2006-05-02 15:01:46

Пад знакам Ісуса ( № 12)


Першае стагоддзе ад Нараджэння Хрыстова лічыцца сапраўднай Новай Эрай яшчэ і таму, што ў гэты час грамадзтва займала абмяркоўванне монатэістычнага боства – адзінага Бога. Парушаныя межы, новыя гарызонты сусвету, адарванасць вялізарных масс насельніцтва ад традыцыйных вераванняў, зрабілі прагу збавення і замірэння амаль несцярпімай, фізічнай боллю. Яе нельга было насыціць масавымі рытуламі страціўшага сэнс язычніцтва. Толькі рэлігія, зразумелая як вера, толькі асабісты кантакт з Богам мог даць вырашэнне духоўным пошукам эпохі, і паўней за ўсё гэты кантакт можна было ажыццявіць у Хрысціянстве.
Уласна Хрысціянства ўзнікла толькі ў момант пропаведзі Апостала Паўла язычнікам, гэта значыць, што ў самым яго нараджэнні закладзены прынцып сінтэза юдэйскай традыцыі з грэцкай культурай. Толькі на грэцкай глебе спавядальнікі Хрыста ўсведамляюць сябе носьбітамі новай рэлігіі – хрысціянамі. Геній Апостала Паўла даў Хрысціянству новае вымярэнне: першапачатковае юдахрысціянства з яго апалогіяй законніцтва было адхілена, а ў цэнтр хрысціянскай думкі была змешчана падзея Уваскрашэння Хрыста. Тым самым хрысціянства стала навукай аб Боге – багаслоўем. З веры ва Уваскрэсенне ўпершыню ўзнікае цікавая рэч – станоўчая адзнака смерці – бо “Хрыстос памёр за нашы грахі”.
Звыклыя для звычайнага чалавека ўяўленні аказаліся перавернутымі, і вострае пачуццё гэтага дзіўнага ператварэння напаўняе ўвесь перыяд ранняга Хрысціянства, у тым ліку і мастацтва. Смерць становіцца пажаданай: толькі яна, і асабліва мучаніцкая смерць, адчыняе дзверы загробнай Ласцы Божай. Не выпадкова першыя хрысціяне аддавалі на пакуты тых, каго больш за ўсіх любілі – дзяцей. Але спачатку іх трэба было ахрысціць і выхаваць хрысціянамі. Вялікі багаслоў і мудрэц Святы Ян Залатавусны (344-407) пісаў у сваёй працы “Выхаванне дзяцей”:
“Часта многія з бацькоў робяць усё і прыймаюць усе меры, каб сын меў добрага каня, цудоўны дом або дарагі маёнтак, але аб тым, каб ён меў добрую душу і дабразычлівы настой, зусім не клапоцяцца. Але глядзець трэба не на тое, каб зрабіць дзяцей багатымі срэбрам і золатам і таму падобным, але каб яны былі багацейшымі за ўсіх дабразычлівасцю ды іншымі дабрадзеямі, каб не мелі патрэбу ў многім, каб не захапляліся жыццёвымі рэчамі і пажаданнямі. Навучайце дзяцей сваіх у навуцы і павучанні Божым з вялікім стараннем. Юнацтва ёсць неўтаймаваным і мае патрэбу ў многіх настаўніках, кіраўніках, даглядальніках, выхавацелях. Вы, маці, больш за ўсё глядзіце за дачкамі: апека гэтая для вас не цяжкая. Назірайце за тым, каб яны сядзелі дома; а перш за ўсё навучайце іх быць прыстойнымі, пабожнымі, пагарджаць грашыма і не вельмі клапоціцца аб убранні... Так і замуж аддавайце іх.
І сыны таксама павінны быць сціплымі, каб можна было пазнаць іх па добрых паводзінах і цнатлівасці і каб яны заслужылі вялікую пахвалу і ад людзей і ад Бога”.
У старажытным Рыме не было грамадзкай роўнасці паміж людзмі, хаця стаць рымскім грамадзянінам было дастаткова лёгка. Вялікі філосаф старажытнай Грэцыі Арыстоцель у свой час пісаў, што грэцкі горад “параджае рабоў і паноў, а не вольных людзей”. Рымскія філосафы, перш за ўсё стоікі, намагаліся пераадолець сацыяльную няроўнасць, сціраючы межы паміж грамадзянінам, вольнаадпушчаным і рабом. Філосафы Сэнэка і Эпікцет высока ставілі добрыя чалавечыя адносіны, сцвярджаючы, што ўсе людзі – дзеці аднаго бацькі – Зеўса, і таму яны ўсе браты. Сэнэка вёў такі дыялог са сваім сябрам Луцыліем: “Я з задавальненнем даведаўся, што ты жывеш у сяброўстве са сваімі рабамі. Гэта адпавядае тваёй разважлівасці і адукацыі. “Яны рабы”, але яны людзі; “яны рабы”, але яны твае сужыцелі; “яны рабы”, але яны твае пакорныя сябры”.
Але гісторыя вельмі багатая на прыклады лютых адносінаў гаспадароў да сваіх рабоў. У 61-м годзе ад Нараджэння Хрыстова прэфект Рыма пакараў смерцю 400 рабоў з-за аднаго, якого падазравалі ў забойстве свайго гаспадара. Гісторык Тацыт у сваіх аналах пісаў, што пакаранне неслі ўсе хто жыў пад адным дахам з вінаватым. Хрысціяне ў сваёй павазе да рабоў засноўваліся на тым, што Хрыстос быў укрыжаваны за ўсіх і прыняў сваю смерць на крыжы, падобна рабу.
Апостал Павел лічыў, што смерць Ісуса знімала ўсе сацыяльныя і рэлігійныя адрозненні, даючы магчымасць збавення кожнаму чалавеку, незалежна ад яго паходжання: “Няма ўжо ні юдэя, няма элліна, няма раба, ні вольнага, няма мужскога пола, ні жаночага, бо ўсе вы адно ў Ісусе Хрысце”. Ісус не быў рымскім грамадзянінам. Сын Божы, Ён памёр, як раб на крыжы, прыняўшы смерць за ўсіх людзей, і ў Хрысце ўсе людзі станавіліся братамі. Прыхільнасц навуцы Хрыста адрознівала грамадзкі лад ад ідэяў Апостала Паўла. У іх не было ідэі “богаабранасці” юдэяў і няроўнасці паміж людзмі якую прапаведвалі рымляне. Для тагачасных людзей было дзіўным даведацца, што ў хрысціянскіх суполках юдэй сядзеў за адным сталом з язычнікам, а раб параўноўваўся ў сваіх правах з вольным грамадзянінам. На такім ідэальным фоне некаторыя парады Паўла падаваліся абмежаванымі. Як чалавек свайго часу, ён не мог пайсці далей у развіцці сацыяльных адносінаў. “Кожны заставайся ў тым званні, у якім пакліканы. Калі ты пакліканы рабом, не саромся”, – заклікае ён. Яго павучанні гаспадарам і рабам, жанчынам і іхнім муж’ям у большасці сваім засноўваліся на звычаях і прынцыпах, уласцівых грэцкай культуры. Але новым было тое, што даваў ён іх у духу навукі Хрыста. Ён развіў чыста хрысціянскае паняцце братэрскай любові, па-грэцку“agape”, без чаго нават самы гераічны ўчынак не меў для яго ніякай каштоўнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.