2006-05-12 14:43:30

Інтранізацыя іконы Маці Божай ў Капцёўцы


Увечары 3 мая 2006 г. ў парафяльным касцёле ў Капцёўцы праходзіла ўрачыстая інтранізацыя абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.
Касцёл у Капцёўцы — вёсцы, якая знаходзіцца ў 10-ці кіламетрах ад Гродна — быў закладзены ў міжваенны час. Будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам тагачаснага пробашча кс. Яна Храбоншча, але, на жаль, яно так і не было завершана, а сам пробашч быў арыштаваны і загінуў у сталінскім Гулагу. Будынак касцёла ў савецкія часы ператварылі ў калгасны млын. Толькі напрыканцы мінулага стагоддзя парафіяне пад кіраўніцтвам пробашча кс. каноніка Лешка Дамагалы з дапамогаю ахвярадаўцаў аднавілі касцёл, надалі яму сакральны выгляд, а вакол святыні з’явіліся каплічкі са стацыямі Крыжовага шляху.
Па просьбе пробашча, айцы паўліны, якія апякуюцца Чэнстахоўскім санктуарыем Маці Божай (Польшча), падаравалі капцёўскаму касцёлу копію цудадзейнага абраза з Яснай Гары. Перад урачыстай інтранізацыяй на працягу трох дзён айцы паўліны праводзілі духоўную падрыхтоўку ў парафіі. На перадачу абраза прыбылі прадстаўнікі духавенства і кансэкраваныя асобы, выкладчыкі і клерыкі Гродзенскай духоўнай семінарыі, а таксама вернікі з навакольных парафій. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка.
У сваёй гаміліі біскуп звярнуў увагу на адметную рысу ў пабожнасці каталікоў нашай краіны — яе глыбокі марыйны характар. Ён праяўляецца ў Маёвых і Ружанцовых набажэнствах, шматлікіх рэлігійных песнях, прысвечаных Божай Маці. Сведчаннем асаблівай пашаны да Багародзіцы з’яўляюцца таксама шматлікія касцёлы, узведзеныя ў Яе гонар. Гэта ж пацвярджае і інтранізацыя абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, што адбылася ў Капцёўцы.
На заканчэнне святой Імшы пробашч парафіі выказаў пажаданне, каб гэты абраз Божай Маці, які быў змешчаны ў касцёле на тым самым месцы, дзе некалі знаходзіўся абраз Панны Марыі, знішчаны ў часы «ваяўнічага атэізму», больш ніколі не пакінуў святыню; каб да Божай Маці заўсёды прыходзілі Яе дзеці падзякаваць, пабыць, паразмаўляць, папрасіць у Бога праз Яе заступніцтва адпаведных ласкаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.