2006-05-09 14:07:09

Сустрэча сем"яў у Будслаўскім санктуары


29 красавіка 2006 г. у будслаўскім санктуарыі Маці Божай сабраліся сем’і, якія ўваходзяць у супольнасць «Хатняга Касцёла» руху «Святло-Жыццё» на Беларусі. У гэты дзень у нашым нацыянальным санктуарыі праходзіў 3-ці Нацыянальны дзень супольнасці. На сустрэчу прыбылі сем’і з Мінска, Маладзечна, Магілёва, Віцебска і моладзь з Вілейкі.
Сустрэча сем’яў распачалася а 12-й гадзіне малітваю каля абраза Маці Божай Будслаўскай. У 12.30 адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Аляксандр Барыла, дыяцэзіяльны мадэратар супольнасці «Хатняга Касцёла» руху «Святло-Жыццё». Пасля Імшы адбыўся супольны пасілак пад адкрытым небам. У 15.00 усе сабраліся на малітву да Божай Міласэрнасці пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце. Потым адбылася лекцыя і была абвешчана арганізацыйная інфармацыя на лета бягучага года. На заканчэнне адбылося ўрачыстае асвячэнне свечкі, якая будзе спадарожнічаць у працы супольнасці «Хатняга Касцёла» ў наступным годзе.
Бягучы год у Касцёле на Беларусі прысвечаны памяці Папы Яна Паўла ІІ. Рух «Святло-Жыццё» не застаецца ў баку. Удзельнікі супольнасці «Хатняга Касцёла» імкнуцца глыбей пазнаць спадчыну Вялікага Папы, нашага сучасніка. Ян Павел ІІ шмат разоў звяртаўся да сем’яў, у якіх бачыў сапраўдную аснову грамадства, і тлумачыў сэнс існавання сям’і, яе значэнне і заданні.
Другім аспектам малітоўнай сустрэчы ў Будславе стала падзяка Беззаганнай Маці Касцёла за шматгадовую апеку над рухам. У чэрвені 1973 года кардынал Караль Вайтыла — будучы Папа Ян Павел ІІ — даручыў рух заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і абвясціў Яе апякункай руху «Жывога Касцёла». Ян Павел ІІ увесь час падтрымліваў сувязь з рухам, умацоўваў яго айцоўскім благаслаўленнем і малітваю








All the contents on this site are copyrighted ©.