2006-09-01 14:40:11

Пілігрымка да Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага


Пілігрымка да Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага
Раніцай 26 жніўня 2006 г. з Мінска ў Пінск накіравалася аўтобусная пілігрымка. Мэтаю пілігрымаў была малітва каля труны Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, а таксама наведанне дыяцэзіяльнага санктуарыя пінскага Касцёла ў Лагішыне. У мурах старажытнай пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 46 удзельнікаў пілігрымкі вітаў Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк.
Адразу пасля прыбыцця ў Пінск пілігрымы наведалі Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя святога Тамаша Аквінскага, а семінарыя, як вядома, з’яўляецца сэрцам кожнай дыяцэзіі. Прэфект семінарыі ксёндз Аляксей Раманчук паказаў мінскім гасцям гістарычны будынак, у якім калісьці вучыўся малады семінарыст Казімір Свёнтэк, і дзе цяпер рыхтуюцца да святарскага служэння юнакі з трох дыяцэзій Беларусі: Пінскай і Віцебскай, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Пасля наведання семінарыі пілігрымы ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебраваў у пінскай катэдры «патрыярх» Касцёла ў Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк. Пасля Імшы кардынал распавёў удзельнікам пілігрымкі пра гісторыю пінскай катэдры, якая цесна пераплялася з яго лёсам, а потым правёў іх у крыпту, дзе спачывае цела Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Менавіта тут, дакрануўшыся да труны першага Пінскага біскупа, Казімір Свёнтэк, яшчэ будучы юнаком, упершыню адчуў у сваім сэрцы пакліканне да святарства…
Пакінуўшы гасцінны Пінск, пілігрымка скіравалася ў Лагішын. Мінскіх вернікаў прывітаў кусташ пінскага дыяцэзіяльнага санктуарыя а. Міраслаў Жлабінскі, арыяніст. Перад адкрытым цудатворным абразом Маці Божай Лагішынскай пілігрымы ўзнеслі свае шчырыя малітвы, пасля чаго, духоўна ўзбагачаныя, рушылі ў зваротны шлях.








All the contents on this site are copyrighted ©.