2006-06-20 14:25:51

Мы працягваем наш цыкл "Пад знакам Ісуса"


Першым хрысціянам было зусім не проста збірацца разам. Уся суполка таго ці іншага горада збіралася рэдка, бо такія сабранні ў большасці праходзілі ў прыватных дамах. У Рыме і ў Антыохіі суполкі дзяліліся на падгрупы. Тыя, што прыймалі сабранні ў сваім доме, павінны былі даказаць, што яны дастойныя гэтага гонару. Але хрысціянскія суполкі раслі і ім патрабаваліся большыя памешканні. У некаторых гарадах пад месца для сабранняў прыстасоўвалі цэлыя дамы. Прыкладам можа служыць невялікі гарадок Дура-Еўропас, на рацэ Еўфрат у Сірым, дзе існаваў самы старажытны з хатніх касцёлаў, які быў разбураны парфянамі ў 256-м годзе. Там адзін з пакояў вялікай віллы быў прыстасаваны для сабранняў, а другі пад баптыстэрый (хрысцільню).
У ІІІ-м стагоддзі хрысціяне пачынаюць устрайваць культавыя памяшканні ў падземных могілках – катакомбах, на месцах пахавання мучанікаў і спаведнікаў. Вядома, што першыя хрысціянскія суполкі былі створаны вандруючымі прарокамі і іх паплечнікамі, якія не парывалі сваёй сувязі з галоўнай суполкай у Ерусаліме або Антыохіі. Уходзячы адтуль, яны пакідалі пасля сябе “раду”, якая павінна была кіраваць дзейнасцю суполкі. Сябры гэтай рады называліся прэсбітэрамі (presbiteroi), што значыць “старэйшымі”, хаця многія з іх былі маладымі, або епіскапамі (episkopoi), што значыць “наглядальнікамі”. Святое Пісьмо часта параўноўвае іх з пастырамі, якія абараняюць свой статак. Прэсбітэры павінны былі наглядаць за жыццём сваёй суполкі. Яны падтрымлівалі пастаянную сувязь з апосталамі, атрымоўвалі і тлумачылі іх пасланні, захоўвалі вернасць навучання, праводзілі багаслужбы.
У тыя ж часы пачалося рапаўсюджванне і хрысціянскага мастацтва. Першыя мастакі-хрысціяне пераймалі некаторыя вобразы з мастацтва язычніцкага і, надаўшы ім новы сэнс, прыстасоўвалі для сябе. Так напрыклад выява бога Гермеса – апякуна пастухоў, які нясе на плячах ягня ці казляня – паслужыла правобразам Ісуса, які апісваецца ў Евангеллях як Добры Пастыр, што аддае жыццё за сваіх заплуталых авечак. Такія выявы можна і сёння ўбачыць на фрэсках у катакомбах. Айцы Царквы любілі гаварыць пра паству як пра статак, якому патрэбны пастыр. “Высвячайце сабе епіскапаў, дастойных госпада, мужоў сціплых, сапраўдных і спрабаваных”, – гаворыцца ў адным з першых хрысціянскіх сведчанняў. Ерэтыкоў параўновалі з дрэннымі пастырамі або з дзікімі звярыма.
У Дзеях Святых Апосталаў прыводзяцца словы апостала Паўла: “Бо я ведаю, што пасля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку” (Дзеі, 20, 29). Епіскап, або біскуп, быў пакліканы абараняць гэты статак. І ў нашыя дні хрысціяне кажуць, што гэта і ёсць “пастырскі абавязак”.
Добра вядома, што ў часы Рымскай імперыі жаночыя адзенні славіліся сваёй вытанчонасцю. Якім жа павінна было быць адзенне хрысціянкі? Айцец Царквы, аўтар многіх багаслоўскіх працаў Тэртуліян з Карфагену, які нарадзіўся каля 160-га году і памёр прыблізна ў 223-м годзе, быў вельмі строгі ў гэтым пытанні. Жанчыны павінны былі навучацца ў маўчанні, быць у прыстойнай вопратцы, не ўпрыгожваць сябе пляценнем валасоў, ні золатам і жэмчугам, ні каштоўным адзеннем. Разам з дыяканамі, прэсбітэры павінны былі сачыць за сацыяльным станам сяброў сваёй суполкі. Стан жанчынаў, якія страцілі мужоў – удоваў, прадстаўляў рэальную праблему. Суполка прыходзіла ім на дапамогу і давала маладым жанчынам магчымасць узяць паўторны шлюб, а старэйшым па ўзросце прапаноўвала маліцца ўдзень і ўначы, і быць гатовай да ўсялякай добрай справы.
Тэртуліян пісаў: “Мы далёкія ад таго, каб асуджаць саюз мужа і жонкі, блаславёны Богам, неабходны для захавання і рассялення па свеце рода чалавечага, толькі б саюз гэты быў адзін. Адам быў адзіным мужам Евы, і Ева – адзінай жонкай яго, таму што Бог адну яе дастаў з рэбра яго”. Аднак у тыя часы жанчыны былі не толькі маўклівымі ў сваёй паслухмянасці. Вядомы гістарычны факт, гэта існаванне дыяканэссаў. Захавалася сведчанне, што дыяканэсса Фіва з Кенхрэйскай Царквы, падарожнічала ў Рым і была там прынятая ў мясцовай хрысціянскай суполцы як любая сястра.
Урэшце, прэсбітэры павінны былі аказваць прыём вандруючым прарокам і іх памошнікам. Аднак трэба было быць пільным і не прыймаць за прарокаў розных махляроў. Існавала нават папярэджанне: “Кожны апостал, які прыходзіць да вас, няхай будзе прыняты, як госпад. Няхай ён не застаецца больш аднаго дня, а калі будзе патрэба, то і другі дзень; але калі ён прабудзе тры дні, ён ілжэпрарок. Уходзячы, няхай апостал нічога не возьме, акрамя хлеба, да месца начоўкі. А калі ён патрэбуе грошаў, ён ілжэпрарок”.
Напрыканцы І-га стагоддзя склалася больш стройная ерархічная структура, чым тая, што існавала раней. Там быў адзін галоўны чалавек – біскуп, у атачэнні рады прэсбітэраў, яго дапаможнікаў. Вядома, што яшчэ ў часы Апостала Паўла, яго любімы вучань Цімафей выдзяляўся з групы астатнік паплечнікаў і таму быў высвечаны на біскупа. Узрост аўтарытэту і ўплыў падобных асобаў садзейнічаў прыняццю такой ерархічнай схемы: адна галоўная фігура ў атачэнні памошнікаў. Так склалася структура “біскуп і яго святары”. Аднак не ўсе Цэрквы адразу прынялі падобную ерархію, некаторым дзеля гэтага быў патрэбны час, а ў Антыохіі, на зямлі сучаснай Турцыі, яна трывала ўмацавалася з ІІ-га стагоддзя, дзякуючы біскупу Антыахійскаму Ігнацію, апостальскаму Айцу, які быў замучаны ў Рыме пад час праўлення імператара Траяна, каля 115-га года.







All the contents on this site are copyrighted ©.