2006-07-19 14:33:41

Кардынал Ортэга аб рэлігійнай свабодзе на Кубе


“На Кубе слабее перасьледаваньне Каталіцкага Касьцёла”- так сказаў арцыбіскуп Гаваны, кардынал Ортэга. Ён прыпомніў, што зьмену ў стаўленьні камуністаў, якія надалей кіруюць краінай, адносна Каталіцкага Касьцёла можна было заўважыць пачаўшы ад васьмідзесятых гадоў. Паправіліся ўзаемныя адносіны і паслабелі напружаньні. На сёньняшні дзень не можна там гаварыць аб абмежаваньнях свабоды культу, за тое надалей няма гаворкі аб рэгулярным доступе Каталіцкага Касьцёла да сродкаў масавай інфармацыі, аб катахэзе ў школе ці таксама аб ствараньні каталіцкіх адукацыйных устаноў.
Кардынал Ортэга з прызнаньнем высказаўся аб распаўсюджваньні ініцыятывы, так званых, “Місійных дамоў малітвы”. Католікі зьбіраюцца ў прыватных дамах на малітву і катахэзу, творачы жывую супольнасьць. Гэтыя дамы дзейнічаюць амаль як парафіі- сказаў арцыбіскуп Гаваны. У сталіцы Кубы ёсьць каля чатырыста такіх асяродкаў.
На думку кардынала Ортэгі асаблівым знакам часу ёсьць таксама зацікаўленьне сьвецкіх асобаў інтэлектуальным паглыбленьнем уласнае веры. На сёньняшні дзень 300 сьвецкіх асоб вывучае ў Інстытуце Фэлікса Варэльлі ў Гаване філазофію, тэалогію ды гісторыю Каталіцкага Касьцёла. Што цікава ў гаванскай духоўнай сэмінарыі вычыцца 80 сэмінарыстаў, што паводле кубінскага кардынала ёсьць пастаянным лікам ад некалькіх гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.