2006-08-14 13:29:38

Свяцейшы Айцец даў інтерв'ю нямецкамоўным журналістам з нагоды будучага падарожжа ў Германію (I частка).


Як мы ўжо паведамлялі ў нашых папярэдніх праграмах, Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI° 5 жніўня даў інтэрв’ю, першую частку якога мы зараз прапануем вашай увазе ў нашым перакладзе на беларускую мову. Пытанні Свяцейшаму Айцу задавалі карэспандэнты “Баварскага Радыё”, “Паўднёва-нямецкага радыё”; “Нямецкай хвалі” і “Радыё Ватыкана”.
Пытанне: Свяцейшы Айцец, у верасні Вы маеце намер наведаць Германію, дакладней, Баварыю. “Папа сумуе па Радзіме”, - паведамілі Вашы супрацоўнікі пад час падрыхтоўкі падарожжа. Якія тэмы Вы збіраеціся закрануць асаблівым чынам? Ці ёсць паняцце “Бацькаўшчына” сярод вартасцяў, якія Вы асаблівым чынам жадалі б данесці да людзей?
Адказ Бенедыкта XVI° - Безумоўна. Нагодай да гэтага падарожжа было менавіта маё жаданне яшчэ раз убачыць мясціны, людзей, сярод якіх я вырас, якія пакінулі свой след у ва мне і сфарміравалі маё жыццё, - жаданне падзякаваць гэтым людзям. I, напэўна ж, прынесці з сабой пасланне, якое выходзіць за межы маёй Радзімы, як таго патрабуе маё служэнне. Я проста абраў тэмы, абгрунтаваныя асаблівымі літургічнымі датамі. Асноўная тэма – мы павінны зноў адкрыць Бога, і не нейкага неакрэсленага Бога, але Бога з чалавечым тварам: калі мы бачым Езуса Хрыста, мы бачым Бога. Пачынаючы з гэтага, мы павінны знайсці шлях адзін да іншага ў сямье, паміж пакаленнямі, а таксама паміж культурамі і народамі, шляхі прымірэння і мірнага суіснавання ў гэтым свеце, шляхі, якія вядуць у будучыню. А гэтых шляхоў у будучыню мы не знойдзем, калі не будзем мець святла з вышыні. Таму я не выбіраў нейкія спецыфічныя тэмы, але сама Літургія вядзе мяне да выказу асноўнага паслання веры, які, безумоўна, змешчаны ў сучасным кантэксце, у якім мы перад усім імкнемся да супрацоўніцтва народаў, шукаем магчымых шляхоў прымірэння і міра.
Наступнае пытанне: Як Папа, Вы маеце адказнасць за Царкву ва ўсім свеце. Але Ваш візіт у Германію, натуральна, дазваляе ўбачыць сітуацыю католікаў ў гэтай краіне. Аглядальнікі аднадушны ў тым, што атмасфера нядрэнная, не ў апошнюю чаргу і дзякуючы Вашаму абранню. Але, безумоўна, старыя праблемы засталіся, і вось толькі некаторыя прыклады: усё меней лік практыкуючых католікаў; усё меней Хростаў, а, галоўнае, усё меней уплыву на грамадскае жыццё. Якім ёсць, з Вашага пункту гледжання, сучасны стан Каталіцкай Царквы ў Германіі?
Адказ Бенедыкта XVI° - Перад усім я бы сказаў, што Германія – гэта частка Захада, хаця ж і з ўласным каларытам і ўласнымі рысамі, а ў заходнім свеце мы сёння перажываем новую і няўмольную хвалю асветніцтва – ці свецкасці, як вы гэта звычайна акрэсліваеце. Верыць робіцца ўсё больш цяжка, бо свет, у якім мы жывем, складаецца цалкам з нас саміх, а Бог у ім больш не з’яўляецца, гэтак кажучы, беспасрэдным чынам. Вы п’яце не з крыніцы, але з посуда, які прапануецца ўжо поўным. Людзі самі сабе пабудавалі свет, і за гэтым светам усё больш цяжка адшукаць Бога. Гэта – не асблівасць Германіі. Так адбываецца ва ўсім свеце, перад усім на Захадзе. З іншага боку, Захад сёння адчувае вялікі ўплыў іншых культур, у якіх базавы рэлігійны элемент мае значную ролю і якія шакіраваныя абыякавасцю Захада ў адносінах да Бога. Прысутнасць святога ў нашых культурах, хаця ж і схаванае розным чынам, зноў закранае заходні свет, закранае нас, што стаяць на перакрыжаванні мноства культур. I з сэрца чалавека на Захадзе і ў Германіі зноў і зноў паўстае пытанне аб чымсці “больш вялікім”. Мы бачым гэта ў моладзі, для якой характэрны пошук “большага”, мы бачым, што паўсюль феномен рэлігіі зноў паўтараецца, хаця ж гэты працэс, гэты пошук, хутчэй за ўсё, не акрэслены. Але разам з тым Царква па-ранейшаму тут, а вера прапануецца, як адказ. I я думаю, што менавіта гэта падарожжа, як і папярэдняя – у Кёльн – гэта шанс убачыць, што вера ёсць прыгожай, што радасць вялікаў сусветнай грамады мае прыцягальную сілу, што за ёй стаіць нешта важнае і, такім чынам, разам з новымі рухамі пошука адкрываюцца новыя выхады да веры, якія набліжаюць нас і станоўча ўплываюць на грамадства ў вогуле.
Наступнае пытанне: Свяцейшы Айцец, дакладна год таму Вы былі ў Кёльне з моладдзю і, напэўна, адчулі, што моладзь надзвычайна здольная да ўспрыняцця, і Вы асабіста былі прыняты вельмі добра. Ці прывязеце Вы з сабой асаблівае пасланне для моладзі пад час будучага візіта?
Адказ Бенедыкта XVI° - Я б перад усім сказаў, што я шчаслівы, што маладыя людзі, якія імкнуцца быць разам, быць разам у веры, і жадаюць зрабіць нешта добрае. Успрыймальнасць да дабра вельмі моцная ў моладзі, дастаткова падумаць аб шматлікіх формах дарахвотніцкай дзейнасці. Iмкненне ўнесці свой ўклад у рашэнне праблем усяго свету – гэта нешта велькае. Першы імпульс – гэта заахвоціць іх на гэтым шляху: “Крочце наперад! Шукайце магчымасці рабіць добрыя справы! Мір мае патрэбу ў вашай волі, у вашым удзеле! I потым, я бы ім, напэўна, звярнуў увагу на мужнасць канчатковага выбара!” Моладзі адпавядае вялікая шчодрасць, але перад рызыкай пажыццёвага абавязку – як у шлюбе, так і ў святарстве, - яна адчувае боязь. Свет знаходзіцца ў драматычным руху: цяпер я магу стала распараджацца сваім жыццём разам з яго непрадбачлівай будучыняй. Ці ж не абмяжоўваю я ўласную свабоду канчатковым выбарам, ці ж не пазбаўляю сябе свабоды руху? Абудзіць мужнасць смелых канчатковых рашэнняў: толькі яны на самой справе дазваляюць расці, крочыць наперад і асягаць чагосці вялікага ў жыцці, толькі яны не руйнуюць свабоду, але даюць ёй верны арыенцір ў прасторы. Рызыковы скачок у канчатковае, і разам з ім, поўнае прыняцце жыцця – вось што я з задавальненнем перадаў бы ім.
Наступнае пытанне: Як біскуп Рыма, Вы з’яўляецеся наступнікам Святога Апостала Пятра. Якім чынам Пятрова служэнне можа лепей усяго адпавядаць нашым часам? Ці заўважваеце Вы “зносіны напружанасці” паміж першынствам Пятра з аднаго боку і калегіальнасцю біскупаў – з іншага?
Адказ Бенедыкта XVI° - Зносіны напружання, безумоўна, ёсць і павінны быць. Разнабаковасць і еднасць павінны заўсёды нанова знаходзіць узаемную сувязь, якая заўсёды па-новаму ўпісваецца ў зменлівыя сітуацыі ў свеце. Сёння мы перажываем новую культурную поліфанію, у якоў Еўропа больш не адыгрывае галоўнай ролі, у той час як хрысціянскія грамады розных кантынентаў набываюць сваю ўласную вагу, сваё асаблівае адценне. Мы павіннытрывала вучыцца гэтаму гарманічнаму злучэнню розных кампанентаў. Мы прадугледзілі для гэтага розныя сродкі: так званыя візіты біскупаў “ad limina”, якія існуюць даўно, сёння адбываюцца намнога часцей, для абмену меркаваннямі з рознымі ўстановамі Святога Пасада і са мной. Я асабіста размаўляю з кожным біскупам. Я ўжо меў размовы амаль з усімі біскупамі з Афрыкі і з многімі біскупамі з Азіі. Цяпер – надыйшла чарга Цантральнай Еўропы, Германіі, Швейцарыі, і пад час гэтых візітаў, дзе менавіта цэнтр і перыфірыя сустракаюцца ў шчырым абмене вопытам, думаю, развіваюцца правільныя ўзаемаадносіны у гэтых “зносінах напружанасці”. У нас ёсць і іншыя сродкі – Сынод, кансісторыя, якія я цяпер склікаю рэгулярна і якія маю намер развіваць: на іх магчыма супольна абмяркоўваць актуальныя праблемы, шукаць рашэнні нават па-за асаблівым парадкам дня. З іншага боку, мы ведаем, што Папа – зусім не абсалютны манарх, але ён павінен, калі так магчыма сказаць, адлюстроўваць супольнасць тых, хто чуе Хрыста. Але зразуменне неабходнасці нейкай аб’ядноўваючай інстанцыі, якая гарантуе таксама незалежнасць аб палітычных сілаў і злапоціцца аб тым, каб “хрысціянства” не атоесамлівалася занадта з нацыянальнасцю, - разуменне неабходнасці нейкай агульнай інстанцыі, якая стварае еднасць у супольным дзеянні ўсяго і, з іншага боку, прыймае, дапускае і спрыяе разнастайнасці, - разуменне гэтага вельмі моцнае. Таму я лічу, што Пятрова служэнне шчыра прыймаецца, аб чым сведчыць жаданне яго далейшага развіцця такім чынам, каб яно адпавядала як воле Пана, так і патрабаванням часу.







All the contents on this site are copyrighted ©.