2006-08-16 10:57:58

15 жніўня Папа Бенедыкт XVI° разам з вернікамі адгаварыў Багародзічную малітву "Анёл Панскі".


У свята Унебаўзяцця Багародзіцы, якое па рыма-каталіцкаму календару адзначаецца 15 жніўня, Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI° , які цяпер знаходзіцца ў сваёй загараднай рэзіденцыі Кастельгандольфо, адгаварыў разам з вернікамі і турыстамі Багародзічную малітву “Анёл Панскі”. Пад час малітвы Папа звярнуўся да Мадонны з заклікам аб міры і згодзе ва ўсім свеце, перад усім у Ліване і на Святой Зямлі, а таксама ў Iраку і Шры Ланка.
Свяцейшы Айцец гаварыў аб “суцішальнай праўдзе веры” Унебаўзяцця Панны Марыі: “У сваім трыумфе хрысціяне, пілігрымы ў гісторыі, адчуваюць спаўненне ўласных чаканняў і верны знак сваёй надзеі”. Марыя, - дадаў Папа, - ёсць прыкладам і падтрымкай для ўсіх вернікаў: яна заахвочвае нас не губляць веру перад цяжкасцямі і непазбежнымі штодзённымі праблемамі. Яна гарантуе нам сваю дапамогу і прыпамінае, што ёсць вельмі важным шукаць і разважаць аб рэчах, якія знаходзяцца ў Небе, а не на зямлі”:
“Заклапочаныя штодзённымі праблемамі, - сказаў Бенедыкт XVI°, - мы рызыкуем прыйсці да высновы, што мінавіта тут, на зямлі ёсць мэта чалавечага існавання. Але ж Рай ёсць сапраўднай мэтай нашай зямной пілігрымкі. Якімі іншымі былі б нашы дні, калі б іх натхняла згаданая перспектыва! Так было са святымі. Iх існаванне сведчыць, што калі жывешь з сэрцам трывала накіраваным у Неба, зямная рэчаіснасць успрыймаецца адпаведна правільным чынам, бо яе асвятляе вечная праўда Божай любові”.
Далей Папа заклікаў Багародзіцу прыняць удзел ва ўсталяванні міра: “Да Каралевы міра, над асобай Якой мы разважаем у нябеснай хвале, я звяртаюся яшчэ раз з просьбай спыніць хваляванні людзей, якія ў розных канцах света пакутуюць ад насілля”.
Потым Бенедыкт XVI° сказаў, што духоўна яднаецца з тымі, што сабраліся ў Санктуарыі Маці Божай у Ліване і Харыссы на Богаслужбу, якую ўзначаліў кардынал Рожэ Этчегерай. Ён спецыяльна быў накіраваны ў Ліван у якасці асабістага пасланца Папы, “каб прынесці знакі падтрымкі і канкрэтнай салідарнасці ўсім ахвярам канфлікта і маліцца за мір”. Свяцейшы Айцец выказаў таксама сваю шчыльную лучнасць са святарамі і вернікамі-хрысціянамі Святой Зямлі, якія сабраліся ў базыліцы Дабравешцання ў Назарэце разам з прадстаўніком Папы ў Iзраіле і Палестыне, арцыбіскупам Антоніо Франко, каб маліцца за мір. Напрыканцы свайго казання пад час Багародзічнай малітвы “Анёл Панскі” Свяцейшы Айцец звярнуўся да двух іншых дзяржаў, якія пакутуюць ад вайны: “Мае думкі, - зазначыў Бенедыкт XVI°, - накіроўваю да любых майму сэрцу грамадзянаў Шры Ланка, якім пагражае этнічны канфлікт; да насельнікаў Iрака, дзе штодзённае праліццё крыві аддаляе магчымасць прымірэння і аднаўлення. Прашу Панну Марыю аб дараванні пачуццяў паразумення, жадання згоды ды пагаднення!”







All the contents on this site are copyrighted ©.