2006-07-29 08:30:43

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Пасьля чатырох гадоў “на выгнаньні” айцец Германовіч яшчэ вастрэй адчуў бяспраўнае становішча беларусаў і беларускай мовы ў Каталіцкай Царкве. Ён пісаў: «У нашай жывой веры ёсьць адзін зьняжывелы пункт, каторы, як страшэнная зараза, затрувае (атручвае? – А.Н.) усё наша рэлігійнае жыцьцё... Ад гэтага няшчасьця трэба ратавацца з усёй сілы!.. Справа вось у чым: у нашай старане знайшліся такія людзі (на няшчасьце, ёсьць паміж імі многа духоўных), каторыя кажуць, што ня можна быць добрым каталіком, будучы беларусам. Кажуць таксама, што абавязкова трэба адрачыся сваёй мовы і цалком пераапрануцца ў чужынца... He, ня мог той Добры Вучыцель, каторы так любіў людзей простых і бедных, адпіхнуць ад Сябе і свайго Касьцёла народ найпрасьцейшы з простых – народ беларускі!.. Цяперашняе паніжэньне беларускай мовы ў Касьцеле выходзіць з волі несправядлівых людзей, a не зь сьвятой волі Божай... Дык хто зьневажае нашу мову, той зьневажае нашу годнасьць чалавечую. Цяжка грашыць той нягоднік, каторы крыўдзіць безбароннае дзіця, або калеку-сьляпога папіхае ў яму, ці адбірае ад беднага апошні грошык. Але які ж грэх тым бязбожным людзям, што абдзіраюць з мовы і годнасьці чалавечай, высьмейваюць і паніжаюць безбаронны Беларускі народ! І якую ж віну панясуць на Суд Божы тыя ксяндзы (а іх так многа!), каторыя, будучы пастаўлены на стражы справядлівасьці, твораць такую няпраўду і крыўду!.. Гэта грэх, каторы кліча аб помсту да неба»39.
Цяжка ўявіць, каб з такімі поглядамі айцец Германовіч мог прыдбаць сабе шмат прыяцеляў сярод польскіх сьвецкіх і духоўных уладаў. Хоць ён падпісваў свае творы псэўданімам Вінцук Адважны ці ініцыяламі В.А., “кансьпірацыя” стварала толькі прывіднае ўяўленьне бясьпекі: наіўна было б думаць, што адпаведныя польскія органы ня ведалі сапраўднага прозьвішча аўтара.
Увосень таго ж году Германовіча прызначылі супэрыёрам Марыянскай калегіі ў Вільні на месца Кашыры. У яго наладзілася цеснае супрацоўніцтва з айцом Адамам Станкевічам. Ён увайшоў у рэдкалегію Хрысьціянскай думкі, дзе часта зьяўляліся ягоныя байкі і артыкулы. Найперш, аднак, айцец Язэп выказаў сваю “думку аб Хрысьціянскай думцы, якая «павінна пісацца ня толькі ксяндзоўскай пэўнай рукою, але й дрыгучай клерыцкай і мазалістай сялянскай»40. Гэта не былі пустыя словы: неўзабаве некаторыя клерыкі, заахвочаныя айцом Язэпам, пачалі спрабаваць свае пісьменьніцкія здольнасьці. Такім чынам, у траўні 1937 году ў Хрысьціянскай думцы зьявіўся артыкул Чэслава Сіповіча “Малімося ў роднай беларускай мове” пад псэўданімам Крывічанін. У гэтым ягоным першым друкаваным творы ўжо можна бачыць усе асаблівасьці мовы і стылю аўтара, а таксама галоўныя кірункі ягоных зацікаўленьняў. Сярод іншага ён пісаў: «Надта многа беларусаў, можна сказаць – пераважная часьць, моліцца на чужой мове, якой у большай часьці не разумее. Ці ж мала ёсьць сьмешнасьці пры гэтым?.. У гадзінках да Найсьв. Д. Марыі па-польску ёсьць зваротка, гдзе пяецца: “...плястр мёду Самсона”41. Нашыя бабулькі пяюць: “...плясь у морду Самсона”... Будучы на могілках, бачыў я такі абразок з жыцьця. Сталі людзі закопваць магілу і пяяць па-польску “Анёл Паньскі”... Нагла пачулі ўсе беларускі голас, што вырываўся з глыбіні душы, і прычытаньне: “Ах Божа мой, Божанька! Чаму ж Ты забраў мне cястрыцу?.. Каму ж Ты пакінеш сіротак?..” Польская мова ксяндза і песьня ў тэй жа чужой мове пры гэтым беларускім простым сардэчным галашэньні выглядалі неяк урадава, зімна... Калі бачыш такія факты, дык аж ня верыцца, што гэтыя самыя жывыя людзі ніколі не гавораць пацераў і агулам ніколі ня моляцца па-беларуску. Вось жа першым шагам, каб наша мова не была толькі гаворкай з нябошчыкамі, павінны мы гэтай мовай карыстацца там, гдзе мы маем паўнату свабоды, у гаворцы з Тварцом, a пасьля сьмела і адважна між сабою»42.
Яшчэ раней Сіповіч паспрабаваў свае сілы ў паэзіі. У лютым 1937 году зьявіўся ў Хрысьціянскай думцы верш “Звон”, першая страфа якога гучала так:
Звон ціха расплыўся ў далі,
Грамады людцоў прабудзіў
На голас ягоны паўсталі:
Час мольбаў ужо надхадзіў.43
Зьяўленьне новай паэтычнай зоркі на беларускім Парнасе прайшло зусім незаўважаным, дый сам аўтар, відаць, зразумеў, што паэта зь яго ня будзе. Затое ў сваіх артыкулах Сіповіч паказаў сябе добрым назіральнікам жыцьця, які ўмеў апісаць бачанае жыва і цікава. Вось хоць бы ягоныя прыгоды з прадаўцамі кніг на традыцыйным Казюковым кірмашы, што адбываўся на Лукіскай плошчы ў Вільні ў дзень сьвятога Казімера, 4 сакавіка. Падышоўшы да першага прадаўца, «глянуў... і спалохаўся. Вялікая куча кніжак і шпаргалаў каля балота, або і зусім у балоце... Пры гэтай кучы кніжак, каторую людзі паролі і раскідалі штораз больш, прышло мне некалькі думак. Калі ўсё гэтае параскіданае – глупства... то нашто ж людзі столькі папсулі паперы, часу? Калі тая кніжка разумная і вартасная, то чаму ж яна валяецца?» У другога прадаўца парадак быў лепшы, але ў яго збор твораў Шылера і “ягіпска-фараонскі соньнік”, які намагалася купіць нейкая паня, прадаваліся амаль па аднолькавым кошце: «Страшэнная агарнула мяне злосьць з прычыны гэтых кніжак і цэн: на кніжкі генія і дурнейшага ад бота аўтара соньніка. Пры купцу кажу: “Дык паня не стыдаешся чытаць і верыць у такія рэчы?” – “О не, та ж ксіонжка пшэце друкавана” – адказвае, крыху зьмяшаўшыся». Нарэшце: «Іду ў трэцяе мейсца. “Пакажы мне, дзядзька, хоць адну добрую кніжыцу!” – зьвяртаюся да прадаўца. Паміж іншымі выняў “Геаграфію Беларусі” і “Гісторыю Новага Завету”. Убачыўшы сваё – я засьмяяўся. Чаму зрабіў упапярок маім першым думкам? Хіба паводле натуральнага права душы нашай, што, знайшоўшы сваё дарагое і ў балоце, сярод сьмяцьця, цешышся і туліш да грудзей. Даў паўзалатоўкі і пакінуў як найхутчэй Лукіскі пляц, слаўны вастрогам і Казюковым кірмашом»44.
Пачаў пісаць у Хрысьціянскую думку і другі клерык, Антон Цьвячкоўскі, які падпісваўся псэўданімам Антон Кумша. Дарэчы, іншыя беларусы таксама хацелі цясьнейшага супрацоўніцтва між Хрысьціянскай думкай і беларускімі марыянамі. Айцец Талочка пісаў у 1936 годзе: «Думаю, што было б добра, каб нашыя айцы марыяны пазволілі аднаму зь іх падпісваць “Хр. Думку” як рэдактару, а так жа каб далі сваю марыянскую фірму на выдаўца. Можна і трэба запрагчы марыянскіх студэнтаў клерыкаў, каб нешта пісалі. Клерыкі літоўцы пішуць у “Viln. Aušra”. Клерыкі латышы пішуць у “Katolu Dzeve”. Клерыкі вуніяты ў Дубне пішуць у свой часапіс “Друг”. Вось жа ідзём і мы іх сьлядамі!»45








All the contents on this site are copyrighted ©.