2006-04-18 13:41:58

Пастырскае слова айца Сяргея Гайка на сьвята Пасхі Хрыстовай 2006 году


У пасхальнай радасьці Гопада

Вялебныя Айцыі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Узлюбленыя ў Госпадзе Браты і Сёстры!
Шаноўныя Сябры! 
Вечная Міласэрнасьць Госпада!
пар. Псалом 135
 1. “Прыйдзіце ўсе да радасьці Гаспадара нашага”!


“Прыйдзіце ўсе да радасьці Гаспадара нашага”! Гэтыя словы сьвятога Яна Залатавуснага Царква чытае кожны год на заканчэньне Пасхальнай Ютрані, у якой радаснымі сьпевамі выражана невычэрпная радасьць з перамогі Хрыста над злом і грахом:
“Прыйдзіце ўсе да радасьці Гаспадара нашага!
Тыя, што пасьцілі і тыя, што не пасьцілі, радуйцеся сёньня.
Стол багаты - усім хопіць з дастаткам”.
Праз сваю Пасхальную Перамогу Уваскрослы Госпад падрыхтаваў нам багаты стол сваёй Міласэрнасьці. Таму сьвяты Ян Залатавусны навучае нас:
“Ніхто хай ня плача аб сваіх правінах, бо прабачэньне зазьзяла з магілы.
Ніхто хай не баіцца сьмерці, бо сьмерць Збавіцеля вызваліла нас”.

Уваскрослы Хрыстос вызваліў нас ад граху, няверы, страху і адчаю. Ён прыносіць людзям свабоду, мір, радасьць, надзею і дар мужнасьці.
Напярэдадні Пасхі Хрыстовай – ў пятую нядзелю Вялікага Посту (паводле грыгарыянскага календара), дня 2 красавіка гэтага году выпалі першыя угодкі спачыну ў Богу Першаярарха Сусьветнай Царквы – Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ. Вялікі запавет жыцьця ды навучаньня Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ застаецца для нас, беларускіх католікаў візантыйскага абраду, каштоўным скарбам, які – разам з нашымі братамі лацінскага абраду – хочам глыбока асэнсаваць. Мы добра памятаем, што незадоўга перад сваёй сьмерцяй Яго Сьвятасьць Ян Павел II, на просьбу пра асаблівае блаславеньне для Беларусі, сказаў: “Будзьце мужнымі, - адвагі!
Як вядома, мужнасьць і адвага нараджаюцца з праўдзівай веры ў Бога, з даверу Ягонай Міласэрнасьці, якая ўзбуджае ў сэрцах любоў да бліжніх і міжлюдзкую салідарнасьць. Пасхальная вера ў Ісуса Хрыста – Збаўцу і Пераможцу, выкараняе ўсе слабасьці і чалавечыя страхі. Мы пачынаем разумець, што чалавек пакліканы, каб быць супрацоўнікам Магутнага і Міласэрнага Бога, які любіць нас і што той “хто пусьціць Хрыста ў сваё жыцьцё, нічога ня страціць з таго, што робіць чалавека свабодным, прыгожым і вялікім” (Бенядыкт XVI, Гамілія на інаўгурацыі пантыфікату, 24.04.05).
У радасным сьвяткаваньні пасхальнай перамогі Госпада мы сустракаем Ягоную Маці, Найсьвятую Багародзіцу. Падчас вялікоднай Боскай Літургіі сьпяваем “задастойнік”:
“Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая Дзева, радуйся!
І зноў кажу: Радуйся, бо Твой Сын уваскрос на трэці дзень з магілы
І мёртвых узняў з сабою. Людзі весяліцеся” (Вялікодны Задастойнік).
Таму ў радасны вялікодны час, які нясе мір і надзею ды ажыўляе любоў зьвяртаемя ў малітве да Багародзіцы:
“Усячыстая Багародзіца,
пакрый нашую Бацькаўшчыну Тваім сьвятым покрывам
і будзь нашай Апякункай і Заступніцай” (Малебен за беларускі народ).


2.Вечная Міласэрнасьць Яго” (Пс 135).

У вялікодны вечар Уваскрослы Хрыстос прывітаў апосталаў словамі: “Мір вам!” (Ян 20, 19). Гэтае прывітаньне вучні Хрыстовыя рупліва і верна запісалі для прышлых пакаленьняў на картах Сьвятога Пісаньня, дзе чытаем: “Мір вам усім, каторыя ў Хрысце Ісусе” (1 Пт 5, 14) “і каторых любіць Бог” (пар. Лк 2, 14).
Гэтае пасхальнае прывітаньне міру на працягу мінулых месяцаў накіраваў да нас, католікаў візантыйскай традыцыі ў Беларусі, няколькі разоў Апостальскі Нунцый Найдастойны Ўладыка Архібіскуп Марцін Відавіч. Мы вельмі ўдзячныя Яму за гэтае прывітаньне і духоўную падтрымку, якая дапамагае нам чэрпаць сілы з пасхальнай перамогі Хрыста Чалавекалюбца.
Удзячным сэрцам віншуем Яго Эксцэленцыю Уладыку Марціна са сьвятам Пасхі Хрыстовай.
Мір, радасьць, надзея і братэрская салідарнасьць – дары Міласэрнага Хрыста заахвочваюць нас, каб у гэты пасхальны час раз яшчэ паўтарыць, што у гэтым душпастырскім годзе “мы хочам умацаваць нашую малітву і нашыя высілкі на карысьць разьвіцьця культуры дыялогу і братэрскага супрацоўніцтва Цэркваў у Беларусі, дзеля агульнага дабра ўсіх грамадзянаў”.
Таму ў духу ўдзячнасьці Міласэрнаму Хрысту, які прыносіць нам дар міру, сардэчныя словы вялікодных віншаваньняў накіроўваем да нашых Братоў і Сёстраў праваслаўных і да хрысьціянаў іншых канфесіяў.
Сардэчныя прывітаньні са сьвятам Пасхі Хрыстовай накіроўваем да ўсіх нашых Сяброў і Дабрадзеяў, да ўсіх людзей добрага сумленьня і добрай волі.
Шчыра віншуем са сьвятам Пасхі Хрыстовай нашых братоў і сёстраў католікаў лацінскага абраду: дастойных ерархаў, сьвятароў, манахаў і манахінь ды ўсіх вернікаў.
Словы пасхальных віншаваньняў накіроўваем да ўсіх католікаў візантыйскай традыцыі ў Беларусі, што жывуць па-за душпастырскімі структурамі нашае Царквы і часта ня маюць нават дзе сустрэцца на спольную малітву. Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры, да вас асабліва накіроўваю словы Сьвятога Айца Бенядыкта XVI “Няхай Уваскрослы Хрыстос напоўніць сэрца кожнага з вас сваёй любоўю, каб вы былі гатовыя з энтузіязмам пайсьці за Ім” (Агульная аўдыенцыя, 27.04.2005).
Сьвяткуючы пасхальную перамогу Хрыста хочам паўтарыць словы малітвы:
“Божа, Ойча Міласэрны,
дазволь усім жыхарам Беларусі зьведаць Тваю Міласэрнасьць,
каб у Табе, Трыадзіны Божа, заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі”.
(Даручэньне Беларусі Божай Міласэрнасьці).

Прароцкае слова Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ: “У асяроддзі вашай працы і жыцьця станьце адважнымі апосталамі Божае Міласэрнасьці” (Слова перад малітвай Angelus,11.04.1999), няхай будуць выразам найлепшых віншаваньняў, якія у гэты вялікодны перыяд накіроўваем да ўсіх беларускіх грэка-католікаў: сьвятароў і вернікаў, у Айчыне і па-за яе межамі. “Мір вам усім, каторыя ў Хрысце Ісусе” (1 Пт 5, 14) “і каторых любіць Бог” (пар. Лк 2, 14).

З вялікодным прывітаньнем:Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос!

Менск, Пасха Хрыстова 2006 году.
+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі







All the contents on this site are copyrighted ©.