2006-07-29 10:15:02

Сустрэча сем"яў руху Факаляраў


22–23 ліпеня 2006 г. у Мінску праходзіла сустрэча сем’яў, арганізаваная рухам факаляраў. Слова focolare мае італьянскае паходжанне і азначае «сямейны ачаг», а ў шырокім значэнні — сям’ю. Духоўнасць руху, скіраваная на любоў да бліжняга, і яго харызма адзінства натхнілі вельмі шмат сем’яў на паглыбленне свайго хрысціянскага жыцця (www2.focolare.org).
Ва ўсім свеце рух імкнецца даць адказ на выклікі, перад якімі становіцца сучасная сям’я, і стараецца ёй дапамагчы. У якасці такой дапамогі сярод іншага ўдзельнікі руху праводзяць розныя адукацыйныя сустрэчы, рэкалекцыі і семінары. Такою ж была таксама мэта сустрэчы, арганізаванай рухам у Мінску — дапамагчы сям’і захаваць сваё месца ў сучасным свеце.
У сустрэчы прынялі ўдзел каля 60 дарослых і 22 дзіцяці. Удзельнікі пазнаёміліся з дзейнасцю руху факаляраў і сустрэліся з яго прадстаўнікамі, якія прыехалі ў Беларусь з-за мяжы. Кс. Антоній Гэй, які браў удзел у сустрэчы, асвятліў удзельнікам некаторыя аспекты энцыклікі Святога Айца Бэнэдыкта XVI «Бог ёсць любоў», асаблівым чынам звяртаючы ўвагу на вучэнне Папы пра сям’ю. На працягу сустрэчы адбываліся разважанні на тэмы, зачэрпнутыя з духоўнасці руху факаляраў: «Бог-Любоў і сям’я», а таксама «Рэчаіснасць укрыжаванага і пакінутага Езуса ў сям’і». Можна было таксама пачуць сведчанне розных сем’яў пра тое, якім чынам яны адкрылі для сябе хрысціянскія каштоўнасці і як жывуць імі.
Такія сустрэчы адкрываюць перад хрысціянскімі сем’ямі новыя магчымасці жыцця ў веры і сведчання пра яе, а таму ўсе ўдзельнікі мінскай сустрэчы сем’яў, арганізаванай рухам факаляраў, спадзяюцца, што яны будуць праходзіць у нас рэгулярна.








All the contents on this site are copyrighted ©.