2006-07-29 08:37:13

Пад знакам Ісуса


Да канца ІІ стагоддзя ад Нараджэння Хрыстова, у шматлікіх правінцыях неабсяжнай Рымскай імперыі, пераследванні хрысціянаў хаця і мелі месца, але былі хутчэй адзінкавымі. Для іх не было дакладных нормаў у Рымскім праве. Нават калі імператар і даваў распараджэнне, то намеснік у правінцыі і мясцовыя ўлады выконвалі як жадалі. Яшчэ з 64-га года, калі Рымскі імператар Нерон абвініў хрысціянаў у пажары Рыма, іх абвінавачвалі ва ўсіх бедах і злачынствах. І хаця імператар Адрыян у 125-м годзе патрабаваў караць хрысціянаў толькі калі яны здзейсняць нешта процізаконнае, але самое імя “хрысціянін” і адмова прыносіць ахвяры багам ужо магло быць вытлумачана як парушэнне закону.
У ІІ-м стагоддзі хрысціяне яшчэ не казаліся ўладам такімі небяспечнымі, каб пераследваць іх сістэматычна. Легаты рымскага імператара, у абавязак якіх уваходзіла забеспячэнне грамадзкага спакою, разбіралі даносы на хрысціянаў. Здаралася, што такія даносы зыходзілі не толькі ад язычнікаў, але і ад адзінаверцаў, расколатых ерэтычнымі плынямі. Так, пры праўленні імператара Траяна, які валадарыў з 98-га па 117-ы год, па даносу такога “ерэтыка” быў укрыжаваны біскуп Ерусалімскі Сымон.
Каля 115-га года, біскуп горада Антыохія Ігнацій, стаў ахвярай выпадковага пераследвання і быў асуджаны на разарванне звяр’ём у Рыме. З усіх канцоў імперыі туды сцякаліся абозы з асуджанымі на смерць у цырку. Антыохія знаходзіцца на зямлі сёняшняй Турцыі і да Рыма біскупа Ігнація везлі даволі доўга. Ён хаця і быў вязьнем, але пад час таго апошняга падарожжа, у моманты прыпынку, яму было дазволена прыймаць прадстаўнікоў Цэркваў Малой Азіі, да якіх Ігнацій звяртаўся з пасланнямі. Першы прыпынак быў зроблены ў горадзе Смірна (цяпер гэта турэцкі Ізмір), біскупам там быў Палікарп, другі прыпынак быў непадалёку, у горадзе Філадэльфія і апошні – у порце Трада, на месцы цяперашняга Стамбула, адкуль Ігнація перавезлі ў караблі на грэцкую зямлю ў горад Філіппы, дзе некалі прапаведваў Добрую Вестку Апостал Павел. Там Ігнацій сустрэўся з мясцовымі хрысціянамі, а пасля быў перавезены ў Рым.
Рымскі натоўп патрабаваў “Хлеба і відовішчаў!”. І рымскія імператары надавалі вялікае значэнне наладжванню так званых іграў і відовішчаў, а таксама дармавой раздачы хлеба. На іх думку, гэта дапамагала пазбягаць народнага бунта. Але паляванні, бойкі паміж людзьмі і драпежнымі звярыма, бітвы гладыятараў мелі сэнс толькі тады, калі на кон было пастаўлена чалавечае жыццё. Натоўп прыходзіў у шаленства, на прыгавароных да смерці мучанікаў сыпаліся праклёны, але бывалі выпадкі, калі той самы натоўп уставаў на іх бок.
У пасланнях біскуп Ігнацій пісаў аб сваім вялікім жаданні прыняць мучаніцтва і прасіў хрысціянаў Рымскай суполцы не прыймаць ніякіх дзеянняў дзеля яго выратавання. Пра гібель Ігнація на арэне рымскага Калізея, як і пра тысячы падобных мучанікаў, дакументальных сведчанняў не засталося. Але засталіся тэксты яго пасланняў. Ён пісаў: “Дайце мне атрымаць асалоду гэтых драпежнікаў, і няхай яны будуць як мага больш жорсткімі, а калі не накінуцца на мяне, я сам і паклічу да сябе, няхай нават сілай. Я – пшаніца Божая, няхай змеляць мяне зубы звяроў, каб стаў я чыстым хлебам Гасподнім”. (Рымлянам, V).
Прыклад біскупа Ігнація з усёй відавочнасцю паказвае, як пераследванні ўмацоўвалі Царкву. Хрысціяне ішлі на смерць з непахіснай верай у Бога. Іх смерць станавілася хростам крывёю, праз які яны ўваходзілі ў чаканае Валадарства Нябеснае, адкуль глядзелі на тых братоў, што засталіся на зямлі. Мучанік станавіўся значнай фігурай для сваёй і бліжніх суполак. Бывалі выпадкі, што падкупіўшы вартаўніка, браты праходзілі ў вязьніцу, каб маральна падтрымаць асуджанага. Пасля смяротнага пакарання яны ўсялякімі сродкамі намагаліся атрымаць яго цела, пасля чаго, месца пахавання мучаніка станавілася месцам агульнага пакланення. І калі адзін з сяброў хрысціянскай суполкі адчуваў набліжэнне смерці, то прасіў пахаваць сябе побач з магілай мучаніка.
У 177-м годзе, пры праўленні Рымскага імператара Марка-Аўрэлія, Цэрквы гарадоў Ліон і Вьенна, на зямлі паўднёвай Францыі, прайшлі праз хрост крывёю. У Ліоне многія хрысціяне сталі ахвярамі даносаў сваіх рабоў. Не вытрымаўшы пытак, некаторыя з іх адракліся ад веры, але, негледзячы на правіла, што было ўведзена імператарам Траянам у 113-м годзе, з імі абыйшліся як са злачынцамі і пакаралі смерцю. У пасланні Гальскіх Цэркваў хрысціянам Малой Азіі і Фрыгіі, адкуль паходзілі многія мучанікі, давалася апісанне гэтых трагічных падзеяў. Яны развіваліся па ўжо звычайнай схеме: незадаволенасць чэрні, вырваныя пад пыткай ілжывыя сведчанні. Дзевяностагадовы біскуп Пофін памёр у вязьніцы пад пыткамі. Нованавернуты Матур, дыякан Вьеннскі Санкт, лекар Аляксандр, рымскі грамадзянін Аттал, пятнаццацігадовы Понцік, гэтых людзей спачатку пыталі а потым кінулі драпежным звярам. Маладую рабыню Бландыну спачатку аддалі па разарванне быку, а потым перарэзалі горла. Многім хрысціянам, якія мелі рымскае грамадзянства, адсеклі галовы.
Да нас дайшло вельмі шмат сведчанняў пра мучаніцтва хрысціянаў. Хрысціяне прынялі ўдар жорсткага і крыважэрнага “звера” пра які папярэджваў Апакаліпсіс Апостала Яна. Але, па таму ж Апакаліпсісу, мучанікі “абмылі вопратку сваю і адбялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці”, і яна заблішчэла Боскім Святлом. Суполкі шанавалі сваіх “сведкаў крыві”, запісвалі пра іх сведчанні ў асаблівых зборніках, вядомыя пад назвай “Акты мучанікаў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.