Злучэньне Касьцёлаў, асабліва ўсходняга і рыма-каталіцкага; 2) Каб мне Бог памог споўніць Яго волю і даў сьвятло зразуменьня і сілу працы ў усходнім абрадзе». У апошні дзень рэкалекцыяў Сіповіч зрабіў такі запіс: «Усім сьвятым патронам дзякую за помач, дадзеную мне ў працягу гэтых 8-мі дзён. Зусім ясна і без ніякіх сумніваў здэцыдаваўся перайсьці на ўсходні абрадак, калі гэтага ад мяне заўтра зажадае Езус».
Высяленьне друйскіх марыянаў суправаджалася злоснымі нападкамі на іх з боку польскай шавіністычнай прэсы. Асабліва шчыравалі кракаўскі Ilustrowany Kurier Codzienny (Ілюстраваны штодзённы кур’ер) і віленскі Głos Narodowy (Народны голас). Сярод нешматлікіх галасоў у абарону беларускіх марыянаў прагучала слова польскага езуіта Яна Урбана, рэдактара часопісу Oriens. У жнівеньскім нумары ён надрукаваў доўгі і зьмястоўны артыкул “Monachomachia w Drui” (Змаганьне з манахамі ў Друі)48. Сярод іншага Урбан паказаў, што высяленьне марыянаў з Друі супярэчыла артыкулу 20 канкардату між Польшчай і Апостальскім Пасадам, які вызначаў парадак дзеяньняў у выпадку, калі б дзяржаўныя ўлады мелі засьцярогі адносна нейкага сьвятара. Аўтар пытаецца: «I тут вось паўстае пытаньне: ці ў гэтым выпадку забыліся пра канкардат, ці, можа, дзяржаўныя ўлады так мала давяралі дзяржаўнаму пачуцьцю царкоўных уладаў, што палічылі за лепшае абысьціся бязь іхнага ўдзелу ў разьвязаньні гэтай справы, ці, урэшце, дзейнасьць айцоў марыянаў была нагэтулькі небясьпечнай, што нельга было захаваць вызначаных у канкардаце правілаў». Урбан дыпляматычна ня згадвае пра папскага нунцыя, які адмовіўся бараніць беларускіх марыянаў; a таксама пра ролю польскіх царкоўных герархаў, якія маўкліва пагадзіліся зь дзеяньнямі дзяржаўных уладаў.
Другім польскім часопісам, які заступіўся за друйскіх марыянаў, быў Przegląd Wileński (Віленскі агляд). Дарэчы, ён неўзабаве спыніў сваё існаваньне празь перашкоды, што чыніла яму польская адміністрацыя. У апошнім нумары за 6 кастрычніка 1938 году надрукаваны артыкул П. Кантрыбы (псэўданім а. Уладыслава Талочкі) “Pokłosie nagonki na Marianów w Drui” (Вынікі нападаў на марыянаў у Друі)49. Аўтар падрабязна піша пра аднаго з галоўных ворагаў беларускіх марыянаў, ксяндза Юзэфа Бародзіча: «Ужо шмат гадоў запар Вэнтымільскі ганаровы канонік Язэп Бародзіч кожнага году раньняй вясною пакідае свой маленькі палац у Сан-Рэма і як мага хутчэй сьпяшаецца ў сваім люксовым лімузыне “Z ziemi włoskiej do Polski” (“з італійскай зямлі ў Польшчу”: словы з польскага нацыянальнага гімну. – А.Н.). Прыехаўшы сюды... ва ўмовах, неспрыяльных для здароўя, па жахлівых дарогах... сярод паўдзікіх людзей нацыянальнай меншасьці, гатовых зрабіць замах на ягонае дарагое жыцьцё, гэты сучасны місіянер эндэцыі і лацінізму праводзіць доўгія месяцы да позьняй восені, калі нарэшце з апошнімі птушкамі пацягнецца зноў да краіны “дзе цьвітуць лімоны”50. Лета 1938 году без сумневу будзе належаць да найцудоўнейшых, якія перажыў канонік Бародзіч... Ён перажыў гэтым летам у Друі ў сярэдзіне чэрвеня хвіліну, якой нецярпліва чакаў даўно і якая была яму платаю за ўсе высілкі, стараньні і невыгоды ягонага апостальска-місіянерскага жыцьця, якому мінула ўжо семдзесят. Гэта была хвіліна, калі, пасьля высяленьня марыянаў з Друі, поўны радасьці, ён усклікнуў, зьвяртаючыся да мясцовых людзей: “Zwyciężyłem Moskali!” (Я перамог маскалёў). Toe, што неўзабаве яму давялося крыху пахвалявацца ў страху за свае косьці і шыбы аўта... мусіць, не парушыць радасьці гэтага гульца і рызыканта ў жыцьці і ў рулетцы...» У канцы аўтар параўноўвае польскую каталіцкую герархію з братамі, што прадалі Язэпа ў эгіпецкую няволю: «...Выступленьне адміністрацыйных уладаў сёлета супраць марыянаў як у Друі, так і ў Вільні падрыхтавалі і аблегчылі пэўныя царкоўныя колы, якія ўвесь свой аўтарытэт і ўсе наяўныя сродкі кінулі на справу дэнацыяналізацыі беларусаў... Дык ні ваявода, ні стараста браслаўскі, ні нават той ці іншы начальнік аддзелу бясьпекі ў сапраўднасьці не вінаватыя ў высяленьні беларусаў марыянаў з Друі і Вільні... Біблейскага Язэпа прадалі ўласныя браты... Калі некаму вышэй сказанае не падабаецца, хай прыгадае рашучы сказ Бядакі з Асыжу (г. зн. сьв. Францішка. – А.Н.): „Калі праўда – скандал, дык будзем чыніць скандал”».
Між іншага, айцоў Талочку і Станкевіча таксама выселілі зь Вільні ў сьнежні 1938 году. Апрача гэтага, Ялбжыкоўскі прыгразіў Талочку царкоўнымі карамі і забараніў пісаць у газэты. Талочка пераехаў у Беласток, а Станкевіч – у Слонім. На гэтым, аднак, “пагром” беларусаў ня скончыўся. У Пінскай дыяцэзіі маладога беларускага грэка-каталіцкага сьвятара Льва Гарошку выселілі з Стаўпцоў. Сьвецкім супрацоўнікам а. Станкевіча давялося яшчэ горай. У жніўні 1939 году, перад самым пачаткам вайны, польская паліцыя арыштавала дырэктара беларускай друкарні імя Ф. Скарыны і рэдактара часопісу Шлях моладзі Язэпа Найдзюка, рэдактара часопісу Калосьсе Яна Шутовіча, Віктара Ермалковіча ды шмат каго іншага і выслала іх у сумнавядомы канцэнтрацыйны лягер у Бярозе Картускай. На шчасьце, іхныя пакуты ў лягеры працягваліся нядоўга: 1 верасьня выбухнула польска-нямецкая вайна, і праз два тыдні Польская рэспубліка перастала існаваць.
У сваім ненадрукаваным жыцьцяпісе айца Андрэя Цікоты Чэслаў Сіповіч разважаў: «Як жа ж было б пуста ў нашым нацыянальна-адраджэнскім жыцьці, калі б не было свайго ўласнага беларускага манастыра, зь якога б лунала сьвятасьцю, працавітасьцю і ўсім тым глыбейшым хрысьціянствам, перажытым маральна, асцэтычна і псыхалягічна шчырым беларусам? Каб не было гэтага пустога мейсца, айцец Андрэй Цікота ў вельмі неспрыяльных абставінах пачаў арганізаваць у Друі над Дзьвіной беларускі манастыр Айцоў і Братоў Марыянаў». І далей: «Друйскі манастыр, калі зыйшліся ў ім а. Фабіян Абрантовіч, вучоны, глыбокі філёзаф, але такжа просты і самаахвярны; а. Язэп Германовіч, паэт, пісьменьнік, выхаваўца моладзі; а. Віталіс Хамёнак, апостал народу, што знаў кожную вёску і кожнага жыхара ў Друйскай парафіі, а слыў сярод іх як запраўдны сьвяты; а. Дашута, др. кан. права, закаханы ў літургічным сьпеве; калі ўсе гэтыя айцы згодна пад кіраўніцтвам Цікоты ўзяліся за працу ў манастыры, у парахвіі, у школе, ня толькі Друя, але ўся заходняя Беларусь адчула, што запраўды існуе беларускі рэлігійны цэнтр»51.
Гэтыя ўрыўкі, напісаныя Сіповічам у 1972 годзе, даюць чытачу ідэалізаваны вобраз Друі і перабольшваюць яе значэньне ў рэлігійным і нацыянальным жыцьці Заходняй Беларусі. Насамрэч усё выглядала інакш. Айцец Леў Гарошка ў лісьце да Сіповіча за 27 чэрвеня 1954 году пытаўся: «Ці ўсе калісь выселеныя з Друі айцы і клерыкі марыяне былі ўсходняга абраду, ці былі такжа і лацінскага?» Сіповіч адказаў 29 чэрвеня: «Друйскі кляштар быў наскрозь лацінскага абраду. Там не было ані ўсходняй капліцы, ані рызаў. Толькі некаторыя айцы (Абрантовіч, Цікота, Найловіч К., Падзява Тамаш) прынялі ўсходні абрад, але яны працавалі ў ім ня ў Друі, а ў Харбіне. Выселеныя клерыкі ўсе былі лацінскага абраду, а таксама і айцы. З клерыкаў толькі адзін я астаўся ўсходнікам, а з айцоў Я. Германовіч». Айцец Гарошка быў сьвятаром у Заходняй Беларусі перад 1939 годам і сам пацярпеў за сваю беларускасьць. Здавалася б, хто, як ня ён, мусіў ведаць пра “беларускі рэлігійны цэнтар” або прынамсі чуць пра яго...

Друя ніколі ня стала беларускім рэлігійным цэнтрам, пра які марыў блаславёны Юрай Матулевіч, калі ствараў яе ў 1924 годзе. Праз год пасьля яе заснаваньня ён зрокся Віленскага пасаду, а яшчэ праз паўтара году пайшоў з жыцьця. У асобе Матулевіча Друя страціла шчырага прыяцеля і апекуна акурат тады, калі мела ў ім вялікую патрэбу. На ягоным месцы апынуліся людзі, якія варожа ставіліся да ўсяго беларускага (Ялбжыкоўскі), або глядзелі на беларусаў як на прыладу для “навяртаньня Расеі” (Бучыс). У другой палове 1927 году ў Друйскім кляштары было сем сьвятароў (разам з навіцыянтам а. Францішкам Чарняўскім). Яны маглі з упэўненасьцю глядзець на будучыню свайго кляштару. Прызначэньне Абрантовіча ў Харбін паклала канец шмат якім іхным плянам. Харбінская місія лягла вялікім цяжарам на плечы Друі, не даючы ёй магчымасьці шырэй разгарнуць працу ў Беларусі. Горш за тое, яна напалохала іншых сьвятароў, якія мелі намер далучыцца да друйскіх марыянаў, каб працаваць разам на славу Божую сярод свайго беларускага народу. За дзесяць гадоў – ад 1928 да 1938 – ніводзін беларускі сьвятар не прыйшоў у Друю. Без прытоку новых сілаў спыніўся рост кляштару. А што да сваіх клерыкаў-студэнтаў, дык зь першых трох, якія скончылі навуку ў 1935 годзе, толькі адзін застаўся ў Друі, а двох іншых амаль адразу выслалі ў Харбін...
Аслабленая Харбінам Друя не магла бараніцца ад націску польскіх дзяржаўных і духоўных уладаў і паволі здавала свае першапачатковыя беларускія пазыцыі. Шмат хто зь беларусаў меркаваў, што Цікота залёгка ішоў на саступкі. Айцец Адам Станкевіч у лісьце да айца Германовіча за 8 кастрычніка 1938 году пісаў: «Як ён (Цікота. – А.Н.) быў у Вільні, дык мы зь ім разважалі аб тым, што ягоная “палітыка” шмат у чым не вядзе да мэты. Праўда, гэта цьвердзіў я, а ён не згаджаўся, але факты, здаецца, падтрымліваюць маю тэзу. Знача, на мой погляд, ён мусіць сваю гэну “палітыку” перагледзець і сёе-тое зьмяніць». Другі сьвятар, Віктар Шутовіч, у лісьце да айца Хрызастома Тарасэвіча за 15 кастрычніка 1938 году быў катэгарычнейшы ў сваёй крытыцы: «У гэты момант я сумняваюся, ці беларускія законьнікі калі што добрага зробяць для свайго народу. Я гэта бачу па марыянах. Цікота мой калега і ён поўны жыцьця і сілаў. Многа рабіў для беларусаў, пакуль ня стаўся законьнікам. Закон яго пераламаў на нейкага касмапаліта. У Друі ён больш працаваў для палякаў, як для беларусаў. А заплацілі яму за гэта толькі кпінамі і балотам. Цяпер ён, як і ты (Тарасэвіч. – А.Н.), выгнаны з роднага краю і недзе туляецца па шырокім сьвеце. Ягоныя законьнікі беларусы таксама ў разгонцы, ані воднага няма ў родным краі! Вось табе і законнае жыцьцё для беларусаў!»
Крытыка вострая, але небеспадстаўная. Ейная слушнасьць у вялікай меры пацьвярджаецца словамі самога Цікоты. Пасьля таго, як 9 чэрвеня 1938 году беларускіх марыянаў змусілі першы раз пакінуць Друю, Цікота напісаў ліст з скаргаю папскаму нунцыю ў Польшчы. Сярод дакумэнтаў, прыкладзеных да ліста, быў адзін пад назваю “Некаторыя зьвесткі пра Друйскі дом закону аа. марыянаў” (Quandam Informationes de Domo Druiensi Congr. CC. RR. Marianorum). У ім асьвятляецца стан беларускай справы ў Друйскай парафіі і кляштары. Спачатку Цікота піша пра Друйскую парафію да зьяўленьня марыянаў: «Сьведамасьць беларускай нацыянальнасьці сярод людзей Друйскай парафіі перад тым, як прыйшлі законьнікі Закону аа. марыянаў, была даволі пашыраная. Беларускі рух рос дзень пры дні, асабліва ў Расейскую рэвалюцыю, так што ў часе кананічнай візытацыі, якую Найдастойнейшы архібіскуп Эдуард Ропп правёў у канцы 1917 году, адчувалася відавочная неабходнасьць казаняў у беларускай мове, на якія, каб іх пачуць, прыходзіла нямала схізматыкаў.
Ад часу гэтай візытацыі аж да заснаваньня ў Друі дому (кляштару) вышэй памянёнага закону прапаведваньне Слова Божага ў беларускай мове адбывалася ў Друйскай царкве практычна кожны сьвяточны дзень... Па-за царквою беларуская дзейнасьць праводзілася ў гурткох моладзі, было ўжо таксама нямала сяброў беларускай арганізацыі “Хрысьціянская Дэмакратыя”; нярэдка адбываліся беларускія тэатральныя пастаноўкі, у якіх часта браў удзел парафіяльны хор».
Далей а. Цікота апісвае становішча ў Друйскай парафіі пасьля таго, як яе перанялі беларускія айцы марыяне: «У Друйскай парафіі ёсьць нямала брацтваў і рэлігійных таварыстваў, якімі старанна кіравалі айцы (марыяне. – А.Н.). Усе паседжаньні і зборкі гэтых арганізацыяў адбываліся толькі на польскай мове. Айцец Язэп Дашута, адміністратар парафіі, шмат займаўся распаўсюджваньнем кніг і часопісаў. Лік (падпісчыкаў) каталіцкіх часопісаў і бюлетэняў на польскай мове – некаторыя зь іх тыднёвікі, а іншыя месячнікі – даходзіць да 1000, затое на беларускай мове лік паасобнікаў каталіцкага часопісу, які выходзіць два разы ў месяц, летась не перавысіў 10. У апошнія гады было распаўсюджана больш як 1500 малітоўнікаў на польскай мове, а на беларускай каля 20. У парафіяльнай бібліятэцы ёсьць каля 1500 кніг, але толькі 4 зь іх на беларускай мове, астатнія – на польскай.
Апроч працы чыста царкоўнай і рэлігійнай, айцы заснавалі ў 1924 годзе польскую гімназію, у якой ужывалася толькі польская мова (вылучана мною. – А.Н.), усе настаўнікі, з выняткам аднаго айца, былі палякамі і, беручы пад увагу закіды, якія рабіліся нашым айцам, налягалі на тое, каб узмоцніць польскі дух больш, чым гэта звычайна робіцца ў іншых гімназіях (вылучана мною. – А.Н.).
У Друі існуюць розныя польскія грамадзкія таварыствы і гурткі, якія часта ладзяць розныя нацыянальныя сьвяткаваньні. На ўсе гэтыя сьвяткаваньні запрашалі нашых айцоў, і яны, наколькі гэта было магчыма сьвятаром, бралі ў іх удзел, а часам і самі іх арганізоўвалі. Наадварот, праз увесь час свайго знаходжаньня ў Друі яны не заснавалі ніводнага беларускага гуртку»52. Гаворачы пра Друйскую гімназію, варта прыгадаць наступны эпізод. У 1974 годзе споўнілася 50 гадоў ад часу яе заснаваньня. З гэтае нагоды адна з былых навучэнак, Анна Лук’янская, якая жыла на той час у Беластоку, напісала доўгі даволі слабы верш “На юбілей заснаваньня Гімназіі імя Кн. Сьцяпана Батуры ў Друі” (Na jubileusz powstania Gimnazjum im. Кs.[так напісана! – A. Н.] Stefana Batorego w Drui), y якім ёсьць і такія радкі:
Вучачы пра Пяста Каладзея
Гісторык, гаворачы пра мінулае,
Вучыў нас, апроч дзеяў Польшчы,
Вялікай любові да Бацькаўшчыны.53
Зразумела, гэтай бацькаўшчынай была не Беларусь – у паэме яна нават ня згадваецца.
Але вернемся да ліста Цікоты: як выглядалі справы ў самім кляштары? «У зносінах між сабою законьнікі карыстаюцца як беларускай, так і польскай мовамі. Ня ўсе законьнікі – беларусы, ёсьць таксама палякі і летувісы, хоць іх менш лікам. Айцы, якія займаюцца рознымі справамі, а таксама клерыкі... ніколі ня мелі (абавязку) вывучаць беларускую мову і літаратуру (вылучана мною. – А.Н.). Апошнія пяць гадоў кіраўнік (супэрыёр) дому паляк, сярод 17 юнакоў было 11 палякаў, і ва ўсім доме чуецца больш польская мова, чым беларуская.
Усе айцы Друйскага дому ўзгадаваныя хутчэй у польскім духу, чым у беларускім, і таму самі бязь цяжкасьцяў карыстаюцца польскай моваю. Прызнаючыся ў сваёй беларускай нацыянальнасьці, яны ня ставяць перад сабою ніякіх нацыянальных мэтаў, а карыстаюцца беларускай моваю, каб іх лепш разумелі. Маючы заўсёды перад вачыма артыкул 180 Канстытуцыяў (марыянскіх. – А.Н.)... айцы ніколі ня ўмешваліся ў ніякія палітычныя ці нацыянальныя справы. Таму нярэдка з боку беларускай інтэлігенцыі ім рабілі закіды, што сваёй дзейнасьцю яны быццам уціскалі беларускую нацыянальнасьць і запавольвалі ейнае разьвіцьцё (вылучана мною. – А.Н.). Сапраўды, ранейшая дзейнасьць беларускай моладзі, не падтрыманая айцамі, паступова быццам зьнікла, і ад часу зьяўленьня ў Друйскай парафіі закону аа. марыянаў у ёй не было ніякіх беларускіх сцэнічных пастановак ці хораў»54.
Такім чынам, паводле сьведчаньня самога Цікоты, да прыйсьця марыянаў Друйская парафія мела беларускі характар. Пасьля таго, як яе перанялі марыяне, беларускае рэлігійнае і культурнае жыцьцё, не атрымаўшы належнае падтрымкі ад айцоў, замерла. Toe самае кажа Ян Урбан: «Калі ідзе пра катэхізацыю (на беларускай мове. – А.Н.), дык трэба дадаць, што не марыяне першыя яе ўвялі, бо перад іхным прыйсьцем у Друю беларуская мова ўжывалася ў казанях, і якраз за марыянамі ад яе адмовіліся, пакінуўшы толькі ў філіяльнай капліцы»55.
Відаць, Цікота думаў, што калі пойдзе на некаторыя саступкі, дык улады пакінуць яго і кляштар у спакоі. На жаль, звычайна кожная саступка нахабніку робіць яго яшчэ нахабнейшым. Урэшце, калі ўжо зусім не засталося куды саступаць, беларускіх марыянаў проста выкінулі. Выкінулі не за тое, што яны рабілі, а за тое, кім былі. У вышэй згаданым дакумэнце Цікота піша: «У Польшчы кожны каталік ужо гэтым самым – паляк [так паўтарыў некалькі разоў у прысутнасьці ніжэй падпісанага ваявода віленскі]. Таму, калі нехта, асабліва каталік, а тым больш сьвятар дый яшчэ законьнік, уважае сябе за беларуса, гэтым самым ён – палітык, сэпаратыст і бальшавік»56.
З вышэй сказанага відаць, што ў 1938 годзе ад пачатковай ідэі Друі не засталося амаль нічога. Высяленьне беларускіх марыянаў было ня чым іншым, як coup de grâce для таго, што і так ужо канала. Але гэта ніякім чынам не апраўдвае польскіх уладаў.
Занятыя змаганьнем зь беларусамі, палякі не заўважылі, што лёс іхнай дзяржавы вісіць на валаску. Крыху больш як праз год пасьля драматычных падзеяў у Друі, 1 верасьня 1939 году, выбухнула нямецка-польская вайна. Праз два тыдні Польская дзяржава перастала існаваць. Заходнюю Беларусь далучылі да Беларускай Савецкай Рэспублікі. Наперадзе яе чакалі яшчэ цяжкія выпрабаваньні, але ад польскага панаваньня не засталося нічога, апрача прыкрых успамінаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.