2006-08-17 12:49:51

У гішпанскім горадзе Памплона працягваюцца маладзёвыя святкаванні 500-годдзя з дня нараджэння св. Францішка Ксаверыя. " Хадзіце па цэлым свеце і аб'вяшчайце Эвангелле"- ягоная тэма.


(Даведка:Ксаверый Францішак памёр у 1552 - пакутнік і святы каталіцкае Царквы, адзін з першых місіянераў езуіцкага ордэна ў Азіі. )
Нацыянальная сустрэча маладых католікаў Гішпаніі і шматлікіх гасцей з розных краін распачалася 4 жніўня. Арцыбіскуп Памплоны - Фернандо Себасцьян Агуілар расказаў журналістам аб многіх цікавых акцыях новага пачынання. "Мы хочым звярнуць увагу і ўдзельнікаў, і усіх веруючых на галоўнае, у чым стаўся прыкладам наш святы суайчыннік: адкрыццё на Езуса Хрыста як збаўцу, даўцу жыцця сапраўднага. Менавіта Ісус вядзе нас да праўды і да любові.Таму неабходна прымяняць ідэю місіі непасрэдна да жыцця. Натхненне св. Францішка Ксаверыя працягвае заставацца крыніцаю для моладзі.Ягоны малады і энергічны характар, ягонае жыццё, поўнае прыгод , сіла навернення і поўня аддаваннчя, з якой ён даверыўся Хрысту, а таксама місіія. якая давяла яго да межаў вядомага ў тыя часы свету."
Гродзенская катэдра прысвечаная гэтаму святому. У ёй ёсць фрэскавыя роспісы, пра якія расказвае мастацтвазнаўца Вольга Бажэнава .
Роспісы прысвечаныя жыццю аднаго з заснавальнікаў ордэна езуітаў, місіянеру ХVІ стагоддзя, пазней кананізаванаму, святому Францішку Ксаверыю. Кожны сюжэт мае пісьмовае тлумачэнне на лацінскай мове. Сцэны выцягнуты і «чытаюцца» адна за адной злева направа ад хораў да прэзбітэрыя (як радкі ў кнізе), назва даецца па першых радках надпісу. Аўтар роспісу абапіраўся на гравюры, у якіх паказана жыццё Ксаверыя на 50 лістах, зробленых мастаком Мельхіёрам Хафнарам і выдадзеных у кнізе І.Прайса «Жыццё святога Ксаверыя» ў 1681 годзе ў Інсбруку (адзіны экзэмпляр гэтага рарытэту знаходзіцца ў Рымскім архіве езуітаў у фондзе Шурхамара. Ён быў адшуканы польскім вучоным айцом Е.Пашэндам).А вось што тычыцца выканаўцаў фрэсак. Гэта - Oбст Фрэдэрык Юзаф – чэх па паходжанні (1716–1773), таямніцаю застаецца яго жыццё да пераезду ў Вялікае Княства Літоўскае. Обст упрыгожваў у асноўным святыні Вільні, напрыклад, касцёлы святога Ксаверыя, святога Яна (універсітэцкі), езуіцкую Акадэмію. Дакументаваны яго побыт у Вільні да 1748 года, потым ён быў у рэзідэнцыі езуітаў у Ілукшце; з 1749 да 1752 г. мастак жыў у Гродне,а пасля вярнуўся туды ўжо ў 1770–1972 гг.
Ігнацы Дарэцці (1703–1768) – езуіцкі мастак, таксама нарадзіўся ў Празе. Ён значна адрозніваецца ад Ф.Обста гуманістычнаю адукаванасцю – быў добрым знаўцам філасофіі, грамадзянскага права, чэшскай, французскай, італьянскай, нямецкай і лацінскай моваў. Але ў параўнанні з Ф.Обстам, якога ў дакументах называюць «pictor» – мастаком, І.Дарэцці паўстае як «artem pingendi edoctus», як той, хто «мастацтву ўпрыгожвання вучыўся» . У 1738 годзе, пасля пажару касцёла святога Ігнацыя ў Вільні, Дарэцці намаляваў у ім ілюзіяністычны галоўны алтар, які даваў перспектыўнае ўяўленне прасторы. Мастак жыў у Вільні да 1748 года, потым – у Ломжы, Мінску, у 1751–1754 гг. – у Пінску, затым – у Кабылцы пад Варшаваю, з 1762 г. – у Полацку, дзе і памёр. У некралогу напісана, што ён упрыгожыў мноства святыняў. Мабыць, у 1752 годзе мастак на некалькі месяцаў прыязджаў з Пінска ў Гродна. У стылі роспісаў назіраецца імкненне да маляўнічасці, свабоды і асіметрычнасці ў пабудове кампазіцыі, вольнае сумяшчэнне планаў у кампазіцыі, калі аўтар прыстасоўвае глыбіню прасторы да фармату нішы. А калі памятаць пра светлы каларыт фрэсак, то няма ніякага сумнення ў тым, што перад намі – помнік жывапісу ў стылі ракако ў асаблівым варыянце, які мы называем паводле В. Татаркевіча «віленскім барока». Гэты выдатны віленскі гісторык мастацтва ў 1930-я гады прапанаваў менавіта так называць з’явы ракако ў межах стылю позняга барока ў Вялікім Княстве Літоўскім. Манументальны роспіс гродзенскай катэдры гарманізуе з усім ансамблем гэтага касцёла. Ён існуе ў адзіным гарманічным цэлым з шэрагам барочных алтароў у наве і трансепце. У стылёвым характары жывапісу назіраюцца супярэчнасці, звязаныя з выкарыстаннем іконаграфічных крыніцаў ХVІІ ст., але ў цэлым сценапіс адпавядае познебарочнаму кірунку мастацтва ХVІІІ ст., якое носіць назву «віленскага барока».










All the contents on this site are copyrighted ©.