2006-08-08 11:20:29

Пад знакам Ісуса ( на 08 08 06)


У мінулы раз мы закранулі тэму пераследванняў хрысціянаў, якое адбывалася па ўсёй Рымскай імперыі ў розныя часы першых стагоддзяў Хрысціянства. Жорсткія і крывавыя дзеянні ўладаў спачатку былі выпадковымі, але хутка сталі мэтанакіраванымі і рэгулярнымі. Сведчанняў пра тыя часы засталося вельмі шмат, бо старажытныя хрысціяне шанавалі ў памяці сваіх “сведкаў крыві”. А каб не забыцца пра іх, запісвалі сведчанні ў асаблівых зборніках, вядомыя пад назвай “Акты мучанікаў”.
Пра такі ўдар жорсткага і крыважэрнага “звера” папярэджваў Апостал Ян у сваім боганадхнёным Адкрыцці – Апакаліпсісе. Загінулі тысячы простых вернікаў, біскупаў, сярод ахвяраў пераследванняў былі і Рымскія Папы. Хрысціяне прынялі ўдар крывавых пераследванняў па таму ж Апакаліпсісу, мучанікі “абмылі вопратку сваю і адбялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці”, і яна заблішчэла Боскім Святлом. Хрысціянін сваім мучаніцтвам умацоўваў Царкву, да якой належыў. Біскуп горада Ліон Ірынэй, які нарадзіўся, прыблізна ў 140-м годзе, лічыў, што Царква Рыма моцная мучаніцкай смерцю Апосталаў Пятра і Паўла, якія асвяцілі яе сваёй крывёю, і папракаў ерэтыкоў за тое, што тыя не маюць сапраўдных мучанікаў. Ён пісаў: “Царква паўсюль пасылае перад сабою да Айца Нябеснага мноства мучанікаў. Што ж да іншых, яны не здольныя на такое”.
Тэртуліян – Айцец Царквы з Карфагену, пісаў: “Кроў мучанікаў – гэта семя Царквы”. Пераследванні і крывавыя расправы не маглі спыніць распаўсюджванне Хрысціянства, яны толькі прымушалі яго прыхільнікаў шукаць шляхі абароны ад грамадзтва, якое не жадала іх прызнаваць. Неабходна было зняць з новай веры несправядлівыя абвінавачванні, растлумачыць імператарам, што нельга пасылаць людзей на смерць толькі за адно імя “хрысціянін”.
Пачынаючы з ІІ-га стагоддзя сярод хрысціянаў з’явіліся прадстаўнікі адукаваных слаёў грамадзтва, якія намагаліся абараніць новую веру. Гэта былі Айцы-апалагеты. Яны прыйшлі на змену апостальскім Айцам і набылі вядомасць пад імем Айцоў Царквы. Да іх ліку належаць: Кандрат Афінскі, Арыстыд, Юстын, Таціян, Мінуцый Фелікс, Тэртуліян, Мелітон Сардыйскі, Афінагор Афінскі і Феафіл Антыахійскі. Амаль пра ўсіх гэтых асобаў мы ўзгадвалі, або яшчэ будзем узгадваць у нашых гутарках.
Апалагеты звярталіся да рымскіх імператараў з пасланнямі ў абарону хрысціянаў, з просьбамі аб спыненні пераследванняў. Дзеля таго каб абвергнуць існуючыя небыліцы аб хрысціянах, яны апісвалі іх таямніцы – хрост і еўхарыстыю. Пра еўхарыстыю пісалі з падрабязным тлумачэннем дзеяў і ўсяго сэнсу, бо менавіта пра яе хадзіла процьма чутак, і трэба было патлумачыць, як гэта хрысціяне ядуць “цела” і п’юць “кроў” Ісуса Хрыста.
Хрысціянскія пісьменнікі востра крытыкавалі норавы і этычныя нормы рымскага грамадзтва. Яны асуджалі відовішчы, якія спрыялі самым нізменным чалавечым інстынктам і ўсхвалялі сужонскую вернасць і цнатлівасць – каштоўнасці, якія былі незвычныя для рымлянаў.
Многія Айцы-апалагеты стаялі на адным узроўні з тагачаснай адукацыяй. Некаторыя з іх, да свайго навяртання ў Хрысціянства, належалі да філасофскага асяроддзя. Такім быў хрысціянскі філосаф-мучанік Юстын. Прыблізна ў 130-м годзе ён стаў хрысціянінам і, застаючыся філосафам, адкрыў у Рыме школу, дзе прадстаўляў новую веру, як філасофію, гэта значыць мудрасць. Так, у ІІ-м стагоддзі пачалася філасофская дыскусія паміж хрысціянамі і язычнікамі. Спачатку абодва бакі заўзята адносіліся адзін да аднаго. Язычніцкія філосафы глядзелі с пагардай на новую рэлігію, што ўзнікла на варварскім Усходзе. Гэта выяўлена ў так званым “Праўдзівым слове”, якое напісаў філосаф-язычнік Цэльс, прыблізна ў 178-м годзе. Ён пісаў, што хрысціяне прапаведуюць сярод малаграматных людзей, што яны слепа вераць насуперак розуму, што іх навука аб уцелаўленні Бога – гэта безсэнсоўнасць, якая супярэчыць грэцкай ідэі добрага Бога. Як Ён мог прыняць аблічча нізменнай плоці ды зыйсці на зямлю?
Са свайго боку, апалагеты таксама крытыкавалі язычніцкую культуру. Яны намагаліся даказаць, што Хрысціянства – сапраўдная філасофія і што самае каштоўнае ў працах грэцкіх філосафаў – мудрасць – зыходзіць з яшчэ больш старажытных Біблейскіх паданняў аб Ісусе і таму належаць хрысціянам па праву. Юстын абараняў хрысціянаў у сваёй “Апалогіі да Антонія Пія (Набожнага)”, як некалі Святы Павел перад афінскімі філосафамі, ён сцвярджаў, што сапраўдны Бог не мае патрэбы ў ідалах, ён пісаў: “Мы не прыносім мноства ахвяраў, не робім вянкоў з кветак у гонар тых, якіх зрабілі людзі і, паставіўшы ў храмах, назвалі багамі; бо мы ведаем, што яны бяздушныя і мёртвыя, і вобраза Божага не маюць (мы не думаем, што Бог быў падобны на такія выявы, у якіх, як кажуць некаторыя, яны прадставілі Яго для шанавання), але яны маюць імёны і выгляд злых дэманаў, якія яўляліся людзям. Да вы самі ведаеце, як мастакі абрабляюць рэчыва, абцёсваюць і выразаюць, плавяць і куюць, і часам з нягоднага посуду, праз мастацтва перамяніўшы толкі выгляд і даўшы ім вобраз, робяць тое, што называеце багамі?”
Юстын звяртаў абвінавачванне ў бязбожыі супраць саміх абвінавальнікаў, казаў, што шанаванне ідалаў зневажальнае для Бога. Так казаў Юстын. Аднак нейкі філосаф, які зайздосціў яго поспеху, данёс на яго і Юстына пакаралі смерцю, яму адсеклі галаву ў 165-м годзе.
Айцы-аплагеты толькі паклалі пачатак палеміцы з філосафамі свайго часу, але гэта быў вялікі пачатак, які вельмі хутка пачаў прыносіць добры плён.







All the contents on this site are copyrighted ©.