2006-05-27 13:44:46

Папа Бенедыкт 16 - у Польшчы. Гэта - даніна памяці сябра і аднадумцы папярэдніку на Апостальскім пасадзе Папу Яну Паўлу 2. Менавіта гэтая думка пранікае ўвесь гэты апостальскі візіт Папы-немца да католікаў і ўсіх насельнікаў Польшчы.


RealAudioMP3 Так, учора, у пятніцу, Бенедыкт 16 пасля заканчэння праграмы , намаліўшыся ля славутай іконы Чэнстахоўскае Багамаці, потым яшчэ накіраваўся на сустрэчу з тымі, хто прысвяціў сваё жыццё Царкве і ажыццяўленню Дабравешячання - значыцца, са святарамі, законнікамі, семінарыстамі, свецкімі - прадстаўнікамі рэлігійных рухаў , сабраных ў Яснагорскае святыні. Натуральна, сярод палякаў тут знайшліся і суайчыннікі пантыфіка, таксама як і беларусы з украінцамі, літоўцы ды эстонцы з латышамі. Папа маліўся разам з імі і надзяліў усім апостальскае блаславенства, а потым звярнуўся з невялікаў прамовай, якая знайшла водгук у сэрцах прысутных, што бачым з інтэрнетаўскага форуму. Прывядзем некаторыя фрагменты звароту Святога Айца ўчарайшым вечарам.
" Святая Марыя падтрымлівала ў веры Пятра і апосталаў ў святліцы тайнае Вячэры, а сёння падтрымлівае маю і вашую веру....
- Бог хаваецца ў таямніцы,- прыпомніў вернікам Правадыр Царквы. Імкнуцца зразумець усё значыць жадаць заключыць Яго ў нашых канцэпцыях і у нашых ведах , а такім чынам непапраўна згубіць Яго. Праз веру, аднак, - навучаў Папа,- мы можам пачуць і нават праз паразуменне,у тым ліку, тэалагічнае, дакрануцца да Бога Жывага. І Бог, аднойчы крануўшы душу,адразу ж надае сваю сілу."
У асаблівы спосаб Папа накіраваў свой зварот да трывання ў веры, у практычным ажыццяўленні яе і ў роздуме - да семінарыстаў, якіх назваў дарагімі кандыдатамі на святарства. Іх ён прыклікаў заўсёды мець на ўзор найсвятую Дзеву Марыю,якая вывучала Езуса сваёю душою і служыла з любоўю у вялікай адказнасці, спяваючы сэрцам Маніфікат." У вашым шляху і будучым святарскім паслугоўванні аддайцеся кіраваць сабою Марыі,каб вывучаць Езуса."
На вячэру Папа прыбыў ужо ў Кракаў, дарагі ўсім як месца, дзе Ян Павел 2 пражыў 40 год - студэнтам, рабочым, святаром,біскупам і кардыналам, і адсюль накіраваў яго Бог на пасад Рымскага біскупа для цэлага каталіцкага свету.Менавіта Кракаў стаецца сэрцам гэтае пілігрымкі новага Папы, як ён сам гэта адзначыў. Горад над Віслаю, які занатаваў у сваіх мурах подых складанай гісторыі і так блізкай нам культуры самага каталіцкага з усходніх славянаў - польскага народу, назаўсёды цяпер спалучаны з імем вялікага свайго сына - Папы Вайтылы. У Кракаўскай арцыдыяцэзіі пражывае за паўтара мільёна чалавек , і 97 працэнтаў з іх - каталікі. Сёння з раніцы Бенедыкт 16 накіраваў свае стопы да хаты ў Вадавіцах, дзе такім самым майскім днём 86 год таму назад нарадзіўся Карал Вайтыла -Ян Павел 2, які мужна правёў карабель апостальства праз бурныя хвалі гісторыі канца 20 - пачатку 21 стагоддзя і здабыў павагу ўсіх, нават скрушаных ворагаў. Ад 80-х гадоў кватэра сям'і Вайтылаў сталася ўжо музеем .Тут можна пабачыць амаль ўсё вубранства тых гадоў, калі Караль быў хлопчыкам і падлеткам. У часе 2 сусветнай вайны 10 з яго аднакласнікаў былі забітыя. Кожны 4-ты... Са школы, якую закончыў Папа Ян Павел 2 адгукнуліся на сваё святарскае пакліканне 200 хлопцаў. Памяць пра гэта зберагае цяперашняя хавальніца дома-музея сястра Магдалена.
У 11 гадзіне Папа Бенедыкт 16 сустрэўся з мясцовымі жыхарамі непадалёк ад базілікі Беззаганнага Зачацця Найсвятой Дзевы Марыі і звярнуўся да ўсіх:
"Дарагія браты і сёстры! З вялікім хваляваннем прыбыў ў месца народзінаў майго вялікага папярэдніка, слугі Божага Папы Яна Паўла 2. Вадовіцы нельга было абмінуць ў маёй пілігрымцы да польскай зямлі па ягоных слядах...Словы гэтае паломніцтва усё тыя ж : будзьце трывалымі ў веры. Будзьце вернымі сваім хросным абяцанням!
Хачу падзякваць Богу за пантыфікат Яна Паўла 2 і, як ён. прасіць Багародзіцу апекавацца Царквою, якою,на Боскую волю,мне даверана кіраваць.Прашу вас. браты і сёстры, суправаджаць мяне .Бласлаўляю усіх, хто дабраўся да Вадовіц."
Ад імя ўсіх вітаў наступніка Пятра асабісты сакратар Яна Паўла 2, а цяпер арцыбіскуп Кракава Станістаў Дзівіш, якога менавіта цяпершні Папа ўзвёў у сан кардынала.
Адсюль разам сябры Яна Паўла 2 накіраваліся ў святыню Кальварыі Зэбржыдоўскай. Паўстала яна ў 1600 годзе на ўзор месцаў гасподніх мукаў у Ерусаліме і праз матэрыяльную дапамогу дабрадзея Ніколы Зебржыдоўскага. Тутэйшую Віа Кручыс - Крыжовую Дарогу даўжынёй у 15 кілометраў ЮНЭСКА аб'явіла пунктам ў лісце "Спадчына чалавецтва", адзначваючы гармонію духоўных, эстэтычных і прыродных якасцей гэтага Хроснага шляху.
Тут Папа зажадаў памаліцца на адзіноце і ўвайшоў у маленькую бакавую капліцу Багародзіцы. Пасля яго вяртання картэж накіраваўся да Кракава, ў Лагеўнікі, да санктуарыя Божае Міласэрднасці. Ён мае багатую гісторыю, перарваную у некаторых гадах сацыялізму ў Польшчы. Сёння гэта маладзёвы адукацыйны каталіцкі цэнтр, якім па традыцыі апякуюцца сёстры Боскае міласэрднасці. У 2002 годзе Папа Ян Павел 2 , улічваючы вялізную колькасць пілігрымак да святыні , дзе ціхая манашка Фаусціна Кавальска здолела узнавіць малітоўны парыў сваіх сясцёр і выхавальніц, паблаславіў новы касцёл на 4000 чалавек.
Ён прысвяціў беатыфікаванай ,а потым ім жа ўзведзенай у сан святых Фаўсціне старонкі ў сваёй 2 Энцыкліцы Dives in Misericordia (1980).
Цяпер Папа Бенедыкт 16 сустрэўся ў гэтым касцёле з сёстрамі і каля тысячай інвалідаў, якім яны нясуць суцэльную дапамогу.
Падсілкаваўшыся ў арцыбіскупскім палацы, Папа надвячоркам дастаўся да Вавэлю, дзе ў старажытнай,збудаванай ў 14 стагоддзі катэдры святых Станіслава і Вэнчеслава .Гэта як бы польскі пантэон - тут знаходзяцца магілы каралёў і нацыянальных героеў .У крыпце св.Леанарда ў 1946 годзе Папа Ян Павел 2 адслужыў сваю першую Імшу пасля рукапалажэння ў святары . Цяпер наступніка апостала Пятра тут сустрэла духавенства. Пасля малітвы і гутаркі ўсе яны накіраваліся на сустрэчу з моладдзю. Адбылася яна, як і здаралася ў часах пантыфікату польскага Папы, на Лугах Блоні.
Молячыся разам з будучыняй Царквы - маладымі хрысціянамі Польшчы і краін Усходняе Еўропы, у тым ліку і Беларусі, Бенедыкт 16 перадае ім ў гэты якраз момант "Полымя міласэрднасці" - сімбалічную паходню,якую ім трэба пранесці праз цяжкасці і спакусы грамадства спажывецтва -гістарычна адносна новага выпрабавання для народаў Старога кантыненту, асабліва гэтае яго часткі. Як захаваць каштоўнасці, ад чаго можа залежыць самое выжыванне не толькі духу асобы, але і цэлага чалавецтва?
Папа Бенедыкт 16 звяртаецца зараз да соцень тысяч сваіх маладых аднадумцаў у веры.
" Будзьце трывалымі ў веры. .. У сэрцы кожнага чалавека , дарагія мае, ёсць прага дома.Тым больш, маладыя хочуць мець уласную хату, каб была моцаю, у якую не толькі вяртаешся з радасцю, але і расчыняеш дзверы добраму госцю.Не бойцеся такога жадання! Не губляйцеся,бачачы так многа дамоў,што разбураюцца мітуслівымі пажаданнямі, прамінаючымі непаразуменнямі. Бог-Стварыцель, які змяшчае ў кожнае маладое сэрца жаданне шчасця, не пакіне ніколі ў стамляючым будаванні гэтага Дому, які называецца ЖЫЦЦЁ! Будаваць з Хрыстом і на Хрысце значыцца будаваць на фундаманце любові "...-працягвае Папа гэты заклік да маладых, прыпамінаючы, што кожны будынак утрывае, калі пакладзены на добры фундамент, а не на пясок ... Хрыстус, Які не абяцае поўнага штылю, вучыць, што так разбуральныя хвалі не знясуць таго, што дорага"...
ххххххххххххххххххххххххххххххххххх
Заўтра - апошні дзень знаходжання Папы Бенедыкта ў Польшчы. Мы будзем весці справаздачу, зараз скажам толькі пра асноўныя вехі нядзелі: Святая Імша і маленне да Каралевы Нябёс.Развітанне ў арцыбіскупскім палацы Кракава з духавенствам Польшчы.
Наведанне нацысцкага канцлагера Асвенцым. Пасля - сустрэча ў цэнры дыялогу і малітвы Асвенцыма. Далей - працяг журботнага шляху гістарычнага прыпамінання - памінальная задушная малітва ля Міжнароднага манументу памяці аб ахвярах, узведзенага блізка печы 2-га крэматорыя суседняга канцлагеру Біркенаў, пасля чаго адбудзецца сустрэча Папы Рымскага з прадстаўнікамі іншых рэлігій і былымі вязнямі, якія ўсе разам пажадалі маліцца з нямецкім Папаю за ахвяраў генацыду і асабліва за мір ды супакой у сучасным свеце.
















All the contents on this site are copyrighted ©.