2006-08-03 14:48:43

Зварот рэлігійных кіраўнікоў Лівана аб спыненні вайны.


Кіраўнікі 17 рэлігійных суполак надрукавалі супольную заяву, у якой заклікалі варожыя бакі да неадкладнага спынення канфлікта і выказалі сваю падтрымку ўраду Фуада Сініоры. Кіраўнікі згаданых суполак сабраліся 1 жніўня на надзвычайнае спатканне ў Бкерке, зімняй рэзідэнцыі маранітскага патрыярха Насраллы Сфейра. Удзельнікі сустрэчы абмеркоўвалі толькі адно пытанне – “Вывучэнне трагічнага развіцця сітуацыі ў Ліване і гуманітарнага крызіса, выкліканага ўцёкамі 700 000 чалавек з поўдня краіны і Бейрута”.
На спатканні, якое працягвалася больш за дзве гадзіны, прысутнічаў кардынал Сфейр; галоўны муфтій мусульманаў-суннітаў Лівана шейх Муххамад Рачыд Каббааніад; намеснік старшыні Рады мусульманаў-шіітаў шейх Абдель Амір Кабалан і іншыя рэлігійныя дзеячы краіны. Пасля заканчэння сустрэчы яны абнародвалі сваю супольную заяву, у якой заклікалі абодвы варожыя бакі да неадкладнага спынення ўзброенага канфлікта.
Асаблівая ўвага ў дакументе надаецца захаванню Iзраілям так званай “Блакітнай лініі ААН”, якая падзяляе Ліван і Iзраіль, а таксама вываду ізраільскіх вайскоўцаў з Шааба і Кфарчуба. Удзельнікі сустрэчы заклікалі асобаў, адказных за “безсэнсоўную і неапраўданую вайну”, правесці абмен палоннымі жаўнерамі і стварыць гуманітарныя карыдоры, дзякуючы чаму людзі здолеюць атрымліваць неабходную дапамогу. Рэлігійныя кіраўнікі Лівана заклікалі ААН да неадкладных дзеянняў па змене сітуацыі, у якой краіна знаходзіцца ўжо 19 дзён.
Напрыканцы дакумента рэзка асуджаюцца бамбардыроўкі вёскі Кана, у выніку чаго было забіта 60 мірных жыхароў. Рэлігійныя кіраўнікі Лівана ўзнеслі малітвы Усемагутнаму Богу аб спыненні вайны і насілля.







All the contents on this site are copyrighted ©.