2006-04-25 12:03:23

Пад знакам Ісуса ( № 11)


У мінулы раз мы шмат увагі надалі разгляданню пытанняў прыватнага жыццёя, маралі і этыкі, якія замацоўваліся ў першых хрысціянаў. Айцы Царквы часта звярталіся да праблемаў выхавання дзяцей, стасункаў з рабамі, відовішчаў, якія існавалі ў тагачаснай Рымскай імперыі. Сярод Айцоў Царквы не было аднадушных адносінаў і да салдатаў, бо многія лічылі гэты занятак несумяшчальным з верай – бо салдат павінен быў забіваць і прыносіць прысягу на вернасць імператару-язычніку. Трэба сказаць, што асаблівая ўвага надавалася паводзінам да жанчынаў, ад чым сведчаць “Дзеі Апосталаў” і працы тагачасных багасловаў. Сярод іх існавалі вельмі разнастайныя меркаванні аб жанчыне, пачынаючы ад катэгарычных высказванняў Тэртуліяна і канчаючы павучаннямі Яна Залатавуснага. Ніхто з іх не змог змяніць грамадзкае жыццё таго часу, але ніхто і не пагарджаў жанчыну, як прамаці недасканалага роду людскога.
Для Айцоў Царквы мужчына і жанчына былі грэшнікамі, пакліканымі адрадзіцца для новага жыцця. Яны заклікалі да сапраўднай раўнапраўнай любві, хаця ім і не ўдалося пераадолець існаваўшага ў антычным свеце падпарадкаванага становішча жанчыны. Відавочна, што Хрысціянства ля сваіх вытокаў было яшчэ не ў стане выпрацаваць навуку аб жанчыне і аб любові. Айцы Царквы і не маглі далёка адыйсці ад старажытнай традыцыі ў сваіх прапаведваннях на тэму: як паводзіць сябе жанчыне. Яны зыходзілі з маральнага прынцыпа сарамлівасці, якая змяшчалася ў сціпласці і стрыманасці. Знайшоўшы пацвярджэнне ў Святога Паўла, яны адстайвалі антычную мадэль паводзінаў, якая, па сутнасці, была мастацтвам устрымання.
Вочы хрысціянкі павінны былі быць апушчаны долу: бо яна, якая вырасла на Усходзе, добра ведае, якую эратычна прыцягальную моц можа мець погляд. Грэцкі багаслоў Мяфодзій Алімпійскі пісаў:“Занадта зацікаўлены погляд заўсёды непрыстойны, пазбягайце яго, і вы выратуецеся ад распусты. Зачынім на замок вушы і нос, падфарбуем губы маўчаннем, якія павінны ўсміхацца ценню ўсмешкі. Такім чынам мы зможам зберагчы сябе ад тлятворнага ўплыву знешняга свету, ад усіх ірацыянальных адчуванняў, якія скажаюць Слова Божае. Паходка павінна быць размеранай і напоўненай годнасцю – гуллівы поступ і выразнае пакачванне бёдрамі адразу вылучае жанчыну лёгкіх паводзінаў. Хрысціянка ж ідзе роўна і стрымана і не выходзіць з дома без асаблівай патрэбы, дзе яна, застаючыся вернай старадаўняму абычаю, пакорная і ціхмяная, праводзіць амаль увесь свой час”.
Яшчэ адзін Айцец Царквы Рыгор Назіянзін з Кападокіі ў ІV стагоддзі пісаў, што “гонар жанчыны ў тым, каб чырванец ад пахвалы мужчынаў”.
Неаднойчы ўжо ўзгаданы намі ў папярэдніх гутарках Айцец Царквы з Карфагену, аўтар многіх багаслоўскіх працаў Тэртуліян, які жыў прыкладна са 155 па 223 год пісаў у творы “Аб жаночым адзенні”: “Жаночы знешні выгляд уключае ў сябе два разуменні: убранства і ўпрыгажэнства. Убранствам я называю тое, што клічуць жаночай ахайнасцю, а ўпрыгажэнствам – тое, што трэба было б назваць жаночай ганьбай. Першае змяшчае ў сябе дагляд за валасамі, скурай і адкрытымі часткамі цела; другое – у золаце, срэбры, каштоўных камянях і ўбранні. Першае асуджаю, як славалюбства, а другое – як сапраўднае распуства. Падаю рассудзіць хрысціянскім жанчынам, якія служаць Богу, ці змогуць яны тут знайсці нешта падобнае на пакору і цнатлівасць, якую абавязаліся трымаць непарушна”.
Нагадаем, што пра гэта пісалася больш за 1800 гадоў таму, прыкладна каля 200 года ад Нараджэння Хрыстова. У той жа час Тэртуліян напісаў твор, які мае назву “Жонцы”, дзе раіць сваёй жонцы не выходзіць другі раз замуж, ён піша: “Пачну з таго, што прапаную табе па магчымасці не браць другі шлюб. Не дзеля мяне ты робіш гэта, але дзеля таго, каб дапамагчы сабе. Бо хрысціяне, што пакінулі гэты свет, не ўз’яднаюцца ў сужонстве ў дзень уваскрэсення, але выглядам і святасцю стануць падобнымі да анёлаў. І таму не мяркуй, што я раіў табе застацца ўдовай з-за жадання захаваць для сябе цела тваё ў беззаганнасці. Ніякаея ганебная забава не адрадзіцца для нас: не гэтую марную асалоду абяцаў Гасподзь служыцелям сваім. Чым карысны табе парады мае, як і кожнай хрысціянке, паспрабую цяпер растлумачыць табе. Мы далёкія ад таго каб асуджаць саюз мужа і жонкі, які блаславіў Бог, неабходны для захавання і рассялення па свету рода чалавечага, толькі б саюз гэты быў адзін. Адам быў адзіным мужам Евы, і Ева – адзінай жонкай яго, таму што Бог адну яе дастаў з рэбра яго”. (Тэртуліян, “Жонцы”, І, 4 – ІІ, 1).
Адзначым, што ў Рыме шлюб па любві быў з’явай не частай, многія лічылі за лепшае мець сужыцельку – каханку з добрай сям’і. Аднак рымскія стоікі, напрыклад Музоній Руф у І-м стагоддзі ўсхваляў узаемнае каханне і сужонскую вернасць. Хрысціянам прыкладам служыў саюз Хрыста і Царквы. У пасланні да Эфесянаў Святы Павел напісаў: “Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду, бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос – галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім. Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе”. (Эф., 5).
Як бачым станаўленне новай, хрысціянскай маралі, нормаў адносінаў і паводзінаў, было справай няпростай і даволі доўгай. Да таго ж нам трэба ўлічваць становішча тагачаснага грамадзтва, калі значная большасць насельніцтва міжземнамор’я яшчэ не спазнала сапраўднага Бога.







All the contents on this site are copyrighted ©.