2006-03-27 11:54:04

Старонкi з Кампендiума сацыяльнай навукi Каталiцкай Царквы.


37 Кнiга Быцця прапануе нам некаторыя асновы хрысцiянскай антрапалогii: гэта неадрыўная годнасць чалавечай асобы, укарэненая ў творчай задуме Бога i Iм гарантаваная; сацыяльнасць, што неадрыўна належыць чалавеку, ператвораная першаснымi адносiнамi памiж мужчынай i жанчынай, чый “саюз стаўся першай формай агульнасцi чалавечых асобаў”; значэнне чалавечага дзеяння ў свеце, злучанае з адкрыццём i выкананнем натуральнага закона, замацаванага Богам у створаным сусвеце, каб чалавецтва iснавала ў iм i захоўвала яго ў адпаведнасцi з Божым планам. Падобнае бачанне чалавечай асобы, грамадства i гiсторыi ўкарэнена ў Богу i выяўляецца праз здзяйсненне Яго збаўчай задумы.
б) Хрысцiянскае збаўленне: для ўсiх людзей i кожнага чалавека.
38 Збаўленне, па iнiцыятыве Бога Айца дадзенае нам у Езусе Хрысце, актуалiзуецца i распаўсюджваецца дзеяннем Святога Духа – гэта збаўленне ўсiх людзей i ўсяго чалавека: агульнае i цэласнае збаўленне. Яно закранае чалавечую асобу ва ўсiх вымярэннях: iндывiдуальным i сацыяльным, духоўным i цялесным, гiстарычным i транстэндэнтным.
Збаўленне пачынае рэалiзавацца ўжо ў гiсторыi, таму што створанае ёсць добрым i пажаданым Богам i таму што Сын Божы зрабiўся адным з нас. Аднак завершыцца збаўленне ў будучым, якое падрыхтаваў нам Бог: тады мы будзем паклiканы, разам з усiм стварэннем (пар. Рым 8), удзельнiчаць у Хрыстовым уваскрасеннi i падзяляць вечнае жыццё з Айцом у радасцi Святога Духа. У гэтай перспектыве ясна бачна, што шмат якiя зямныя канцэпцыi сэнса гiсторыi i прэтэнзii чалавека на самазбаўленне – гэта памылка i падман.
39 Збаўленне, якое Бог прапануе Сваiм дзецям, патрабуе ад iх свабоднага адказа i прыняцця. У гэтым палягае вера, праз якую “чалавек свабодна i агулам перадае сябе Богу”, адказваючы на пачатковую i бясконцую любоў Бога (пар. 1 Ян 4, 10) канкрэтнай любоўю да братоў i цвёрдай надзеяй, “бо верны Той, што Абяцаў” (Гебр 10, 23). Бо боскi план збаўлення не надае чалавеку стан чыстай пасiўнасцi цi прынiжанасцi перад Творцай, бо адносiны з Айцом, якiя дэманструе нам i ў якiя свабодна ўводзiць нас Езус Хрыстус дзеяннем Святога Духа, - гэта сыноўнiя адносiны: тыя самыя, у якiх Езус знаходзiцца з Айцом (пар. Ян 15-17; Гал 4, 6-7).
40 Усеагульнасць i цэласнасць збаўлення, прапанаванага нам у Езусе Хрысце, робяць непарыўнай сувязь памiж адносiнамi, у якiя чалавек заклiканы ўступiць з Богам, i адказнасцю перад блiзкiм у канкрэтных гiстарычных сiтуацыях. Здагадка аб гэтым, няхай няпэўная i не пазбаўленая памылак, палягае ў аснове агульначалавечых пошукаў праўды i сэнсу. Але ў Запавеце Бога з Iзраiлям гэта непарыўнасць робiцца краевугольным камнем, аб чым сведчаць таблiцы Закона i прарочае казанне.
Гэтую сувязь ясна i дасканала выказвае навука Езуса Хрыста i канчаткова сцвярджае найвышейшае сведчанне – дар Яго жыцця, у паслушэнстве волi Айца i з за любовi да братоў. Кнiжнiку, якi пытаецца: “Якое першае з усiх прыказанняў)” (Марк 12, 28) – Езус адказвае: “Першае з усiх прыказанняў: слухай, Iзраiль! Пан Бог наш ёсць Панам адзiным; i палюбi Пана Бога твайго ўсiм сэрцам тваiм, i ўсёй душой тваёй, i ўсiм разуменнем тваiм, i ўсiм целам тваiм, - вось першае прыказанне! Другое падобнае яму: палюбi блiжняга твайго, як самаго сябе. Iншага большага гэтых прыказанняў няма” (Марк 12, 29-31).
У сэрцы чалавечай асобы неадрыўна пераплеценыя адносiны з Богам, Якога мы прызнаем Творцай i Айцом, крынiцай i вершыняй жыцця i збаўлення, i адкрытасць для канкрэтнай любовi да чалавека, да якога належыць ставiцца як да ўласнага другога “я”, нават калi гэта вораг (пар. Мт 5, 43-44). Ва ўнутраным свеце чалавека ўкарэнена, у рэшце рэштаў, iмкненне да справядлiвасцi i салiдарнасцi, да пабудовы сацыяльнага, эканамiчнага i палiтычнага жыцця ў адпаведнасцi з задумай Божай.
в) Вучань Хрыстовы як новае стварэнне.
41 На iндывiдуальнае i грамадскае жыццё, таксама як i на чалавечае дзеянне ў свеце, заўсёды пасягае грэх, але Езус Хрыстус, “пакутуючы за нас… не толькi падае нам прыклад, каб мы пайшлi па ягонаму следу, але i праклаў нам шлях: калi мы будзем крочыць па гэтаму шляху, жыццё i смерць будуць асвячанымi i набудуць новы сэнс”. Вучань Хрыста далучаецца да веры i праз таямнiцы i да пасхальнай таямнiцы Езуса, такiм чынам, што ягоная асоба, са сваiмi дрэннымi схiльнасцямi, апыняецца ўкрыжаванай з Хрыстом. Тады ён як новае стварэнне па Божай ласцы робiцца здольным “крочыць у адноўленым жыццi” (Рым 6, 4). Хаця ж, гэта сцверджанне “застаецца дзейсным не толькi для верных Хрысту, але i для ўсiх людзей добрай волi, у сэрцах якiх небачным чынам дзейнiчае Божая ласка. Бо Хрыстус памёр за ўсiх i такiм чынам, як найвышейшае паклiканне чалавека ў сапраўднасцi адно, значыць Божае, мы павiнны цвёрда верыць, што Святы Дух дае нам усiм магчымасць далучыцца да гэтай пасхальнай таямнiцы вядомым Богу чынам”.
42 Унутранае пераўтварэнне чалавека, яго паступовае ўпадабенства Езусу – iстотная прадумова сапраўднага аднаўлення ягоных адносiнаў з iншымi людзьмi: “Таму трэба звярнуцца да духоўных i маральных здольнасцей асобы i да трывалай патрэбы ўнутранага навярнення, дзеля таго каб дабiцца сапраўдных зменаў сацыяльнага тыпу, якiя сапраўды служылi б асобе. Прызнаны прыарытэт навярнення сэрца нiякiм чынам не аддаляе, а наадварот, сцвярджае абавязак аздараўлення iнстытутаў i ўмоў жыцця, калi яны вядуць да граха, дзеля таго, каб яны адпавядалi нормам справядлiвасцi i служылi дабру, а не перашкаджалi яму”.







All the contents on this site are copyrighted ©.