2006-07-18 12:56:27

Пад знакам Ісуса


З самага свайго пачатку Хрысціянства вабіла да сябе прадстаўнікоў розных класаў грамадзтва. Сярод першых хрысціянаў была гандлярка баграніцай Лідзія, гарадзкі казначэй Эраст, рымскі праконсул на востраве Крыт Сергій Павел. Можна было б і далей працягваць спіс імёнаў, якія паказваюць, што не толькі просты народ прынімаў новую веру. Прывабнасць Хрысціянства можна было патлумачыць тым, што для жыхароў гарадоў папярэднія язычніцкія богі перасталі забяспечваць кантакт з боскай сілай, тыя сталі абыякавымі і аддаліліся. Насельніцтва шукала задавальнення ў новых культах. У свой час Юдаізм змог прывабіць да сябе столькіх людзей, што ў 19-м годзе ад Нараджэння Хрыстовага, Рымскаму імператару Тыберыю прыйшлося прыймаць меры супраць, як пісалі тагачасныя гісторыкі “юдэйскіх і егіпецкіх забабонаў”. Але Хрысціянства мела асабістыя прывабныя рысы. Яно адкрывала шлях для тых, хто прагнуў выратавання, і набывала ўсё большую вядомасць разам з ўсходнімі культамі Кібелы, Ісіды і Мітры, што існавалі ў тыя часы.
Аднак Хрысціянская вера была іх поўнай супрацьлегласцю. Яе абрады не былі такімі відовішчнымі, як у культа Мітры, або Кібелы, многім людзям яна падавалася змрочнай і больш закалапочанай аб змярцвенні цела, чым аб радасцях жыцця. Хрысціянства рашуча парывала з усходнімі культамі – недапушчальна было верыць у Ісуса і пакланяцца іншаму боству.
Хрысціянства вабіла людзей тым, што дазваляла ім жыць інакш у тым суворым і жорсткім свеце. “Заўсёды любіце адзін аднаго ад чыстага сэрца”, – раіў Апостал Пётр. Хаця хрысціяне бралі шлюб па рымскім законам, яны першыя ўзвялі сужонсую вернасць у ранг дабрадзейнасці, заснаванай на словах Ісуса аб узаемнай любові. У свае суполкі яны прыймалі і выгнаных і хворых. Адзін з Айцоў Царквы Тэртуліян, пісаў, што сродкі з супольных касаў ішлі на харчаванне і пахаванне жабракоў, на падтрыманне бедных сіротаў, на ўтрыманне служкаў, старых, а таксама на дапамогу тых, што пацярпелі караблекрушэнне. Хрысціяне прыходзілі на дапамогу братам, якія трапілі ў зняволенне або на катаргу. У іх не падкідалі дзяцей да дзвярэй храма, дзе несумленныя людзі падбіралі іх, каб потым выкарыстоўваць у сваіх карысных мэтах.
Хрысціяне былі паўсюль: у крамах і ў Рымскім форуме, у майстэрнях рамеснікаў і ў войску. Яны ўдзельнічалі ў эканамічным і грамадзкім жыцці вялікай краіны – Рымскай імперыі. Але было нешта, што вылучала іх з агульнай массы людзей. Адзін з першых хрысціянскіх настаўнікаў – Таціян, які нарадзіўся каля 120-га, пісаў пра гэта так: “Валадарыць я не жадаю, стаць багатым не жадаю, ад пасады ваенначальніка адмовіўся, блуд узненавідзеў, смерцю пагарджаю”.
Дарэчы, Таціян вядомы тым, што паяднаў усе чатыры Евангеллі ў адно, больш гарманічнае, якое атрымала назву “Дыатэссарон” і больш за тры стагоддзі ўжывалася ў багаслужбах мясцовых хрысціянскіх суполак горада Эдэсса, што на зямлі сучаснай Сірыі.
Сакрэт шырокага распаўсюджвання Хрысціянства быў у тым, што яно дазваляла паслядоўнікам жыць па-свойму сярод язычнікаў, у поўным адрыве ад іх свету. У так званым “Пасланні да Дыягніта” апісваецца падобны стан адхілення: “Хрысціяне ні месцам жыхарства, німовай, ні звычаямі не адрозніваюцца ад іншых людзей, бо не жывуць у асобных гарадах, не карыстаюцца нейкім адметным вымаўленнем і не вядуць асаблівага вобраза жыцця. Яны жывуць на радзіме, але як чужынцы; удзельнічаюць ва ўсім як грамадзяне, і ўсё церпяць, як прышлыя; кожная чужбіна ім – радзіма і кожная радзіма – чужбіна”. Ні юдэі і ні язычнікі, хрысціяне жадалі быць трэцім каленам рода людзкога (трэцім народам). Іх суполкі былі месцам, дзе панавала братэрская любоў у супрацьлегласць жорсткасці навакольнага свету.
У тым жа “Пасланні да Дыягніта” таксама напісана: “Ты імкнешся даведацца пра богашанаванні хрысціянаў і пытаешься аб ім адкрыта і вельмі настойліва: якому богу павінуюцца і як яго шануюць тыя, хто грэбуе і гэтым светам, і смерцю пагарджаюць, і так званых элінскіх багоў не прызнаюць, і юдэйскія забабоны не захоўваюць; і што за вялікую любоў яны маюць адзін да аднаго і чаму менавіта цяпер, а не раней увайшоў у нашае жыццё гэты новы род людзей або людзкі звычай”.
Частка хрысціянаў лічыла, што іх прыбыванне на зямлі часовае. Прыкладам можа служыць егіпецкі горад Александрыя. Тамтэйшыя хрысціяне развілі грэцкую філасофію нэаплатанізма ў багаслоўскую навуку аб каштоўнасцях нябесных. З гэтага станавілася зразумелым, чаму пад час пераследванняў хрысціяне абвяргалі зямное жыццё. Хрысціяне папросту падзялялі горад зямны з яго штодзённасцю і горад нябесны – Ерусалім. Гэта былі два полюсы іх жыцця. Некаторыя з іх з нецярпеннем чакалі хуткага канца свету і пагібелі ненавіснага горада зямнога. Пазней, калі Хрысціянства стане дзяржаўнай рэлігіяй, багасловы пастараюцца прымірыць горад зямны і горад нябесны. Дзеля гэтага святы Аўгустын напіша працу “Аб Горадзе Божым”.
Многія месцы ў тэкстах Новага Запавету паказваюць, што хрысціяне жадалі жыць у згодзе і з народам, і з уладамі, аднак гэтая праява лаяльнасці не бралася да ўвагі. Юдэям удалося дабіцца ад рымскіх уладаў прызнання выключнасці (аўтаномнасці сваёй нацыі), але нават яно не магло перашкодзіла асобныя моманты пераследвання. А хрысціянская адасобленасць выглядала ў вачах язычнікаў больш радыкальнай. Хрысціянства выходзіла за межы адной нацыі, яго прыхільнікі не прызнавалі афіцыйную рэлігію і лічылі сябе адзіным выбраным народам.







All the contents on this site are copyrighted ©.