2006-08-14 13:31:50

Нядзельная Багародзічная малітва "Анёл Панскі" з удзелам Бенедыкта XVI°.


Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI°, які цяпер знаходзіцца ў сваёй загараднай рэзідэнцыі ў Кастэльгандольфо, адгаварыў у мінулую нядзелю 13 жніўня разам з вернікамі і турыстамі з розных краінаў Багародзічную малітву “Анёл Панскі”.
У сваім казанні, непасрэдна перад малітвай, Папа звярнуў увагу на ўзброены канфлікт паміж Iзраілем і Ліванам, які, на думку Свяцейшага Айца, можа быць спынены. Бенедыкт XVI° зноў заклікаў усіх людзей добрай волі і, перад усім, хрысціянаў ужыць таксама перыяд летніх адпускоў для узмацнення духа, а не толькі фізічнага стану.
У прыватнасці, у тым, што тычыцца вайны на Блізкім Усходзе, Бенедыкт XVI° зазначыў: “Апошнія падзеі даюць надзею, што сутычкі (паміж варожымі бакамі) будуць спынены і што ў хуткі час і дзейсным чынам будзе забяспечана гуманітарная дапамога пакутуючым народам. Спадзяюся, - зазначыў Папа, - што ўрэшце мір пераможа насілле і ўзброеную сілу”.
Малітва Свяцейшага Айца за мір у Ліване была накіравана да Багародзіцы, Унебаўзяцце Якой адзначаецца па рыма-каталіцкаму літургічнаму календару 15 жніўня, калі вялікая колькасць людзей у Заходняй Еўропе выязджае на адпачынак. У сувязі з гэтым Папа сказаў: “Адпачынак дае нам каштоўную магчымасць правесці болей часу са сваімі сямейнікамі, наведаць родных і сяброў. Карацей кажучы, дае магчымасць для чалавечых кантактаў, якія цяжка здейсніць пад час звычайных штодзённых абавязкаў”.
Не забыўся Бенедыкт XVI° і аб тых, што па розных нагодах не маюць магчымасці адпачыць. Звяртаючыся да гэтых людзей ён зазначыў: “Асаблівым чынам накіроўваю мае думкі да самотных, да састарэлых і хворых, якія часта ў гэты перыяд яшчэ больш адечуваюць сябе самотнымі. Гэтым нашым братам і сёстрам хачу паказаць сваю духоўную лучнасць, шчыра жадаючы, каб нікаму з іх не было б недахопу ў падтрымцы і дапамозе блізкіх”. – сказаў Папа напрыканцы свайго казання пад час Багародзічнай малітвы ў мінулую нядзелю.







All the contents on this site are copyrighted ©.