2006-05-25 14:43:58

Распачаўся візыт Свяцейшага Айца ў Польшчу.


Распачаўся візыт Святейшага Айца Бенедыкта XVI° на радзіму яго папярэдніка на пасадзе святога апостала Пятра Яна Паўла II. У 8.40 сярэднееўрапейскага часу самалёт італьянскай авіакампаніі “Аліталія” з Папам Бенедыктам XVI° на борце выляцеў з Рыму. А 11 гадзіне Высокі госць прыбыў у сталіцу Польшчы. У сталічным аэрапорце яго сустракаў Прэзідэнт Польшчы спадар Лех Качыньскі з сужонкай, палітычныя дзеячы краіны, найвышейшыя царкоўныя дастойнікі, сярод якіх арцыбіскуп Варшаўскі кардынал Юзеф Глемп, арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, Старшыня біскупскай канфярэнцыі Польшчы арцыбіскуп Юзеф Міхалік, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Юзеф Ковальчык і іншыя.
Пасля выканання гімнаў Ватыкана і Польшчы, Прэзідэнт Качыньскі звярнуўся да Свяцейшага Айца з прывітальнай прамовай.
У самым пачатку сваёй прамовы Бенедыкт XVI° зазначыў, што ён вельмі жадаў здзейсніць гэты візыт на радзіму яго папярэдніка, Слугі Божага Яна Паўла II°. “Я прыехаў сюды, каб наведаць месцы, злучаныя з яго доўгім жыццёвым шляхам ад гадоў юнацтва да ад’езду на славуты канклаў 1978 года. Я, - працягнуў Папа, - у гэтым падарожжы жадаю спаткацца і лепей пазнаць пакаленні вернікаў, якія прапанавалі Яна Паўла II служэнню Богу і Царкве, якія нарадзіліся і выраслі ў Пане пад яго святарскай пастырскай апекай у якасці біскупа і Папы. Наша супольнае падарожжа пройдзе пад дывізам “Заставайцеся моцнымі ў веры””.
У далейшай частцы сваёй прамовы Папа, звяртаючыся да спадара Прэзідэнта, прысутных царкоўных дастойнікаў і ўсіх братоў і сясцёр у Хрысце, падзякаваў за сардэчны прыём і прывітаў таксама сустракаючых яго Першага міністра Польшчы і членаў ураду, прадстаўнікоў Парламента і Сэната, членаў дыпламатычнага корпуса на чале з яго Дэканам, Апостальскім нунцыям.
Далей Бенедыкт XVI° зноў звярнуўся да асобы Яна Паўла II° і да яго пастырскага служэння. Свяцейшы Айцец падкрэсліў, што жадаючы наведаць месцы, злучаныя з жыццём свайго папярэдніка, ён вырашыў затрымацца перад усім у двух гарадах, блізкіх сэрцу Яна Паўла II°: у сталіцы Польшчы, Варшаве, і ў Кракаве, арцыдыяцэзію якога ўзначальваў нябожчык. “У Варшаве, - сказаў Папа, я спаткаюся са святарамі, з прадстаўнікамі “некаталіцкіх” Цэркваў і царкоўных грамадаў, а таксама з прадстаўнікамі ўраду”. Папа выказаў надзею, што гэтыя спатканні дадуць плён нашай агульнай веры ў Хрыста, для сацыяльнай і палітычнай рэчаіснасці ў якой жывуць сучасныя мужчыны і жанчыны.
Адразу ж пасля прывітальнай цэрымоніі Бенедыкт XVI°, у суправаджэнні ганаровага картэжа, накіраваўся сваім самаходам (званым “Папамобіле”) у сталічную катэдру, дзе сустрэўся з польскімі святарамі, сярод якіх былі і беларускія біскупы на чале з кардыналам Казімірам Свёнтэкам, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з Масквы.
На пачатку спаткання, якое пачалося ў 12.40 польскага часу блаславенствам Папы ўсіх прысутных, Высокага госця ад імя ўсіх палякаў прывітаў Прымас Польшчы, кардынал Юзэф Глемп.
Сваю прамову да сабраных у Варшаўскай катэдры святога Яна, дзе, дарэчы, як зазначыў у сваёй прамове кардынал Глемп, была падпісана першая Еўрапейская канстытуцыя, Свяцейшы Айцец пачаў словамі з ліста апостала Паўла да рымлянаў: “Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас… Я прагну бачыць вас, каб надаць вам штосьці ад ласкі духоўнай і падмацаваць вас. Гэта значыць суцешыцца супольна з вамі гэтай верай, вашаю і маёю” (Рым 1, 8-12).
“З гэтымі словамі апостала Паўла, - зазначыў Папа, - я звяртаюся да вас, шаноўныя святары, бо лічу, што ў іх выдатна адлюстроўваюцца мае сёняшнія пачуцці і думкі, жаданні і малітвы”. Потым Свяцейшы Айцец павіншаваў кардынала Глемпа, які менавіта 25 траўня адзначае 50-годдзе свайго святарскага служэння.
“Я, - сказаў Бенедыкт XVI°, - прыехаў у Польшчу, на радзіму майго вялікага папярэдніка Яна Паўла II°, каб адчуць – як ён гэта заўсёды рабіў – атмасферу веры ў якой вы жывеце і “надаць вам штосьці ад ласкі духоўнай і падмацаваць вас”. Я веру, што гэта мая пілігрымка ўмацуе нашу агульную веру.
У далейшай частцы сваёй прамовы Свяцейшы Айцец зазначыў, што прысутныя, абраныя для служэння Хрысту ў гэтым новым тысячагоддзі, былі абраныя з народа, натхнёныя Божымі рэчамі, каб прапанаваць дары і ахвяры за грахі. “Майце веру ў ваша святарства!”, - заклікаў Папа прысутных святароў. Бо вы дзейнічаеце не ад уласнага імя, але ад імя Хрыстуса, які пажадаў выкарыстаць вашы губы і вашы рукі, ваш дух і вашы таленты.
Далей Бенедыкт XVI° звярнуў увагу на важнасць пастырскага служэння ў сучасным свеце і аб яго асаблівасцях у Польшчы ў часы панавання таталітарнага рэжыму. Папа звярнуў таксама ўвагу на важнасць пастырскай працы сярод шматлікіх палякаў, якія пакінулі Радзіму і жывуць на чужыне. Свяцейшы Айцец не пакінуў без увагі і той факт, што шмат польскіх святароў і законнікаў служаць па-за Польшчай не толькі сваім суайчыннікам, але і іншым вернікам.
Напрыканцы спаткання з польскімі святарамі Папа зноў паўтарыў дэвіз сваёй пілігрымкі: “Быць моцнымі ў веры!” “Калі вы жывеце ў веры, - сказаў Бенедыкт XVI°, - Святы Дух падскажа вам, што вы павінны казаць і як павінны служыць. Вы заўсёды можаце разлічваць на дапамогу таксама Той, што вядзе Царкву ў веры. Заклікаю вас звяртацца да Яе заўсёды са словамі, якія вы добра ведаеце: “Мы абок Цябе, мы памятаем аб Цябе”.
Пасля кароткай малітвы каля труны славутага кардынала Стэфана Вышынскага і блаславенства, якім скончылася спатканне Свяцейшага Айца з польскімі святарамі, Папа накіраваўся на абед у арцыбіскупскі палац, што знаходзіцца на вуліцы Мядоваў у цэнтры Варшавы. Потым Бенедыкт XVI° паехаў у Апостальскую нунцыятуру на адпачынак, а ўжо перад 6 гадзінай вечара сярэднееўрапейскага часу ён нанёс візыт ветлівасці Прэзідэнту краіны Леху Качыньскаму, пад час якога яны размаўлялі прыватным чынам і абмяняліся падарункамі.
А ўжо а 19 гадзіне сярэднееўрапейскага часу Свяцейшы Айцец прыбыў у лютэранскую кірху Варшава для экуменічнага спаткання з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх “некаталіцкіх” грамадаў Польшчы, але аб гэтым мы паведамім вам у нашай заўтрашняй праграме.







All the contents on this site are copyrighted ©.