2006-06-06 13:20:07

Пастырскі ліст Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ў Беларусі ( заканчэньне)


Велізарнае значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла на Беларусі меў і надалей мае праведзены на працягу 4 гадоў (з 1996 па 2000 гады) Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, у заканчэнні якога прымаў удзел папскі пасланнік кардынал Каміллё Руіні, Генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі.
10. У Мінску-Пінску, Гродне і Віцебску былі скліканы Судовыя трыбуналы, якія займаюцца перадусім канфліктнымі сужэнскімі сітуацыямі.
11. 12 верасня 2001 года, пасля 62-гадовага перапынку, у вернутым і адрамантаваным будынку былой Вышэйшай духоўнай семінарыі Пінскай дыяцэзіі, была адчынена Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску.
12. Важным элементам аднаўлення рэлігійнага жыцця, а асабліва марыйнага культу на Беларусі сталі, па жаданні Папы, тры вызначаныя (у 1991–1996 гадах) Меншыя базылікі: у Гродна, Будславе і Пінску, а таксама каранацыя папскімі каронамі (у 1996–2005 гадах) чатырох цудатворных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Брэсце, Лагішыне, Будславе і Гродне.
10 снежня 2005 г. па жаданні Святога Айца Яна Паўла ІІ быў каранаваны абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай, ахвяраваны і асвечаны Папам і змешчаны ў галоўным узноўленым алтары мінскай архікатэдры. Прыгожаю праяваю пашаны Найсвяцейшай Панны Марыі сталі праведзеныя ў 1993–1998 гадах у парафіях Мінска-Магілёўскай Мітраполіі перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай і фігуры Маці Божай Фацімскай, прывезенай з Партугаліі.
Мы назіраем павелічэнне колькасці пілігрымак у Марыйныя санктуарыі з усё больш шматлікім удзелам у іх вернікаў. Самыя мнагалюдныя пілігрымкі накіроўваюцца ў Нацыянальны санктуарый у Будславе.
13. 13 чэрвеня 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам ІІ былі беатыфікаваныя адзінаццаць беларускіх мучанікаў, а 5 сакавіка 2000 года — адзінаццаць сясцёр назарэтанак з Наваградка.
У гісторыю Касцёла на Беларусі залатымі літарамі ўпісана светлая постаць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Перад яго труною спачатку ў крыпце, а цяпер у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у пінскай катэдры пастаянна стаяць жывыя кветкі і рэгулярна ўзносяцца малітвы аб яго беатыфікацыі.
Вялікі духоўны плён прынесла святкаванне Вялікага Юбілею 2000 Года ў катэдрах, у парафіяльных касцёлах і юбілейных святынях, у якія прыбывалі шматлікія пілігрымкі, каб атрымаць адпусты.
14. У мінулым годзе распачалася ўжо трэцяя кананічная візітацыя парафій у дыяцэзіях, якая дае магчымасць пазнаёміцца са становішчам кожнай парафіі і наладзіць непасрэдны кантакт біскупа са святарамі і вернікамі.
15. Вялікім дасягненнем стала выданне ў 2004 годзе Імшала на беларускай мове (вынік шматгадовай працы Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў). Гэты Імшал ва ўсім паўсюдным Касцёле з’яўляецца першым выданнем трэцяй версіі Рымскага Імшала (Editio Typica Tertio), які быў перакладзены на нацыянальную мову. Вынікам працы камісіі таксама з’яўляецца пераклад на беларускую мову некаторых літургічных кніг такіх як «Абрады святога хросту», «Сакрамэнт бежмавання», «Сакрамэнт сужэнства».
16. Вялікае значэнне мае ўдзел партыкулярнага Касцёла на Беларусі ў дзейнасці і рэлігійным жыцці паўсюднага Касцёла.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца членам рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы. Біскупы ўдзельнічаюць у Сінодах біскупаў, у розных кангрэсах, канферэнцыях і сімпозіумах у многіх краінах свету.
Аб прысутнасці Касцёла на Беларусі на міжнароднай арэне сведчаць шматлікія замежныя пілігрымкі. У 1997 годзе каля тысячы вернікаў выехала на спецыяльным цягніку ў Вроцлаў, каб прыняць удзел у 46 Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе і каб сустрэцца з Папам.
З вялікаю радасцю была перажыта ў кастрычніку 1998 года аўтобусная пілігрымка каля 900 вернікаў з усёй Беларусі ў Рым на ХХ гадавіну пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ. На заканчэнне спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI Папа, нягледзячы на нямогласць, прайшоў праз усю залу сярод узрушаных і расчуленых да слёз беларускіх пілігрымаў, аказваючы ім асаблівую сардэчнасць і зычлівасць.
У колах Захаду Касцёл на Беларусі, які адраджаецца, атрымаў прызнанне і нават выклікаў здзіўленне, і сёння займае ў паўсюдным Касцёле належнае яму месца нароўні з іншымі партыкулярнымі Касцёламі.
17. У пятнаццатую гадавіну адраджэння Касцёла на Беларусі, калі мы ўсведамляем вялікую колькасць здзейсненых пераменаў і дасягненняў, хоць і не можам іх усіх пералічыць, у пакоры схіляем галовы перад усемагутным Богам і з глыбіні сэрцаў выказваем падзяку за збавеннае кіраванне Божага Провіду, а таксама за пастаянную апеку Маці Божай.
У той жа час шчыры клопат Папы Яна Паўла ІІ залатою стужкаю бацькоўскай любові атульваў гэтыя мінулыя гады цяжкіх выпрабаванняў і нялёгкай справы аднаўлення Касцёла на Беларусі.
Асаблівыя словы ўдзячнасці трэба сказаць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ за ратаванне Касцёла на Беларусі ад згубы, за выратаванне чалавечых душаў ад страты веры, за захаванне чалавечых сэрцаў ад знішчэння ў іх любові Бога і вернасці Касцёлу.
Слава людзям за тое, што былі мужнымі ў справе фармавання аблічча Касцёла на Беларусі. Мы маем на ўвазе святароў, законнікаў, мясцовых і тых, хто прыехаў з Польшчы, хто плённа і ахвярна выконваў і выконвае душпастырскую працу ў даручаных ім розных касцёльных пляцоўках. Асаблівае прызнанне выказваем люду Божаму за вернасць у гады пераследу, а таксама за іх актыўны ўдзел у гады адраджэння Касцёла і рэлігійнага жыцця на Беларусі.
Вялікіх спраў Божых нельга забываць. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў: «Трэба, каб мы з удзячнасцю ўзгадвалі мінулае, усім сэрцам перажывалі сучаснае і былі адкрытымі на будучыню». З бязмежным даверам Касцёл на Беларусі даручае сваю будучыню міласэрнаму кіраванню Божага Провіду, чулай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, кіраўніцтву Апостальскай Сталіцы.
Ад усяго сэрца благаслаўляюць
Каталіцкія біскупы Беларусі







All the contents on this site are copyrighted ©.