2006-07-01 11:47:42

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


На першыя дзьве дэкады мінулага стагодзьдзя прыпаў рост беларускага нацыянальна-палітычнага і культурнага адраджэньня. Варта толькі прыгадаць газэту Наша Ніва, кнігі Кароткая гісторыя Беларусі Ластоўскага, Беларуская граматыка для школ Тарашкевіча; паэтаў і пісьменьнікаў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Максіма Гарэцкага ды іншых, Беларускую Сацыялістычную Грамаду, іншыя палітычныя партыі ды, урэшце, абвешчаньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 Сакавіка 1918 году. Беларускія каталіцкія сьвятары бралі чынны ўдзел у беларускім нацыянальным жыцьці. Сярод іх былі такія паэты і пісьменьнікі, як Аляксандар Астрамовіч (паэт Андрэй Зязюля), Ян Семашкевіч (Янка Быліна) і, бадай, найбольш выдатны з усіх Кастусь Стэповіч (Казімер Сваяк). Пасьля Першай сусьветнай вайны зьявілася новае пакаленьне беларускіх сьвятароў, сярод іх Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Антон Неманцэвіч, Міхал Пятроўскі, Язэп Германовіч. Безумоўна, яны перадусім імкнуліся бараніць права беларусаў слухаць Вестку Збаўленьня і хваліць Бога ў роднай мове. Але маладыя сьвятары гэтым не абмяжоўваліся – яны зрабілі вялікі ўнёсак у беларускае нацыянальнае і культурнае жыцьцё. Цікота ж, хоць быў амаль аднаго зь імі веку, стаяў нібыта збоку, спасылаючыся на артыкул 180 Канстытуцыі Закону Марыянаў, што забараняе законьнікам умешвацца «ў работу адміністрацыйную, палітычную ці нацыянальную... (Яны) павінны быць збоку і вышэй ад справаў палітычных і партыйных, іхнай справай павінна быць справа Хрыстова і Каталіцкага Касьцёлу»29. Дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што ў рэлігійных справах Цікота салідарызаваўся зь іншымі беларускімі сьвятарамі. Да прыкладу, ягоны подпіс стаіць пад лістом беларускіх сьвятароў за 18 траўня 1925 году на канфэрэнцыю польскіх біскупаў у справе пастырскай працы сярод беларусаў каталікоў у Польскай рэспубліцы. У лістападзе 1926 году Цікота ад імя друйскіх марыянаў перадаў канфэрэнцыі польскіх каталіцкіх біскупаў “усходніх правінцыяў” мэмарыял з плянам пастырскай і місіянерскай дзейнасьці сярод беларусаў. Плян гэты адкінулі. Аднак у агульнабеларускім жыцьці пра Цікоту не было амаль нічога чуваць. Тамаш Падзява несправядліва вінаваціць тых, каго ён называе “беларускімі нацыяналістамі”, быццам яны «стварылі сьцяну маўчаньня вакол айца Андрэя» за тое, што ён заснаваў польскую, а не беларускую гімназію. Насамрэч Цікота з уласнай волі застаўся за сьцяною беларускага жыцьця, заняўшыся амаль вылучна справамі марыянскага закону, ягонага духоўнага дому. Гэта асабліва адчувалася пасьля таго, як Цікоту абралі генэралам закону. Характэрнае ў гэтым сэнсе ягонае каляднае прывітаньне Абрантовічу, напісанае 15 сьнежня 1937 году: «...прашу Бога, каб сьлюбы законныя, каторыя разам з Хрыстом нарадзіліся ў Стайні Бэтлеемскай, былі дзеля Вас крыніцай сьвятла, сілы і радасьці, каб Вы ў іх найшлі сто разоў больш чым тоя, што ў сьвеце пакінулі, ды праз іх і жыцьцё вечнае атрымалі» (мова аўтара падаецца бязь зьменаў. – А.Н.). Ягоная ляяльнасьць да марыянскага закону часам не дазваляла яму аб’ектыўна глядзець на рэчы. Напрыклад, 8 студзеня 1928 году ён пісаў Бучысу пра айца Францішка Чарняўскага, які пакінуў марыянаў, ня скончыўшы навіцыяту: «Чарняўскі з уласнай волі пакінуў навіцыят. Законнае жыцьцё было для яго вельмі цяжкім. У яго няма духу пабожнасьці, паслушэнства, сьціпласьці; ён мае схільнасьць да сьвецкага жыцьця і бывае неасьцярожны ў размовах з жанчынамі». Выглядае, што ўсе гэтыя заганы характару Чарняўскага раптам выявіліся, як толькі ён намерыўся пакінуць марыянаў: нейкія тры тыдні раней яго прапанавалі прызначыць да адказнай працы ва ўсходнім абрадзе. Айцец Чарняўскі памёр у 1979 годзе, у 85-гадовым веку, пасьля доўгай і плённай пастырскай працы ў Францыі, Бэльгіі, ЗША.
Такім чынам, Цікота – чалавек з моцным характарам і перакананьнямі, поўнасьцю аддадзены справе Божай і марыянскай, патрабавальны да сябе і да іншых. Магчыма, яму не ставала цеплыні Германовіча. Тым, хто быў побач зь ім, часта, напэўна, даводзілася нялёгка, хоць у шмат каго ён выклікаў подзіў і пашану.
Чэслаў Сіповіч да канца жыцьця захаваў глыбокую павагу да Цікоты. Ён марыў напісаць пра Цікоту кнігу, дзеля чаго гадамі зьбіраў матар’ялы. Магчыма, Сіповічава абсалютная аддадзенасьць марыянам, што часам замінала яму цьвяроза глядзець на некаторыя рэчы, узьнікла пад уплывам Цікоты. Можа, добра, што непасрэдным кіраўніком Сіповіча ў ювэнаце быў не Цікота, а Германовіч.
21 ліпеня 1933 году генэральная капітула марыянаў у Рыме абрала Андрэя Цікоту генэралам марыянскага закону на месца Бучыса, які адмовіўся застацца на другі тэрмін, бо хацеў мець больш часу для працы ў камісіі “Pro Russia”. Ён не падазраваў, што магутнасьць гэтай камісіі і ейнага кіраўніка пратрывае ўсяго лічаныя дні. Сваім абыходжаньнем і прарасейскай палітыкай Дэрбіньі нажыў сабе шмат ворагаў. Беларускі сьвятар Казімер Кулак пісаў 15 сьнежня 1931 году Бучысу, што супраць камісіі “Pro Russia” змагаюцца ўсе: палякі, украінцы і беларусы. Далей ён працягвае: «Гэта факт, што дзеля дабра вунійнай працы ў нас трэба, каб да яе мелі дaвep тыя, дзеля каго гэтая праца вядзецца, г. зн. беларусы і ўкраінцы. Тым часам гэты давер з кожным днём слабее, і то ўжо не ад боязі палянізацыі ці лацінізацыі праз уплывы з польскага боку, але русыфікацыі з боку... Рыму!»30 Безумоўна, польскія біскупы не маглі спакойна глядзець, як Дэрбіньі з сваёй камісіяй беспакарана праводзіў русыфікатарскую палітыку ў Заходняй Беларусі і Ўкраіне – палякі ж плянавалі палянізаваць тутэйшае насельніцтва. Яны мелі моцнага хаўрусьніка ў Рыме ў асобе генэрала закону езуітаў, таксама паляка, Уладзімера Ледахоўскага. Увосень 1933 году меўся адбыцца кананічны візыт у Рым ad limina apostolorum (да парогу апосталаў) усяго польскага эпіскапату. Дэрбіньі, відаць, ня меў вялікай ахвоты сустракацца з польскімі біскупамі. Ледахоўскі параіў яму на гэты час выехаць з Рыму, каб падлячыцца. Дэрбіньі, нічога не падазраючы, згадзіўся і паехаў у Бэльгію. Калі ён ужо зьбіраўся вяртацца ў Рым, прыйшоў ліст ад Ледахоўскага: той “раіў” Дэрбіньі заставацца, дзе быў, і напісаць Сьвятому Айцу просьбу аб звальненьні з пасады старшыні камісіі “Pro Russia”. Тон рады не пакідаў магчымасьці запярэчыць. Дэрбіньі не пабачыў больш Рыму аж да сьмерці ў 1957 годзе... Між тым Бучыс знаходзіўся ў Амэрыцы і, здаецца, ніхто не паклапаціўся паведаміць яму, што адбылося. Вярнуўшыся ў Рым, ён не знайшоў там ані камісіі “Pro Russia”, ані свайго апекуна. Усходняй Кангрэгацыі ён быў непатрэбны, і Бучысу не заставалася нічога іншага, як вярнуцца ў Летуву. Але й там ня ведалі, што зь ім рабіць. У 1939 годзе марыяне выцягнулі яго з «прымусовага адпачынку» і зноў абралі сваім генэралам на месца Цікоты.
Пасьля падзеньня Дэрбіньі камісія “Pro Russia” страціла амаль усе свае правы ды сталася звычайным дэпартамэнтам (аддзелам) Ватыканскага Дзяржаўнага Сакратарыяту для справаў каталікоў рымскага (лацінскага) абраду ў Савецкім Саюзе. Усё, што датычыла ўсходняга абраду, перадавалася ў выключную кампэтэнцыю Ўсходняй Кангрэгацыі.
Што да беларусаў, дык нешта не чуваць было, каб яны лілі сьлёзы па Дэрбіньі. Зь іншага боку, іхнае становішча ніяк не палепшала і пасьля ягонай адстаўкі. У сваіх пратэстах супраць Дэрбіньі ды ягонай палітыкі польскія духоўныя ўлады любілі часам нагадваць, што жыхары “ўсходніх крэсаў” – не расейцы, a беларусы і ўкраінцы. Пасьля ягонага падзеньня патрэба ў падобных згадках адпала. Як дасьціпна выказаўся адзін карэспандэнт Беларускай крыніцы, «Трэба сказаць шчыра, што трудна сабе прадставіць болей няўдалы і назоў і кірунак для гэтай чыста рэлігійнай работы ў нашым краі, як камісія “Pro Russia”. Адно толькі ў абароне тэй камісіі можна было б сказаць, што назоў яе “Pro Polonia” быў бы яшчэ горшы...»31








All the contents on this site are copyrighted ©.