2006-05-20 10:41:07

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Раздзел: Прадмова
Чэслаў Сіповіч, з закону айцоў марыянаў, тытулярны біскуп Марыямітанскі i апостальскі візытатар для беларусаў каталікоў бізантыйскага абраду, пайшоў з жыцьця ў Лёндане 4 кастрычніка 1981 году. Ён памёр ад масіўнага інфаркту ў той самы дзень і час, калі сьвяткаваліся дзясятыя ўгодкі Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны, заснаванай ягоным дбаньнем. Адзін з прысутных, які добра ведаў біскупа Сіповіча, сказаў: ягоная сьмерць азначае канец эпохі. Гэтыя словы, бадай, найлепш перадаюць думкі й пачуцьці, што апанавалі тады мноства людзей.
Біскуп Сіповіч – першы беларускі каталіцкі біскуп за амаль два стагодзьдзі. Больш за тое: ён быў біскупам Грэка-Каталіцкай (Вуніяцкай) Царквы – у 1839 годзе яе зьнішчылі расейскія ўлады, і спробы адрадзіць яе, нягледзячы на высілкі шматлікіх сьведамых беларусаў, сутыкаліся зь невымернымі цяжкасьцямі. Маладым студэнтам багаслоўя Чэслаў Сіповіч быў прымусам выселены з Бацькаўшчыны, якую яму ўжо ніколі больш не давялося ўбачыць. Ягонае сьвятарскае i біскупскае служэньне прайшло далёка ад Беларусі. Але ў сапраўднасьці ён ніколі яе не пакінуў, а заўжды меў з сабою, у сваім сэрцы. Усё жыцьцё біскупа Сіповіча сталася змаганьнем за справядлівасьць для свайго народу і ў Царкве, i па-за ёю. Разам з тым ён ніколі не забываўся, што ён – сьвятар, для якога ўсе людзі, незалежна ад нацыянальнасьці, расавай прыналежнасьці, мовы i рэлігійных перакананьняў – дзеці Божыя.
Упершыню я сустрэўся з тады яшчэ айцом Чэславам Сіповічам y 1945 годзе. Гэтае знаёмства азначыла пачатак доўгага i плённага сяброўства i супрацоўніцтва, нягледзячы на розьніцу ў веку, выхаваньні i разьбежнасьць поглядаў y некаторых істотных пытаньнях.
Думка напісаць кнігу пра біскупа Сіповіча зьявілася неўзабаве пасьля яго сьмерці. Аднак тады было яшчэ зарана: патрабаваўся час, каб цьвяроза i бязь лішніх эмоцыяў агледзець падзеі ды абставіны ягонага жыцьця i сьлед, які ён па сабе пакінуў. Калі ўзяць пад увагу словы псалміста, што “Век жыцьця нашага – семдзесят гадоў, a калі ў сілах – дык да васьмідзесяці; i бальшыня ix – турботы i марнасьць” (Пс 89:10), дык чвэрць стагодзьдзя трэба лічыць дастатковым прамежкам часу. Дый чакаць далей было нельга, бо аўтар дасягнуў таго веку, калі Вечнасьць займае ўсё больш месца ў ягоных думках.
Апрача асабістых успамінаў, крыніцамі для кнігі служылі дзёньнікі i ліставаньне біскупа Сіповіча, a таксама асабістыя ды іншыя дакумэнты Ўладыкі, што цяпер знаходзяцца ў ягоным архіве ў Бібліятэцы Ф. Скарыны ў Лёндане. Абсалютная ix большасьць друкуецца ўпершыню.
Выказваю шчырую падзяку за дапамогу ў выданьні кнігі Беларускаму Дабрачыннаму Фонду ў Вялікабрытаніі, а таксама Алене Міхалюк, Францішку і Веры Бартулям, Паўлу Шаўцову, Караліне Мацкевіч, Ірыне Дубянецкай, Алене і Міколу Сенькам, Ксені Касьцевіч, Андрэю Вышадку, Вользе Зынгель, Васілю Еўдакімаву, Сяргею Дзейку, Міколу Залогу, Юрасю Гарбінскаму, Вандзе Махнач, Антону Маркевічу.
Лічу сваім прыемным абавязкам выказаць шчырую ўдзячнасьць Вользе Калацкай зь Менску, якая прысьвяціла ўвесь летні адпачынак y Лёндане на тое, каб надаць тэксту больш-менш прыстойную літаратурную форму ды выправіць шматлікія памылкі. Дзякую таксама Ірыне Дубянецкай, Караліне Мацкевіч i Сяргею Стасевічу, якія прачыталі рукапіс i зрабілі каштоўныя папраўкі i заўвагі. Апошняя, але не найменшая (як гавораць ангельцы, last but not least) падзяка належыцца Ігару Лабацэвічу за тэхнічную падрыхтоўку тэксту да друку. За памылкі i хібы, якія, нягледзячы на ўсё, маглі застацца ў кнізе, нясе адказнасьць аўтар.
Кніга прымеркаваная да 90-х угодкаў з дня нараджэньня Чэслава Сіповіча. У ёй я хацеў даць партрэт гэтага незвычайнага чалавека на фоне тагачасных рэлігійных, палітычных i культурных падзеяў, асабліва тых, што непасрэдна датычылі беларусаў. Ці гэты намер удаўся, хай мяркуюць чытачы.
а. Аляксандар Надсан
21 лістапада 2004 году
Уводзіны ў храм

Найсьвяцейшай Багародзіцы
Раздзел: Першыя крокі
Чэслаў Сіповіч нарадзіўся 8 сьнежня (25 лістапада паводле юліянскага календара) 1914 году ў сялянскай сям’і ў вёсцы Дзедзінка (часам Дзедзіна) з парафіі Ідолта ў паўночна-заходнім кутку Беларусі. На той час яна належала да Расейскай імпэрыі. Але ў выніку Першай сусьветнай вайны i наступных падзеяў Дзедзінка, як i ўся Заходняя Беларусь, апынулася ў межах Польскай дзяржавы.
У 1938 годзе Сіповіч пісаў пра сваю родную вёску: «Дзедзінка – вёска адна з найбольшых Браслаўшчыны... Жыхары Дзедзінкі ўсе з-пад прыгону. Год таму назад памёр дзядуля Піліп Б., каторы помніў, будучы ўжо малым хлопчыкам, калі пан Рудніцкі, адправіўшы мужыкоў, сказаў: “Вы ўжо не мае”. 16 чалавек атрымала тагды па валоцы зямлі i лесу на будоўку хат. I так ад 1861 году мае Дзедзінка сваю гісторыю, рожную ўжо ад двара... З усіх 16 валок сяньня ў вадных руках ёсьць толькі адна. Рэшта распарцэлявалася. Дайшло ўрэшце да таго, што ня стала чаго i дзяліць! Настаў час бабыльскі. На мейсца 16 хат сяньня стаіць 70. A зямлі нават паменшыла: адышлі сэрвітуты... Чым вёска багата? Бядой, дзяцьмі i песьняй... Пяець моладзь, пяюць дзеці, пяюць дзядзькі i цёткі. Плывуць паважныя i сумныя сьпевы, каб аблягчыць штодзённы цяжар жыцьця... Вялікай такжа ненатуральнасьцю ёсьць нястача школы i набажэнстваў y родным языку. Сяньня можа толькі дзьве асобы ёсьць y Дзедзінцы, каторыя маглі б ламаць i так там паломаны язык польскі. Уся вёска, без вынятку, каталікі. Любяць нп. усе набажэнства маёвае... Чаму ж не засьпяваць тут так мілай, роднай песьні: “Матачка Божая, Матачка Добрая, бедныя дзеці, мы клічам Цябе”!?»1
Бацькі Чэслава, Вінцэсь (1877–1957) i Ядвіга (з дому Тычкаў, 1890–1974), былі каталікамі рымскага (лацінскага) абраду. Як вядома, многія рыма-каталікі ў Беларусі паходзілі з грэка-каталікоў (вуніятаў), якія зьмянілі абрад, каб захаваць веру, калі Вунія перасьледавалася расейскімі ўладамі. Што да Чэслава Сіповіча, дык няма ніякіх доказаў, каб ягоныя продкі належалі да Грэка-Каталіцкай Царквы. У сям’і з васьмі народжаных дзяцей выжылі пяць – чатыры хлопцы i дзяўчына. Чэслаў быў найстарэйшым.
Жыцьцё беларускага селяніна – нялёгкае, i дзяцей з раньніх гадоў прывучалі дапамагаць бацьком y гаспадарцы. Ня стаў выняткам і Чэслаў. Праз усё жыцьцё ён захаваў павагу да фізычнай працы, асабліва сялянскай. Ужо біскупам ён не цураўся ніякай работы: наводзіў парадак y хаце i панадворку, працаваў y садзе i г.д. Паводле сьведчаньня малодшага брата, Петруся, моцна паўплывала на Чэслава ды іншых дзяцей маці. Хоць сама без фармальнай асьветы, яна ведала, як выхаваць y малыx любоў да роднай мовы. Ядвіга мела немалыя паэтычныя здольнасьці: ейныя песьні i вершы аднавяскоўцы завучвалі на памяць, яны рабіліся часткаю мясцовага фальклёру








All the contents on this site are copyrighted ©.