Візіт Папы Бэнэдыкта 16 да Санктуарыя Хрыстовага Аблічча
Менавіта, як мы ужо паведамлялі, Сьвяцейшы Айцец наведаў гэты Санктуарый, які знаходзіцца
ў Манопэльлё, і дзе знаходзіцца незвычайная рэліквія: хустка з выяваю аблічча Хрыста.
Традыцыйна, яна была прызнаваная за “хустку Сьвятой Вэронікі”. Найнавейшыя дасьледаваньні
паказваюць нязвычайнае падабенства аблічча Збавіцеля з адбіцьцём з Турынскае Плашчаніцы,
аднак хустка з Манопэльлё паказвае аблічча жывога чалавека. Пасьля малітвы ў Санктуарыі
Папа Бэнэдыкт 16 сказаў слова да прысутных там вернікаў, галоўным чынам да духоўных.
Разважаньне Папы было прысьвечанае біблійнаму “шуканьню аблічча Бога”, якое знайшло
сваю вяршыню ў распазнаньні Апосталамі Божага Мэсыі ў Ісусе. Каб убачыць Бога- сказаў
Сьвяцейшы Айцец- трэба прызнаць Хрыста і дазволіць фармаваць сябе Ягоным Духам, які
вядзе вернікаў “да поўнае праўды”. Да гэтага патрэбнымі ёсьць- як кажа Псальміст-
“чыстыя рукі і беззаганнае сэрца”, значыць свабода ад хлусьні і эгаізму ды унутраная
адкрытасьць на прыняцьце своеасаблівае Божае прысутнасьці, якую сімвалізуе Ягонае
Аблічча. Дарагія сьвятары- сказаў далей Папа- калі ёсьць ў вас, Пастырах Хрыстовага
Стада, адціснутая сьвятасьць Ягонага Аблічча, то не бойцеся: таксама верныя даручаныя
вашай апецы будуць ёю заражаныя і пераменяцца. А вы, сэмінарысты, якія падрыхтоўваецеся
да прыняцьця адказнасьці за хрысьціянскі народ, не падвяргайцеся нічому іншаму, як
толькі жаданьню служэньня Касьцёлу. Гэтае самае хачу сказаць вам- зьвярнуўся Папа
да прысутных законніц і законнікаў- каб вашая дзейнасьць была бачным адбіцьцём Божае
дабраты і міласэрнасьці.” На заканчэньне сваёй прамовы Сьвяцейшы Айцец спаслаўся
таксама да Нацыянальнага Дня Аховы Стварэньня, які 1-га верасьня ўшаноўваўся ў Італіі.
Маліўся за большую сьвядомасьць адказнасьці, якая ў гэтай галіне спачывае таксама
на верніках. Пасьля гэтае сустрэчы Папы Бэнэдыкт 16 вярнуўся на вэрталёце да сваёй
летняй рэзыдэнцыі ў КастэльГандольфо.