2006-07-19 14:30:14

Ва Украіне высвячаны два новых дыякана Беларускай грэка-каталіцкай Царквы.


Як паведаміла на сваім інтэрнэт-сайте агенства “Уніяньюс”, на мінулым тыдні дыяканскія свячэнні атрымалі ў Івана-Франкоўску Андрэй Буйніч (выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Драгічыне і магістр багаслоўя Папскага тэалагічнага факультэта ў Варшаве) і Аляксандр Шаўцоў (выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Івана-Франкоўску і магістр Івана-Франкоўскай Тэалагічнай акадэміі).
Са згодай Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і з блаславення Івана-Франкоўскага біскупа Володымыра Війтышына свячэнні дыяканату ўдзеліў кандыдатам Уладыка Сафрон Мудры, які цяпер з’яўляецца біскупам на пенсіі. Апостальскага Візітатара прадстаўляў на ўрачыстасці айцец-протапрэсвітар Андрэй Абламейка, прэфект семінарыстаў БГКЦ.
На Боскай Літургіі спяваў Івана-Франкоўскі моладзёвы хор “Осанна”, які ужо шмат разоў бываў на Беларусі і які ахвотна дапамагае парафіям БГКЦ.
Жадаем новавысвячаным дыяканам БГКЦ Божага блаславення на дарозе іхняга служэньня Богу, Царкве і людзям.







All the contents on this site are copyrighted ©.