2006-08-22 14:40:05

Пад знакам Ісуса


Прынята лічыць, што эдыкты Рымскага імператара Септымія Севера паклалі канец прававым нормам у адносінах да хрысціянаў, якія былі ўсталяваны яшчэ пры імператары Траяне ў 113-м годзе. І хаця першы такі эдыкт быў выданы ў 202 годзе і меў абмежаваны характар бо закрануў у асноўным хрысціянскія суполкі ў Паўночнай Афрыцы і Егіпце, але зноў пралілася кроў хрысціянаў. У Грэцыі загінулі Святыя Перпетуя і Феліцата. Жорсткі ўдар быў нанесены багаслоўскай школе ў егіпецкай Александрыі.
Гэты гістарычны перыяд пакідае страннае падвойнае ўражанне, бо следам за часамі пераследванняў ішлі часы адносна спакойных адносінаў да хрысціянаў. Прыкладам можа служыць лёс багаслова і тлумачальніка Святога Пісьма Арыгена, бацька якога, Леанід стаў ахвярай пераследванняў ў 202-м годзе. Арыген, ўзгадваючы мужнасць і трываласць сяброў сваёй суполкі, напісаў, што ў часы Септымія Севера былі адважныя мучанікі і сапраўдныя вернікі. Жыццё самога Арыгена было таксама пад пагрозай. Пазней ён сустракаўся з маці Рымскага імператара Аляксандра Севера. А пры імператары Дэцыі, у 252-м годзе, Арыген быў арыштаваны ў закатаваны ў вязніцы.
Гэтыя часы прынята называць “Царква ў катакомбах”. З цягам часу гэтыя словы набылі гістарычна-рамантычны сэнс, але нічога рамантычнага ў гэтым не было. Рымскія ўлады ведалі пра ўсе падземныя могілкі і ведалі каму яны належаць. Пад час пераследванняў адзін імператар мог адабраць у суполцы могілкі, другі – вярнуць іх. Таму хрысціяне наведвалі катакомбы ў спакойныя часы. Яны прыходзілі туды каб пахаваць сваіх памёрлых, упрыгожваць іх магілы, маліцца. Цесната галерэяў і памяшканняў не дазваляла збірацца вялікай колькасці людзей. Менавіта ў адным з такіх памяшканняў у 258-м годзе быў захоплены біскуп Рымскі Сікст ІІ са сваімі дыяканамі. Потым яны прынялі мучаніцкую смерць. Калі ж была магчымасць, то дзеля багаслужбаў і паміну памёрлых, хрысціяне збіраліся ў спецыяльных хатніх касцёлах, якія былі ў заможных вернікаў.
Прычыны пераследванняў былі розныя, напрыклад Рымскі імператар Максімін-Фракіец, які валадарыў з 235-га па 238-ы год, пераследваў хрысціянаў таму, што яго папярэднік – Аляксандр Север – ставіўся да іх дабразычліва. Пераследванні Максіміна-Фракійца тычыліся перш за ўсё хрысціянскага духавенства. Гэта пры ім біскуп Рымскі Пантэан і прэсбітэр Іпаліт былі сасланыя на руднікі на востраў Сардынія, дзе і сканалі. Пад час праўлення імператара Дэцыя імперыю паразіў глыбокі крызіс. Хваляванні і бунты простага люду і рабоў, націск плямёнаў готаў на Дунаі – усё гэта патрабавала ўмацавання дзяржаўнай улады. Дэцый імкнуўся аднавіць кансэрватыўны вобраз праўлення і афіцыйны рэлігійны культ Рымскай імперыі.
У 250-м годзе ён выдаў эдыкт, які абавязваў усіх жыхароў Імперыі прыносіць ахвяраванні выявам багоў ды імператараў. Наступствы такой палітыкі былі вельмі цяжкімі, асабліва для Цэркваў Паўночнай Афрыкі. З-за страху перад рэпрэсіямі многія хрысціяне прыносілі ахвяры язычніцкім багам. Некаторыя давалі хабар суддзям, каб атрымаць фальшывае сведчанне аб здзейсненым ахвярапрынашэнні, іншыя абмяжоўваліся спаленнем ладану. Былі і такія, хто рабіў абрад адрачэння поўнасцб і прыносіў ахвяру, напрыклад богу Марсу.
Пасля заканчэння пераследванняў і тыя, і іншыя спадзяваліся вярнуцца ў сваю веру. Перад біскупамі паўстала новая праблема: ці можна зноў прыймаць у Царкву тых, хто адпаў ад яе? Некаторыя са спаведнікаў (біскупаў) адразу прыймалі тых, што “адпалі” ад Царквы Хрыстовай. А вось адзін са знакамітых першахрысціянскіх біскупаў Паўночнай Афрыкі Кіпрыян Карфагенскі настайвай на раскаянні ў залежнасці ад цяжкасці грэха. Самому Кіпрыяну адсеклі галаву за тое, што адмовіўся прынесці ахвяру “боскаму” імператару.
Імператары Галл і Валерыян працягвалі пераследванні хрысціянаў. Апошні, дзеля папаўнення дзяржаўнай казны, канфіскаваў маёмасць царкоўных суполак. Канец жорсткім пераследванням Валерыяна ў 260-м годзе паклаў эдыкт верацярпімасці яго сына імператара Галіліена. Хрысціяне нарэшце атрымалі магчымасць спавядаць сваю рэлігію адкрыта і не ўдзельнічаць у язычніцкіх абрадах.
Нават крывавыя пераследванні не спынілі стварэння ў Хрысціянстве новых плыняў. У нашых мінулых гутарках мы гаварылі, што прыблізна ў 140-м годзе, у Рыме, хрысціянін якога звалі Маркіон, стаў прапавеваць сваё вучэнне, адмаўляючы, што Бог-Творца падобны на Ісуса Хрыста. Той Маркіон супрацьпастаўляў два Святых Пісьма, сцвярджаючы, што Бог юдэяў – гэта нізшы Бог, які стварыў не ідэальны свет. А вось Бог, які раскрыўся ў Ісусе Хрысце, Бог усеагульнай любові і Ён не мае нічога агульнага з Богам Старога Запавета. Маркіон не прызнаваў усе багаслоўскія кнігі, дзе ўзгадвалася пра Бога Старога Запавету. У Маркіона аказалася шмат прыхільнікаў і негледзячы на тое, што ў 144-м годзе быў адлучаны ад Царквы Рымскай хрысціянскай суполкай, ён стварыў супольнасць, якую звалі царквою і якая існавала даволі доўгі час.
У 172-м годзе нехта фрыгіец Мантан, разам з дзвума сваімі прарочыцамі, заявілі, што канец света ўжо блізкі. Мантан сцвярджаў, што атрымаў адкрыццё Святога Духа, падобнае на тое, якое атрымаў Ісус.
Разам з гэтымі плынямі, якія былі прызнаныя ерэсямі, у 242-м годзе ў Персіі з’явілася дуалістычная навука Мані, якая потым атрымала назву “маніхейства”. Перад Вялікай Царквою паўставалі ўсё новыя і новыя пытанні, якія закраналі самую дактрыну Хрысціянства і на якія трэба было даваць адказы.







All the contents on this site are copyrighted ©.