2006-06-17 10:25:21

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( працяг)


Такім чынам, калі Матулевіч займаў не зусім ясную пазыцыю, дык Бучыс ня меў ніякіх сумневаў наконт мэты заснаваньня Друі. Таму, калі зьявілася прапанова паслаць беларускіх марыянаў у Харбін, ён яе цалкам падтрымаў. Першым з друйскіх марыянаў выслалі ў Харбін айца Фабіяна Абрантовіча. Перад сваім ад’ездам, 28 жніўня 1928 году, ён пісаў Цікоту з Рыму: «Паводле сьв. пам. Юрага (Матулевіча. – А.Н.), Расеі не наверне ні Польшча, ні Літва, але Беларусь – Друя, якую ён дзеля гэтага залажыў. Друя павінна апраўдаць надзеі на яе ўзложаныя, інакш ня мае сэнсу існаваньня, яе зачыняць. Дзеля гэтага трэба, каб нас двох ехала ў Харбін. Г(ермановіч) будзе арганізаваць беларусаў. Калі б мы ўперліся ды не паехалі з Друі – Аман па нас! Так, больш-менш, гаварыў мне А(йцец) Ген(эрал) на ад’ездным...» У 1929–1930 годзе пяцёх друйскіх клерыкаў для падрыхтоўкі ў Харбін паслалі вучыцца ў Рым у новаадчыненую Расейскую калегію (г. зв. Русікум). За іхную навуку мусіў плаціць Друйскі кляштар. Такім чынам, Харбін стаўся для Друі непасільным цяжарам і не даваў ёй разгарнуць шырэйшую працу на месцы. У 1932 годзе Цікота прасіў Бучыса, каб адзін з гэтых клерыкаў, Тамаш Падзява, мог застацца ў Беларусі. Адказ Бучыса быў хуткі і востры: «Тамаш Падзява тваімі стараньнямі быў прыняты ў калегію Русікум пад умоваю, што пасьля сканчэньня навукі будзе працаваць для навяртаньня расейцаў. Дзеля гэтай мэты тыя, каму ляжыць на сэрцы навяртаньне Расеі, выдаткавалі немалыя сумы для адукацыі гэтага юнака... тваё жаданьне супярэчыла той мэце, якую прызначыў Найсьвяцейшы Айцец Друйскаму кляштару»19. Біёграфы пішуць, што Дэрбіньі любіў выдаваць свае жаданьні за волю папы. Бучыс выявіў сябе здольным вучнем свайго апекуна.
Але вернемся ў 1927 год. Даслаўшы ліст ва Ўсходнюю Кангрэгацыю, Бучыс атрымаў 27 траўня сакрэтны апытальнік у справе Абрантовіча, «якога прапануюць на годнасьць пралата для расейцаў бізантыйскага абраду ў Харбіне, за межамі Польшчы»20.
Фабіян Абрантовіч (1884–1946) лічыўся адным з найбольш выдатных беларускіх каталіцкіх сьвятароў свайго часу. Ён атрымаў адукацыю ў Пецярбурскай Каталіцкай Акадэміі і Лювэнскім Каталіцкім Унівэрсытэце ў Бэльгіі. Быў выкладчыкам Магілеўскай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбурзе, а пасьля рэктарам Менскай духоўнай сэмінарыі пад час ейнага нядоўгага існаваньня ў 1918–1920 гадох – пасад біскупа Менскага займаў тады Зыгмунт Лазінскі. Калі бальшавікі занялі Менск і зрабілі яго сталіцай Беларускай Савецкай Рэспублікі, Абрантовіч выехаў у Заходнюю Беларусь, дзе дапамагаў біскупу Лазінскаму будаваць духоўную сэмінарыю для ягонай новай Пінскай дыяцэзіі. Напэўна, а. Фабіян спадзяваўся стаць ейным рэктарам, аднак перашкодзіла ягоная беларуская нацыянальнасьць. У Пінску ён атрымаў прапанову ехаць у Харбін працаваць сярод расейцаў. На той час Абрантовіч ужо расчараваўся ў магчымасьці якой-колечы працы для беларусаў пад польскім панаваньнем. З другога боку, ён ня меў ахвоты пакідаць Беларусь і тым болей мяняць свой рымскі (лацінскі) абрад, у якім нарадзіўся, на ўсходні. Можа, гэта і паўплывала на ягонае канчатковае рашэньне ўступіць у Друйскі кляштар. Але ён недаацаніў Бучыса... У жніўні 1927 году Абрантовіч скончыў навіцыят у Друі, а ўжо ў сьнежні яго выклікалі ў Папскую нунцыятуру ў Варшаве і там другім разам прапанавалі ехаць у Харбін. І ён здаўся. У жніўні 1928 году Абрантовіч сеў у Марсэлі на карабель, які плыў у далёкі Кітай... У Харбіне ён меў узначаліць адзіны за межамі Расеі каталіцкі “ардынарыят”, або эпархію, для расейцаў усходняга абраду. Звычайна на такую пасаду прызначаюць біскупа. Таму ўсе спадзяваліся, што й Абрантовіч паедзе ў Харбін біскупам, а некаторыя нават віншавалі яго. Аднак замест біскупскай годнасьці яму далі чыста ганаровы, хоць і мілагучны, тытул архімандрыта. Шмат хто зь ягоных знаёмых адчуў разгубленасьць. Калі праз два гады прыйшла вестка пра біскупства Бучыса, айцец Адам Станкевіч напісаў 13 ліпеня 1930 году айцу Ўладзімеру Талочку: «Мяне цікавіць, што пачне канкрэтна біскуп Бучыс. Абрантовіч, напэўна, не падазраваў, што ў ягонай асобе меў канкурэнта! Увогуле мы, беларусы (і расейцы), павінны сказаць у гэтай справе: “Без меня меня женили, меня дома не было...”»
Палякі ніколі не выказвалі ані вялікай любові да камісіі “Pro Russia”, ані разуменьня ейных мэтаў. Аднак праект высылкі друйскіх марыянаў у Харбін стаўся для іх сапраўдным дарам зь неба, бо дазваляў пазбыцца некаторых невыгодных ім беларускіх сьвятароў, якія маглі перашкаджаць у палянізацыі беларусаў-каталікоў.
Камісіі “Pro Russia” беларусы патрабаваліся толькі як прылада для “навяртаньня Расеі”. Гэта адчулі шмат якія беларускія сьвятары. Айцец Казімер Кулак, арганізатар трох першых вунійных канфэрэнцыяў у Пінску, пісаў 5 сьнежня 1931 году да Бучыса: «Група – 5–7 асобаў – больш вядомых беларускіх сьвятароў мела намер прыняць усходні абрад, разам уступіць у нейкі закон – базылянаў ці марыянаў – каб разам (падкрэсьлена аўтарам. – А.Н.) распачаць гэтую (вунійную. – А.Н.) працу ў нашай краіне. Але калі няма акцыі pro Alborussia (для Беларусі), а толькі pro Russiа (для Расеі), то нашто тады ўступаць. Каб ісьці навяртаць кітайцаў тады, як наш народ гіне ў твані сэктанцтва і бязбожнасьці?»
Газэта Беларуская крыніца, якая пільна сачыла падзеі беларускага рэлігійнага жыцьця, слушна заўважыла: «Як польскія духоўныя ўлады высылаюць ксяндзоў беларусаў зь беларускіх парафіяў, так расейцы з рымскай камісіі высылаюць беларускіх духоўнікаў зь беларускай тэрыторыі як мага далей ад беларускага народу. – Хто б мог спадзявацца, што будуць яны саюзьнікамі ў гэтай справе?»21
Іронія ў тым, што ў сьнежні 1927 году друйскія марыяне рыхтаваліся распачаць працу ў бізантыйскім абрадзе, каб адрадзіць у Беларусі Грэка-Каталіцкую Царкву. Пачаткова прызначаліся для гэтае мэты тры сьвятары: Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч і тады яшчэ навіцыянт Францішак Чарняўскі. Калі Абрантовіча накіравалі ў Харбін, Чарняўскі пакінуў навіцыят, бо, як казаў сам, не жадаў, каб і яго туды выслалі. Такім чынам, давялося пакінуць або, прынамсі, адкласьці праект працы ва ўсходнім абрадзе. Цікота пісаў 7 студзеня Бучысу: «Гэтая справа вельмі балючая для нашага кляштару і для Царквы ў нашых мясьцінах. Нас так мала, і ад нас яшчэ адбіраюць (Tam pauci sumus et adhuc orbamur)».
Можна сказаць, што ў 1928 годзе пачаўся заняпад Друі. Аднак далёка ня ўсе гэта адразу заўважылі. Дык што ўжо казаць пра 14-гадовага юнака Чэслава Сіповіча, які нічога ня ведаў пра палітыку і розныя закулісныя інтрыгі. Ён мог нават ганарыцца тым, што Друі выпала такая важная роля ў вялікай справе “навяртаньня Расеі”. Адначасова годная пастава беларускіх айцоў перад польскім наступам і націскам ды іхная самаахвярная пастырская дзейнасьць толькі ўзмацнялі ягоную адданасьць і павагу да іх.
Жыцьцё ў ювэнаце – ня зь лёгкіх. Пад’ём а 4-й раніцы, Імша, сьнеданьне, заняткі ад 6.30 раніцы да 12.30, абед, кароткі перапынак, падрыхтоўка школьных заданьняў, вячэра, малітвы, сон a 7.45 вечара. Асаблівых выгодаў не было. Ежа гатавалася простая, але яе хапала. На сьнеданьне звычайна мелі грычаную кашу, гарбату. Абед складаўся зь дзьвюх страваў, а салодкае давалі толькі на вялікія сьвяты. У часе паабедавага перапынку ўсе звычайна займаліся фізычнай працай, напрыклад нарыхтоўкай дроваў на зіму. Вольнага часу было няшмат, але сялянскія хлопцы, звыклыя да працы зь дзяцінства, ня надта праз тое пераймаліся.
Паводле словаў самога Сіповіча, нягледзячы на цяжкасьці, ён захаваў сьветлыя ўспаміны зь ювэнату ў вялікай ступені дзякуючы айцу Язэпу Германовічу (1890–1978), сьвятару з усьмешкай у вачох. Германовіч прыйшоў у Друю ў 1924 годзе пасьля дзесяцігадовай пастырскай працы ў розных парафіях Віленскай дыяцэзіі. Ягоныя казані на беларускай мове і спробы заснаваць беларускія школы сустрэлі там зацяты супраціў з боку польскіх і апалячаных сьвятароў. Чалавек вялікай дабрыні і лагоднага характару, ён мог быць цьвёрдым і бескампрамісным, калі даводзілася бараніць прынцыпы, якія ён уважаў слушнымі, асабліва законныя правы беларусаў слухаць Слова Божае на роднай мове. Праз трыццаць гадоў Сіповіч згадваў пра айца Германовіча: «Ён умеў узгадоўваць хлапчукоў, зацікавіць іх, асабліва ўмеў прышчапіць любасьць да роднай мовы, якая ў Польшчы тады перасьледвалася і якой не маглі нават вучыць у самой Друйскай гімназіі22, дзе блізу 90% вучняў былі беларусамі»23. Германовіч, відаць, ужо тады заўважыў у маладым Сіповічу якасьці, якія вылучалі яго сярод іншых хлопцаў, і зрабіў яго сваім памочнікам. Сіповіч пісаў 15 чэрвеня 1941 году Цікоту ў Харбін: «Аб пэдагогіцэ я ніколі не забываў ад таго часу, як мяне a. Язэп у Др(уі) зрабіў сваім памочнікам. Многа я там памагаў, ня ведаю, але сам вельмі многа скарыстаў ад а. Язэпа і з кніжак








All the contents on this site are copyrighted ©.