2006-08-29 16:01:31

Пад знакам Ісуса.


Нават крывавыя пераследванні не спынілі стварэння ў Хрысціянстве новых плыняў. Перад Вялікай Царквою паўставалі ўсё новыя і новыя пытанні, якія закраналі самую дактрыну Хрысціянства і на якія трэба было даваць адказы. Так напрыклад у Рыме вядомы багаслоў біскуп Іпаліт, якога з-за сваёй апазыцыі біскупам Рымскім празвалі “анты-папай”, абвінаваціў біскупа (і будучага Папу) Калліста ў памылковым разуменні навуцы аб Святой Тройцы, у паслабленні царкоўнай дысцыпліны і занадта памяркоўным стаўленні да грэшнікаў. Спрэчка паміж так званымі “чыстымі” і “памяркоўнымі” узнік у адносінах да тых, хто адрокся ад веры пад час праўлення Рымскага імператара Дэцыя, які валадарыў не так доўга, з 249-га па 251-ы год, але выдаў эдыкты аб пераследванні хрысціянаў. Радыкальна настроеныя хрысціяне, такія як Наватыян, у працілегласць біскупу Рымскаму Карнэлію, адказвалі адмоўна. Рымскі Сінод адлучыў Наватыяна ад Царквы, але той стварыў сваю асабістую секту, якая праіснавала некалькі стагоддзяў.
Царкоўныя ерархі Карфагена і Рыма спрачаліся аб тым, ці трэба зноў хрысціць тых, хто быў ахрышчаны ў сектах або ў асобных цэрквах і хацеў бы зноў вярнуцца ў сапраўдную Царкву. Біскупы Паўночнай Афрыцы начале з Кіпрыянам лічылі, што іх ізноў трэба хрысціць. А вось галава Рымскай суполкі Папа Стэфан меў іншую думку, і ў Рыме былых ахрышчаных ерэтыкоў прыймалі ў Царкву простым ускладаннем рук святара на галаву нованавернутага. Дзеля абароны сваёй пазіцыі Афрыканскія біскупы нават сабраліся ў 250-м годзе на Памесны Сабор.
Аднак усе гэтыя разнагалоссі былі не дзеля задавальнення асабістых амбіцыяў царкоўных ерархаў, але дзеля знаходжання ісціны. Дыскусіі і спрэчкі садзейнічалі ўсталяванню больш цесных сувязяў паміж Цэрквамі. Дзеля іх вырашэнняў біскупы пачалі збірацца на Памесныя Саборы. Што ж тычыцца Рымскай Царквы, то яна, як самая шматлікая (у ёй да 250-га года налічвалася каля 50 святароў), займала асаблівае палажэнне і карысталася вялікім аўтарытэтам. Аднак гэта не выключала яе канфліктаў з главамі іншых Цэркваў. Напрыклад, Кіпрыян Карфагенскі высока цаніў сваю біскупскую ўладу і адстойваў традыцыі, уласцівыя Хрысціянскім Цэрквам Афрыкі.
З 293-га года Рымскай імперыяй кіравалі чатыры саправіцеля: аўгусты Дыалектан і Максіміан, цэзары Галерый і Канстанцый. Менавіта Галерый стаў ініцыятарам чарговага пераследвання хрысціянаў. Спачатку з войска былі выгнаныя ўсе салдаты-хрысціяне, потым Галерыю ўдалося ўгаварыць Дыалектана выдаць у 303-304 гады адзін за адным чатыры імператарскіх эдыкты. Першы з іх загадваў разбураць храмы і знічтажаць багаслужбовыя кнігі хрысціянаў.
Другі і трэці былі звернуты непасрэдна супраць духавенства. Але самым страшным і крывавым быў апошні эдыкт 304 года, які абавязваў усіх без выключэння жыхароў неабсяжнай Рымскай імперыі прыносіць ахвяры рымскім багам. Гэты эдыкт абракаў хрысціянаў на катаванні і мучэнні ў імя веры. Новыя пераследванні працягваліся амаль дзесяць гадоў. У 305-м годзе Галерый і Канстанцый становяцца аўгустамі, а Север і Максімін Дайя – цэзарамі. З гэтага часу пераследванні перанесліся на Захад і былі скончаны толькі ў 311-м годзе, калі Галерый, за некалькі дзён да сваёй смерці, выдаў эдыкт аб верацярпімасці. Гэты эдыкт забяспечваў бяспеку хрысціянаў па меньшай меры ў заходняй частцы Рымскай імперыі, тады як на Ўсходзе Максімін Дайя працягваў пераследванні да 313-га года.
Пераследванні спыніліся з прыходам да ўлады імператара Канстанціна празванага Вялікім. Ён выхоўваўся пры двары імператара Дыаклетыана і пачаў сваю кар’еру ў войску. Пасля смерці бацькі Канстанцыя Хлора пад час жорсткай барацьбы за ўладу Канстанцін быў абраны імператарам. У 312-м годзе, пад час бітвы на Мільвійскім мосце, войска Канстанціна перамагло войска яго супраціўніка Максенцыя. Гэта перамога стала першым крокам на шляху аб’яднання ўсёй імперыі пад уладай аднаго Канстанціна. Па сведчаннях гісторыкаў, ён у той момант і не думаў аб Хрысціянстве, аднак даволі лёгкая перамога хутка абрасла легендамі. Настаўнік сына імператара, гісторык Лактанцый, пісаў, што Канстанцін у сне атрымаў указанне ад Бога нанесці на шчыты салдатаў сімвалы Ісуса Хрыста – перакрыжаваныя грэцкія літары ХР.
Імператар Канстанцін ішоў да Хрысціянства, сумяшчаючы асабістыя перакананні з палітычным разлікам. У 313-м годзе пад час сустрэчы са сваім усходнім саправіцелям Ліцыніям, ён дамовіўся з ім праводзіць палітыку верацярпімасці ў адносінах да хрысціянаў. Гэтая дамова дзвух імператараў увайшла ў гісторыю пад назвай Міланскага эдыкта і паклала пачатак прахрысціянскай палітыцы Канстанціна. Не выключальна, што ў навяртанні Канстанціна быў элемент прагматызму. Новая рэлігія заваявала вялізарную колькасць прыхільнікаў і мела вялікую духоўную сілу, здольную аб’яднаць Імперыю. Канстанцін выдаў шэраг законаў з мэтай выправіць нясправядлівасць, якая была ў адносінах да хрысціянаў.
Па яго загаду былі пабудаваныя новыя хрысціянскія храмы ў Рыме, Ерусаліме і ў Канстанцінопалі (былой Візанціі), куды ён, пасля канчатковай перамогі ўжо над Ліцыніям, перанёс сваю сталіцу. Канстанцін таксама намагаўся прымірыць спрэчлівыя плыні ў Хрысціянстве. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у 325 годзе, у горадзе Нікея (што знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Турцыі недалёка ад Басфорскага праліва) сабраўся Першы Усяленскі (або Экуменічны) Сабор, на які сабраліся 318 біскупаў з усёй Рымскай імперыі. Можна лічыць, што з гэтага часу пачалася новая эпоха ў гісторыі Хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.