2006-07-10 14:58:34

Свяцейшы Айцец Бенедыкт XVI° вярнуўся з Гішпаніі. Прапануем вашай увазе змест яго нядзельнага казання.


Шаноўныя слухачы, як вы напэўна ведаеце, у нядзелю 9 ліпеня скончылася кароткае падарожжа Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI° у Гішпанію. Папа вярнуўся ў Ватыкан праз рымскі аэрапорт “Чампіно” учора, у другой палове дня. Зараз мы прапануем вашай увазе змест галоўнага казання Папы, прамоўленага пад час нядзельнай Святой імшы, адпраўленай у мінулую нядзелю ў Валенсіі.
“Дарагія браты і сёстры, На гэтай Святой імшы, якую я з вялікай радасацю цэлебрую, у саслужэнні са шматлікімі братамі-біскупамі і святарамі, хачу падзякаваць Пана за ўсе любыя майму сэрцу семьі, што сабраліся тут, а таксама за ўсіх іншых, хто прыймае ўдзел у гэтай Богаслужбе здалёка, па радыю і тэлебачанню. Вітаю ўсіх вас і з вялікаў любоўю абдымаю вас з пажаданнем міру.
Сведчанне Эсфіры і Паўла, - працягнуў Папа, - якое мы зараз пачулі пад час літургічнага чытання, указвае на тое, што сямья заклікана удзельнічаць у сведчанні веры. Эсфір кажа: “Я чула, Пане, ад бацькі майго, … што ты, Пане, абраў Сабе Iзраіль з усіх іншых народаў”. Павел наследуе традыцыю продкаў-юдэяў, ідучы за Богам з чыстым сумленнем. Ён усхваляе шчырую веру Цімафея, нагадваючы яму аб “веры…., якая перад тым жыла ў бабцы тваёй Лоідзе і маці тваёй Эўніке; упэўнены, што яна і ў табе”, - піша Павел. У гэтых біблійных сведчаннях, - працягнул Свяцейшы Айцец, - сямья ўключае сябе не толькі бацькоў і дзяцей, але і бабак і дзядоў і далёкіх продкаў. Такім чынам, сямья выяўляецца, як грамада пакаленняў і гарантыя спадчыны традыцый.
Ніхто з людзей не даў сам сабе жыццё і не атрымаў сам элементарны жыццёвы вопыт. Усе мы атрымалі ад іншых жыццё і асноўныя веды аб ім, усе мы закліканы асягнуць дасканаласці ва ўзаемаадносінах любові з іншымі. Сямья, заснаваная на непарушным саюзе мужчыны і жанчыны, выяўляе гэтае вымярэнне, заснаванае на адносінах з іншымі, на сыноўстве і супольным жыцці, з’яўляецца тым асяроддзем, дзе чалавек можа нарадзіцца, маючы годнасць, расці і ўсебакова развівацца.
Калі нараджаецца дзіця, то пры пасрэдніцтве адносінаў з бацькамі яно робіцца часткай сямейнай традыцыі, што мае яшчэ больш глыбокія карані. Разам з дарам жыцця яно атрымлівае ў спадчыну вопыт. Што ж тычыцца гэтага, то бацькі маюць права і забавязаны перадаваць яго дзецям: весці іх да раскрыцця ўласнай ідэнтычнасці, уводзіць іх у грамадскае жыццё, надаваць ім здольнасць любіць і быць любімымі; і, перад усім, весці да спаткання з Богам. Дзеці растуць у чалавечым сэнсе у той меры, у якой прыймаюць з даверам гэту спадчыну і выхаванне, якое паступова прыймаюць. Такім чынам яны набываюць здольнасць самастойна зводзіць у адно тое, што атрымалі, і тое, чаму навучыліся, і да гэтага закліканы кожны, кожнае пакаленне.
У вытоках кожнага чалавека і, без сумніву, у вытокаў чалавечага бацькоўства і мацярынства, знаходзіцца Бог-Стварыцель. Таму сужонцы павінны прыймаць народжанае дзіця не толькі як уласнае, але і як дзіця Бога, Які палюбіў яго такім, якім яно ёсць, і заклікаў яго да боскага ўсынаўлення.
У далейшай частцы свайго казання Свяцейшы Айцец звярнуў увагу на тое, што хрысціянская сямья перадае веру тады, калі бацькі вучаць дзяцей малітве і моляцца разам з імі; калі бацькі набліжаюць дзяцей да Таямніцаў і ўводзяць у жыццё Царквы; калі разам збіраюцца дзеля чытання Бібліі, поўнячы сямейнае жыццё святлом веры і ўшанаваннем Бога Айца.
У сучаснай культуры вельмі часта ўзносіцца свабода індывідыума, які ўспрыймаецца, як аўтаномны суб’ект – нібыта ён сам сябе стварыў і з’яўляецца самадастатковым, - не прыймаючы пад увагу яго адносінаў з іншымі. Грамадскае жыццё будуецца толькі на аснове суб’ектыўных, зменлівых жаданняў, пры гэтым ні ў якім разе не ўлічваецца пачатковая аб’ектыўная праўда – годнасць кожнага чалавека і яго правы і абавязкі, на служэнні якім павінна засноўвацца кожная сацыяльная суполка.
Царква нястомна прыпамінае, што чалавек мае сапраўдную свабоду таму, што ён створаны па падабеству Бога. Таму хрысціянскае выхаванне – гэта выхаванне свабоды і дзеля свабоды. “Мы, - сказаў Бенедыкт XVI°, - робім дабро не як рабы, не вольныя дзейнічаць па-іншаму, але таму, што мы асабіста маем адказнасць за ўсё; таму што нам падабаецца праўда і дабро, мы любім Бога і Ягоныя стварэнні. Вось сапраўдная свабода, да якой нас хоча прывесці Святы Дух”.
У заключнай частцы сваёй прамовы Папа зазначыў: такім чынам, хрысціянская сямья – бацька, маці і дзеці – заклікана крочыць да мэты, якая не дадзена звонку, але ўказана як дар Божай Ласкі, якая была пасланая сужонцам у Таямніцы шлюбу. Калі яны будуць заўсёды адкрытыя да Святога Духа, калі будуць прасіць у Яго дапамогі, Ён будзе нястомна праводзіць да іх любоў Бога Айца, што адкрылася і ўцелавілася ў Хрысце. Прысутнасць Духа дапаможа сужонцам не губляць крыніцу і вымярэнне іх любові і іх узаемаадносінаў, а таксама супрацоўнічаць з Iм дзеля таго, каб адлюстраваць і здзейсніць яе ва ўсіх аспектах уласнага жыцця. У той жа час Дух абудзіць у іх жаданне канчатковага спаткання з Хрыстом у доме Ягонага Айца. У гэтым – пасланніцтва надзеі, якое я жадаю накіраваць з Валенсіі ўсім семьям свету. Амэн!
Паважаныя сябры, мы перадалі, у скароце, казанне Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI°, якое Папа прамовіў пад час нядзельнай Святой імшы, адцэлебраванай ім пад час пастырскага падарожжа ў гішпанскі горад Валенсія.







All the contents on this site are copyrighted ©.