2006-05-20 10:47:21

Віцебск: сход памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ


Увечары 13 мая 2006 г. у віцебскім катэдральным касцёле святой Барбары праходзіў урачысты сход, прысвечаны памяці Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ Вялікага.
Дзень быў выбраны невыпадкова: роўна 25 гадоў таму на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане адбыўся замах на жыццё Папы, але заступніцтва Маці Божай Фацімскай уратавала тады Святога Айца ад смерці. Сярод шматлікіх гасцей на сходзе прысутнічалі губернатар Ватыкана кардынал Эдмунд Казімір Шока разам з папскім цырыманіярыем пралатам Конрадам Краеўскім, якія прыбылі ў нашую краіну па запрашэнні Віцебскага біскупа Уладзіслава Бліна, а таксама Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Марцін Відавіч.
Падчас сходу адбыўся канцэрт з удзелам беларускіх і польскіх дзеячоў культуры, арганізаваны намаганнямі консула пасольства Польшчы ў Мінску Кшыштафа Свідэрэка.
Напачатку з прывітальным словам да прысутных і выканаўцаў звярнуўся кардынал Эдмунд Казімір Шока, які падкрэсліў вялікую ролю Яна Паўла ІІ ў справе яднання людзей, яго важкі ўнёсак у развіццё гуманістычных традыцый Касцёла. Высокі госць распавёў таксама пра свае беларускія карані (яго продкі паходзілі з Гродзеншчыны) і падзякаваў віцяблянам і біскупу дыяцэзіі Уладзіславу Бліну за магчымасць наведаць зямлю продкаў.
Затым да прысутных звярнуўся Нунцый Марцін Відавіч, які, у прыватнасці, сказаў: «Імя Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ стала сінонімам павагі да чалавека і сцвярджэння яго годнасці, сінонімам міру і супрацоўніцтва паміж людзьмі і народамі. Ён заўсёды праяўляў вялікую прыхільнасць да Беларусі і да ўсіх, хто жыве ў гэтай краіне, заўсёды меў у сэрцы жыхароў гэтай зямлі, якая дваццаць гадоў таму так моцна пацярпела ад ядзернай катастрофы ў Чарнобылі. Калі ў мінулыя гады Ян Павел ІІ Вялікі быў сябрам Касцёла і народа Беларусі, сёння ён з’яўляецца іх заступнікам у небе».








All the contents on this site are copyrighted ©.