2006-06-01 14:44:44

Да Рыму з'язджаюцца каля 300 тысяч прадстаўнікоў касцельных рухаў і зграмаджанняў. Папа Бенедыкт 16 будзе мець з імі сустрэчу на свята Пяцідзясятніцы, якое адзначым у суботу, 3 чэрвеня.


Прыбудзе таксама экуменічная дэлегацыя. У яе складзе - прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхату, Сусветнай лютэранскай Федэрацыі, Экуменічнай рады Цэркваў, Армянскай і Англіканскай Цэркваў.
Многія з тых, хто будзе мець магчымасць параіцца з Папаю Рымскім аб сваім дзейсным укладзе ў жыццё Царквы, ўжо працуюць на Сусветным кангрэсе "Прыгажосць хрысціянства і радасць дзяліцца хрысціянствам", што распачаўся ў Вечным горадзе.
Старшыня папскай Рады па справах свецкіх монс. Рылко прынагодна выказаў перакананне, што Царква мае патрэбу ў новых харызмах і павінна падзячна прымаць іх у пачуцці адказнасці. У Царкве ўзрастае разуменне таго, што рухі і грамады з'яўляюцца дарам, а не праблемаю. І тут таксама можна кіравацца спадчынаю Папы Яна Паўла 2, які казаў, што рухі павінны ўваходзіць ў парафіі ў духу паслухмянага служэння, а пастыры павінны прымаць іх па-бацькоўску: сардэчна. Так яны здолеюць урасці ў жывую тканку касцельнага жыцця.
У цяперашні час у Каталіцкай Царкве існуе мноства разнастайных рухаў. Адны маюць дыяцазальны, іншыя - парафіяльны статус, а некаторыя - рэгіянальны ці міжнародны. Дык многія даслалі ў Рым дэлегатаў на сустрэчу з папам Бенедыктам 16. Напачатку сваёй місіі на Пятровым пасадзе ён вызначыў: " Царква павінна па вартасці ацэньваць усе гэтыя рухі і мудра кіраваць імі, каб яны ўносілі свой уклад ў стварэнне агульнае грамады...Мясцовыя Цэрквы і Рухі не супярэчацца. Яны складаюць жывую структуру Царквы."







All the contents on this site are copyrighted ©.