2006-05-01 10:03:49

Старонкі з Кампендіума сацыяльнай дактрыны Каталіцкай Царквы.


МIСIЯ ЦАРКВЫ I САЦЫЯЛЬНАЯ НАВУКА
1. Эвангелізацыя і сацыяльная навука
а) Царква, жыллё Бога з людзьмі
60 Царква, падзяляючы радасці і надзеі, клопаты і тугу людзей, салідарна з кожным мужчынай і кожнай жанчынай, ва ўсялякім месцы і ва ўсялякі час, і нясе ім радасную вестку аб Каралеўстве Божым, якое з Езусам Хрыстом прыйшло і прыходзіць да іх. У чалавецтве і ў свеце яна ёсць таямніцай любові Божай, і менавіта таму – найвялікшай надзеяй, якая натхняе і падтрымлівае кожную задуму і ініцыятыву, што накіраваныя на сапраўднае вызваленне і развіццё чалавека. Царква сярод людзей ёсць скініяй збору – жыллём “Бога з людзьмі” (Адкр 21,3) – таму чалавек не самотны ў сваім імкненні гуманізіраваць свет, не павінен упадаць у разгубленасць ці спалох: ён набывае падтрымку ў адкупляючай любові Хрыста. Царква – працаўніца збаўлення, не абстрактна і не ў выключна духоўным сэнсе, але ў кантэксце гісторыі і свету, у якім жыве чалавек, дзе яго асягнула Божая любоў і пакліканне адпавядаць Божай задуме.
61 Адзіны і непаўторны ў сваёй індывідуальнасці, кожны чалавек адкрыты да зносінаў з іншымі ў грамадстве. Суіснаванне ў сетіве адносінаў (спатканняў, зносінаў, абмена), якія звязваюць паміж сабой індывідуумаў, семьі, прамежкавыя групы, забяспечвае лепшую якасць жыцця. Агульнае дабро, якога людзі шукаюць і асягаюць, ствараючы сацыяльную суполку, - гэта гарантыя дабра асобы, сямьі, групы. З гэтай нагоды зараджаецца і фарміруецца грамадства са сваімі структурамі: палітычнымі, эканамічнымі, юрыдычнымі, культурнымі. Да чалавека, “уключанага ў складаную сетку адносінаў сучаснага грамадства”, Царква звяртаецца са сваёй сацыяльнай навукай. Яна, “добра ведаючы чалавечую прыроду”, здольна зразумець чалавека з яго пакліканнем ды імкненнямі, з яго абмежаванасцю і занепакоенасцю, з яго правамі і задачамі і сказаць яму слова жыцця, якое будзе гучаць ва ўсіх гістарычных і сацыяльных падзеях чалавечага існавання.
б) “Апладняць” і “заквашваць” грамадства Эвангеллем
62 Праз сваю сацыяльную навуку Царква мае намер абвяшчаць і актуалізаваць Эвангелле ў складаным сеціве грамадскіх адносінаў. Размова ідзе не проста аб тым, каб асягнуць чалавека ў грамадстве – чалавека як адрэсата эвангельскай навіны: Царква павінна “апладняць” і “заквашваць” Эвангеллем само грамадства. Таму для Царквы клапаціцца аб чалавеку – значыць звяртаць і на грамадства сваю місіянарскую і збаўчую дзейнасць. Тое, як людзі жывуць разам у грамадстве, часта акрэслівае якасць жыцця, а значыць, і ўмовы, у якіх кожны мужчына і кожная жанчына разумеюць сябе і прыймаюць рашэнне аб сабе і сваім пакліканні. З гэтай нагоды Царкве неабыякава ўсё тое, што грамадства выбірае, прадукуе і чым жыве, неабыякава маральнае, значыць сапраўды чалавечая і ачылавечываюячая якасць сацыяльнага жыцця. Грамадства – а разам з ім палітыка, эканоміка, праца, права, культура – не ёсць чыста свецкім і цывільным асяроддзем, а значыць, яно не застаецца абок ці за межамі абвяшчэння і будаўніцтва збаўлення. Бо грамадства – і ўсё, што ў ім адбываецца, - мае адносіны да чалавека. Грамадства складаецца з людзей, а яны ёсць па сутнасці “першым асноўным шляхам, па якому павінна крочыць Царква”.
63 З дапамогай сваёй сацыяльнай навукі Царква выконвае даручаную ёй Панам задачу абвяшчаць Эвангелле. У гістарычныя падзеі яна ўводзіць Хрыстовую вестку вызвалення і адкуплення, Эвангелле Каралеўства. Царква, абвяшчаючы Эвангелле, “у імя Езуса сведчыць чалавеку аб яго ўласнай годнасці і яго пакліканні да зносінаў з людзьмі; яна вучыць яго патрабаванням справядлівасці і міра, у адпаведнасці з мудрасцю Божай”.
Сацыяльная навука – вызваляючае слова, рэха Эвангелля, якое гучыць дзякуючы Царкве ў сёняшнім часе чалавецтва. Гэта значыць, што яму належыць сапраўднасць ісціны і Божай Ласкі Духа, Які трапляе ў самае сэрца, заахвочвае людзей песціць задумы любові, справядлівасці, свабоды і міра. Такім чынам, эвангелізаваць сацыяльную абшару – значыць запаўняць чалавечыя сэрцы эвангельскім імпульсам сэнсу і вызвалення, каб развіваць грамадства, адпавядаючае чалавеку па памерах, бо яно адпавядае Хрысту; гэта значыць узводзіць чалавечы горад, болей чалавечны, бо ён болей падобны Божаму Каралеўству.
64 Царква, абвяшчаючы сваю сацыяльную навуку, не толькі не адыходзіць ад уласнай місіі, але дзейнічае дакладна ў адпаведнасці з ёй. Адкупленне, здзейсненае Хрыстом і даручанае Царкве як збаўчая місія, безумоўна, мае дачыненне да звышнатуральнага парадка. Гэтае вымярэнне не абмяжоўвае збаўлення, але дае яму цэласную выяву. Звышнатуральнае не трэба ўспрыймаць як сутнасць ці абшару, якая пачынаецца там, дзе канчаецца натуральнае, але як узвышенне натуральнага; такім чынам, нічога з роду стварэння і з чалавечага роду не ёсць чужым звышнатуральнаму і багаслоўскаму парадку веры і Божай Ласкі і не выключана з яго, але ў ім прызнанае, прынятае і да яго ўзведзенае: “У Езусе Хрысце бачны свет, створаны Богам для чалавека (пар. Быц 1, 26-30) – гэты свет, калі ў яго ўвайшоў грэх, падпарадкаваўся мітусне (пар. Рым 8, 19-22) – ізноў набывае пачатковую сувязь з Боскай крыніцай Мудрасці і Любові. Бо “так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага” (Ян 3, 16). Як у чалавеку-Адаме гэта сувязь была разарваная, так у чалавеку-Хрысце яна была адноўлена (пар. Рым 5, 12-21).







All the contents on this site are copyrighted ©.