2006-06-30 15:02:29

У Серабранцы будзе Касьцёл Сьвятога Яна Боско


Сёлетняя ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля ў мінскай парафіі, якая носіць імя святога Хрыстова Папярэдніка, стала гістарычным днём. 24 чэрвеня 2006 г. у сталічным мікрараёне Серабранка былі асвечаны вуглавы камень новай святыні і пляцоўка, дзе плануецца яе пабудаваць. Асвячэнне здзейсніў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка.
Некалькі гадоў таму ў Серабранцы, якая з’яўляецца тыповым «спальным» раёнам з вялікай колькасцю жыхароў, была пабудавана каплічка. Але парафія за апошнія гады настолькі вырасла, што вельмі актуальным стала пытанне пабудовы большага касцёла. У цяперашняй капліцы падчас кожнай святой Імшы, асабліва ў нядзелю, няма вольнага месца, а на вялікія рэлігійныя святы ўсе жадаючыя не могуць у ёй змясціцца.
Урачыстасць распачалася святою Імшою, якую цэлебраваў біскуп Антоній Дзям’янка разам з усім прысутным духавенствам. У ёй бралі ўдзел айцы салезіяне, якія з самага пачатку працуюць у парафіі ў Серабранцы, святары з іншых парафій Мінска, а таксама шматлікія вернікі. Гамілію прамовіў Канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяльнай курыі ксёндз Юрый Касабуцкі. Пасля Імшы адбылося набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і эўхарыстычная працэсія вакол капліцы.
Пасля асвячэння вуглавога каменя і пляцоўкі біскуп, святары і архітэктар, які зрабіў праект і будзе весці будаўніцтва касцёла, па чарзе бралі ў рукі рыдлёўкі і сімвалічна распачалі рыццё катлавану пад фундамент будучай святыні. Новы касцёл у Серабранцы плануецца асвяціць у імя св. Яна Боско — вялікага сябра моладзі і заснавальніка супольнасці салезіянаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.