2006-06-12 14:02:28

У Рыме і Асізі з вялікім поспехам прайшлі канцэрты Львоўскага сімфанічнага аркестра. Нямала паспрыяў таму і ўдзел у ім незвычайнай скрыпачкі - 11-гадовай Машанькі Дзьячэнка.


Дырыжыраваў яе айцец, Сяргей Дзьячэнка, кіраўнік Рымскай акадэміі "Арт-музік", выпускнік адразу двух кансерваторый - Маскоўскай і Санкт-Пецербурскай. Яго добра ведаюць як у месцах, дзе нарадзіўся і ніколі не забываўся - на Украіне, так і у нас на Беларусі, дзе неаднаразова гастраляваў і выкладаў, і ў Расіі, і ў многіх іншых рэспубліках шостай часткі свету. Як і ў заходняй Еўропе ды Амерыцы. Другім аддзяленнем чэрвеньскіх канцэртаў музычнага калектыву з Львова кіраваў славуты дырыжор Алан Хіркоп,які зараз узначальвае Мальтыйскую культурную фундацыю "Ренесанс" і гастралюе з многімі славутымі калектывамі.У скрыпічным радзе аркестру сагравае заўсёды мама таленавітай з малалецтва дзяўчынкі - Вольга Дароніна. Таксама ўсёй сям'ёй яны ўдзельнічалі ў канцэрце Юбілею 2000 году, калі побач з Машанькай гралі - тады яна была піяністкай - два італьянскія хлапчукі, якія сёння ўжо сталі юнакамі і працягваюць радаваць сваімі поспехамі. Папа Ян Павел 2 паблаславіў тады ўсіх траіх, і Машанька добра памятае гэты момант.Цяпер яна часта выступае, але больш як скрыпачка. Ў Італіі выконвае складанейшыя творы на скрыпцы самога Вівальдзі, створанай славутым майстрам Гварнері.Інструмант ёй даверылі, кажучы, што малышка мае запяьсце Паганіні. Мара Машы - выконваць увесь рэпертуар непаўторнага віртуоза. Пакуль засвоіла больш паловы спадчыны, якая ёсць вяршыняю для найлепшых артыстаў свету. У горадзе св. Францыска бывае часта, бо тут 10-гадовай атрымала тытул прафесара Асізскай Акадэміі за мір ва ўсім свеце. А ў Рыме, дзе нарадзілася і жыве, кожнае з выступленняў стаецца падзеяю. Як і апошняе, у царкве св. Антонія Падуанскага, што ў самым цэнтры Вечнага горада. Так адзначана свята стаўпа, настаўніка і доктара Царквы, што нарадзіўся ў Партугаліі, а заззяў на ўвесь касцёл у Падуі.Не забудземся, што там навучаўся і маліўся у славутым саборы Святога Антонія, распісаным Джота, і вялікі сын Беларусі - Францыск Скарына.
Сёлета сям'ю Дзьячэнка - дзяўчынку Машу, маму-скрыпачку Вольгу і бацьку-дырыжора Сяргея чакае напружаная праграма выступленняў, у тым ліку і па календары юбілею Моцарта. Выйдуць і новыя кампакт-дыскі, якія можна будзе купіць і ў краінах СНД. І, натуральна, шмат рэпетыцый і урокаў, якія не перарываюцца на канікулы. Хаця, як і ўсе сяброўкі, Машанька будзе плаваць ў моры, працягваць трэніроўкі па спартыўнай гімнастыцы, маліцца са сваімі аднагодкамі - скаўтамі і спяваць ля кастра рускія ,італьянскія і украінскія песні.








All the contents on this site are copyrighted ©.